Гашак Яраслаў
Шрифт:
Паручнік Лукаш саромліва закашляў.
— Пан паручнік — зьвярнуўся да яго інтымна палкоўнік: — палажыўшы руку на сэрца, колькі разоў вы спалі з паняй Каконь?
Палкоўнік Шрэдзр быў сягодня ў вельмі добрым настроі.
— He расказвайце, пан паручнік, што вы яшчэ толькі пачалі з ёй перапісвацца. У вашы гады я, калі быў на трохтыднёвых топографічных курсах у Ягеры, усе гэтыя тры тыдні нічога іншага не рабіў, як толькі спаў з вэнгеркамі. Кожны дзень з другой: з маладымі, незамужнімі, з панямі больш соліднага ўзросту, замужкамі, якія толькі трапляліся. Працаваў так добрасумленна, што, калі вярнуўся ў полк, ледзь нагі валачыў. Больш за ўсіх спляжыла мяне жонка аднаго адваката. Яна мне паказала, да чаго здольны вэнгеркі. Укусіла мяне пры гэтым за нос і за ўсю ноч ня дала мне вачэй заплюшчыць… „Пачалі перапісвацца“. — Інтымна паляпаў палкоўнік па плячы паручніка, — ведаем мы гэта! He кажэце, я ўсё сам ведаю. Закруціліся вы з ёю, яе муж дазнаўся пра гэта, а тут ваш дурніца Швэйк… Ведаеце, пан паручнік, ваш Швэйк усё-такі хлопец верны. Здорава ён гэта з вашым лістом зрабіў. Такога чалавека, па праўдзе кажучы, шкода. Вось гэта называецца дысцыпліна! Гэтым хлопец мне падабаецца. Ну, вядома, з прычыны ўсяго гэтага сьледзтва павінна быць спынена. Вас, пан паручнік, скомпромэтаваў друк. Вам тут заставацца нельга. На гэтым тыдні маршавы батальён будзе адпраўлен на рускі фронт. Вы зьяўляецеся старшым афіцэраму 11-й роце. Гэта рота адправіцца пад вашай камандай. У брыгадзе ўжо ўсё падрыхтавана. Скажэце старшаму пісару, няхай вам знойдзе якога-небудзь іншага дзяншчыка замест Швэйка. — Паручнік Лукаш удзячна паглядзеў на палкоўніка, які гаварыў далей: — Швэйка я прыкамандыроўваю да вас у якасьці ордынарца. — Палкоўнік устаў і, падаючы зьбялеламу паручніку руку, сказаў: — Гэтым ўся ваша справа ліквідуецца. Шчасьліва вам ваяваць, каб на ўсходнім фронце выслужыцца. Калі яшчэ калі-небудзь убачымся, заходзьце да нас, ня ўхіляйцеся ад нас, як у Будэйовіцах…
Ідучы дадому, паручнік Лукаш паўтараў сам сабе:
„Ротны камандзір, ротны ордынарэц“. У ваччу яго стаяла постаць Швэйка.
Ротны пісар Ванэк, калі паручнік Лукаш загадаў яму знайсьці на места Швэйка якога-небудзь новага дзяншчыка, сказаў:
— А я думаў, што вы, пан обэр-лейтэнант, здаволены Швэйкам, — і пачуўшы, што палкоўнік назначыў Швэйка ордынарцам у адзінаццатую роту, — ускрыкнуў: — Божа нас барані!
У арыштанскім бараку пры дывізыйным судзе вокны былі з жалезнымі кратамі. Уставалі там паводле інструкцыі ў 7 гадзін раніцы і пачыналі прыбіраць сяньнікі, якія валяліся проста на бруднай падлозе; нар ня было. У адгарожаным кратамі кутку доўгага калідора складвалі, паводле інструкцыі, коўдры. Тыя, хто канчаў прыбіраць, сядзелі на лаўках уздоўж сьцяны і альбо шукалі вошай (тыя, што прышлі з фронту), альбо караталі час апавяданьнямі пра розныя прыгоды. Швэйк разам з старым сапёрам Вадзічкай і яшчэ з некалькімі салдатамі розных палкоў і рознай зброі сядзелі на лаўцы ля дзьвярэй.
— Паглядзіце, хлопцы, — сказаў Вадзічка, — на таго вэнгерскага малойчыка, там каля вакна, як ён, сукін сын, моліцца, каб у яго ўсё ішло добра. Ну, хіба не сьвярбяць у вас рукі расквасіць яму храпу?
