Гашак Яраслаў
Шрифт:
— Цяпер, — сказаў вольнапісаны, — на вайсковай службе ўжо ніхто ня верыць у спадчыннае вар‘яцтва, a то давялося-б усе генэральныя штабы заперці ў вар‘яцкі дом.
За жалезнымі дзьвярыма пачулася шчоўканьне ключа, і ў камеру ўвайшоў профос:
— Пехацінец Швэйк і сапёр Вадзічка — да пана аўдытора.
Усталі. Вадзічка зьвярнуўся да Швэйка:
— Вось, шэльмы, кожны дзень допыт, а толку ніякага! Ужо лепш-бы — халеры на іх! — засудзілі нас і не прыставалі-б да нас кожны божы дзень. Валяемся тут без работы цэлыя дні, а наўкол цябе бегае гэтулькі мадзьярскай шантрапы…
Ідучы на допыт у канцылярыю дывізійнага суду, якая знаходзілася ў процілеглым баку ў другіх казармах, сапёр Вадзічка і Швэйк гаварылі пра тое, калі-ж іх нарэшце будуць судзіць па-сапраўднаму.
— Усё толькі допыт да допыт, — злаваўся Вадзічка, — хоць-бы карысьць якая з гэтага была. Псуюць толькі чорт што паперы, а тут згніеш за кратамі, а сапраўднага суду і ў вочы ня ўбачыш. Ну, скажы па праўдзе, ці можна-ж іхнюю зацірку жраць? А іхнюю капусту з мерзлаю бульбаю? Чэрці яго няхай возьмуць, такой ідыёцкай сусьветнай вайны я ніколі яшчэ ня бачыў. Я думаў, што ўсё гэта будзе зусім іначай.
— А я здаволены, — сказаў Швэйк, — яшчэ некалькі гадоў таму назад, — калі я служыў на тэрміновай службе, — наш фэльдфэбель Сампэра казаў нам: «На вайсковай службе кожны павінен ведаць свае абавязкі!» — і, бывала, так табе пры гэтым заедзе па мордзе, што доўга будзеш памятаць! Ці нябожчык обэр-лейтэнант Квайзэр, бывала, калі прыдзе аглядаць стрэльбы, дык заўсёды прачытае нам лекцыю пра тое, што салдат не павінен даваць волю пачуцьцям: салдаты толькі жывёла, дзяржава іх корміць, поіць каваю, дае ім тытунь у люльку, — і за гэта яны павінны цягнуць ярмо, як валы.
Сапёр Вадзічка задумаўся і праз хвіліну сказаў:
— Калі прыдзеш, Швэйк, да аўдытара, дык ты не залжыся, а паўтарай тое, што казаў на прошлым допыце, каб мне не папасьціся. Галоўнае, што ты бачыў, як на мяне напалі гэтыя мадзьяры. Бо — што ты ні кажы — мы ўсё гэта рабілі з табою разам.
— Ня бойся, Вадзічка, — супакойваў яго Швэйк. Галоўнае будзь спакойны, не хвалюйся. Што тут такое стаць перад якімсьці там дывізійным судом! Ты б паглядзеў, як у ранейшыя гады такі вайсковы суд рабіў. Служыў у нас на тэрміновай настаўнік Гераль, дык той, калі ўсяму нашаму разьдзелу за кару было забаронена адлучацца ў горад, лежачы на ложку, расказваў, што ў Праскім музэі ёсьць кніга пратаколаў вайсковага суду пры Марыі-Тэрэзіі. Дык там напісана, што тагды ў кожным палку быў свой кат, які караў сьмерцю салдат ад штукі, — адзін тэрэзіякскі талер за галаву. Такі кат, як напісана ў тых пратаколах, у нёкаторыя дні зарабляў па пяць талераў.
— Вядома, — дадаў Швэйк паважна, — тагды палкі былі большыя і ўвесь час іх папаўнялі з вёсак.
— Калі я быў у Сэрбіі, — сказаў Вадзічка, — дык у нашай брыгадзе вешаў чужакоў за папяросы любы, хто падахвоціцца: калі павесіць мужчыну — даюць дзесятак папярос «Спорт», жанчыну ці дзіця — пяць. Потым інтэнданцтва пачало экономіць, і сталі расстрэльваць гуртам. Са мною служыў цыган адзін, пра яго мы доўга ня ведалі, што ён гэтым займаецца. Дзівіліся мы толькі, што яго заўсёды нанач клічуць у канцылярыю. Стаялі мы тагды на Дрыне, і вось раз уночы, калі ён пашоў, нехта ўздумаў папароцца ў яго рэчах, а ў гэтага хама ў рэчавым мяшку — цэлыя тры скрынкі папярос «Спорт» па сто штук у кожнай. Пад раніцу ён вярнуўся ў нашу адрыну, і мы з ім хутка расправіліся: павалілі мы яго, а Балёўн душыў яго папругаю. Жывучы быў, як кошка. — Стары сапёр Вадзічка сплюнуў. — He ўдавалася нам яго задушыць — дый годзе! Ужо ён абрабіўся, вочы ў яго вылезьлі, а ўсё яшчэ быў жывы, як недарэзаны певень. Тагды мы сталі разьдзіраць яго, як кошку: два за галаву, два за ногі, і так перакруцілі яму шыю. Потым надзелі мы на яго рэчавы мяшок з папяросамі і кінулі яго, дзе глыбей, у Дрыну. Хто-ж будзе курыць такія папяросы?! А раніцою сталі яго шукаць…
— Вам варта было адрапартаваць, што ён уцёк, — аўторытэтна дадаў Швэйк, — што ён ужо даўнода гэтага рыхтаваўся: кожны дзень гаварыў, што зьбяжыць.
— Ці варта было нам яшчэ пра гэта думаць, — адказаў Вадзічка. — Мы сваю справу зрабілі, а пра іншае мы не клапаціліся. Там гэта было проста: кожны дзень хто-небудзь прападаў, а ўжо з Дрыны ня вылоўлівалі. Згодна плылі там па Дрыне ў Дунай распухлы чужак з нашым абязьвечаным запасьніком. Няпрывычныя, калі гэта першы раз убачаць, дык дрыжаць, нібы іх трасца трасе.
— Ім варта даць хіны, — сказаў Швэйк.
Гэтак гаворачы, яны ўвайшлі ў барак, дзе зьмяшчаўся дывізійны суд, і канвойныя іх зараз-жа завялі ў канцылярыю № 8, дзе за доўгім сталом, укрытым сьціртаю паперы, сядзеў аўдытор Рулер.
Перад ім ляжаў том Збору законаў, на якім стаяла недапітая шклянка гарбаты. З правага боку стаяў крыж з тандэтнай сланёвай косьці і запыленым хрыстом, які безнадзейна глядзеў на падстаўку свайго крыжа, на якой ляжаў попел і акуркі. Аўдытор Рулер аднэю рукой пастукваў новаю папяросаю па падстаўцы крыжа, на новыя пакуты ўкрыжаванага бога, а другою аддзіраў шклянку з гарбатаю, якая прыклеілася да Збору законаў. Ададраўшы шклянку, ён далей гартаў кнігу, узятую ў афіцэрскім сабраньні. Гэта была кніга Фр. С. Краўзэ з многазначным загалоўкам: «Forschungen zur Entwicklungsgeschichte der geschlechtlichen Moral [86] .
86
Досьледы разьвіцця палавой моралі.
Аўдытор захапіўся разглядваньнем рэпродукцый з наіўных малюнкаў мужчынскага і жаночага родавага прыладзьдзя з адпаведнымі вершамі, якія знашоў вучоны Фр. С. Краўзэ ў прыбіральнях бэрлінскага заходняга вакзалу, і не заўважыў, як увайшлі Вадзічка і Швэйк.
Ён адарваўся ад рэпродукцый толькі пасьля таго, як Вадзічка закашляў.
— Was geht los? [87] — запытаўся ён, перагортваючы дален і шукаючы новых прымітыўных малюнкаў і замалёвак.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — адказаў Швэйк, — колега Вадзічка прастудзіўся і кашляе.
87
У чым справа?