— За што? Ён добры хлопец, — сказаў Швэйк. — Ён папаў сюды за тое, што не захацеў зьявіцца на прызыў. Ён супроць вайны. Сэктант нейкі, а яго заперлі за тое, што ён ня хоча нікога забіваць і моцна трымаецца за боскую запаведзь. Ну ды яны яму гэтую боскую запаведзь пакажуць. Перад вайною жыў у Моравіі адзін па прозьвішчу Нэмрава. Дык той, калі яго забралі, адмовіўся нават узяць на плячо стрэльбу: гэта, бачыце супроць яго пераконаньняў насіць стрэльбу. Ну, замучылі яго ў турме ледзь не да сьмерці, ну, а потым зноў павялі, да прысягі. А ён не, бачыце, прысягаць ня будзе, бо гэта супроць яго пераконаньняў. I паставіў такі на сваім.
— Вось дурань, — сказаў сапёр Вадзічка, яму трэба было прысягнуць, а потым на ўсё гэта напляваць. I на прысягу таксама.
— Я ўжо тры разы прысягаў, — абазваўся адзін пехацінец, і вось ужо трэці раз сяджу за дэзэртырства. Каб у мяне ня было мэдычнага пасьведчаньня, што я пятнаццаць гадоў таму назад, звар‘яцеўшы, ухаўтурыў сваю цётку, мяне-б ужо разоў са тры расстралялі на фронце. А цяпер пакойніца цётухна заўсёды выцягвае мяне з бяды, і нарэшце я, можа, з гэтай вайны, выйду цэлым і здаровым.
— А на якое ліха ты, таварыш, — адгукнуўся Швэйк, — ухаўтурыў сваю цётухну?
— На што-ж людзі забіваюць, — адказаў добры хлопец — кожнаму вядома: праз грошы. У гэта старо было пяць ашчадных кніжак, і якраз ёй прыслалі процанты, калі я да яе, абадраны і абшарпаны, у госьці прышоў. Апрача яе ў мяне на белым сьвеце ня было ніякай радні. Дык я прышоў у яе папрасіць, каб яна паклапацілася аба мне, а яна — падла старая! „ідзі працуй, такі малады, дужы ды здаровы хлопец“. Ну, слова за слова, я яе некалькі разоў стукнуў качаргою па галаве і так упрыгожыў яе аблічча, што ўжо сам ня мог пазнаць: цётка гэта ці ня цётка. Сяджу я там у яе на падлозе і ўсё сам у сябе пытаюся: „Цётка гэта ці ня цётка?“ Мяне ў такім стане і знашлі назаўтра там яе суседзі. Потым папаў я ў вар‘яцкі дом на Слупох, а потым, калі нас перад вайною прызвалі ў Богніцы на камісію, прызналі мяне вылечаным і я павінен быў ісьці даслужваць вайсковую службу за тыя гады, што правалаводзіўся.
Паўз іх прайшоў туды падгалісты змучаны чалавек з венікам.
— Гэта настаўнік з апошняй маршавай роты — паказаў на яго егер, што сядзеў каля Швэйка. — Ідзе падмятаць. Вельмі сумленны чалавек. Сюды папаў за вершык, які сам злажыў.
— Гэй, ты, настаўнікі Ідзі сюды, — паклікаў ён салдата з венікам.
Той з сур‘ёзным выглядам падышоў да лаўкі.
— Раскажэце нам пра вошы.
Салдат з венікам адкашляўся і пачаў:
У вошах фронт. Разьюшана скрабецца To ніжні чын, то ротны камандзір. Сам генэрал, як леў з вашыма б‘ецца, Раз-по-разу скідае свой мундзір. Кватэра ў арміі дарэмная для вошак, На ўнтэроў ім тройчы напляваць. Вашан аўстрыйскі, кладучы на ложак Вош прускую гатоў зацалаваць.Змучаны салдат з настаўнікаў сеў на лаўцы і ўздыхнуў.
— Вось і ўсё. I праз гэта я ўжо чатыры разы быў на допыце ў пана аўдытора.
— Па праўдзе кажучы, пра гэта нават гаварыць ня варта, — паважна сказаў Швэйк. — Уся справа ў тым, каго яны там на судзе будуць лічыць аўстрыйскім вашаном. Добра, што вы дадалі там наконт ложка. Гэтым вы так іх заблытаеце, што яны зусім здурнеюць. Вы толькі ім абавязкова растлумачце, што вашан — гэта самец ад вошы, і што на саміцу-вош можа лезьці толькі самец — вашан. Іначай, з усяе гэтай справы ня выберацеся. Напісалі, вы гэта, вядома, не для таго, каб з каго-небудзь пакпіць, — гэта ясна. Пану аўдытору скажэце, што пісалі вы гэта для свайго разгарненьня і што як сьвіны самец называецца кныром, так усюды вашынага самца завуць вашаном.
Настаўнік цяжка ўздыхнуў.
— Што я магу зрабіць, калі гэты самы пан аўдытор ня ведае, як належыць, чэскай мовы. Я ўжо яму гэта тлумачыў прыблізна так, але ён на мяне напаў. „Самец вашыны па-чэску завецца — вожак, зусім не вашан“, — сказаў мне пан аўдытор. Жаночы род — эх вы, а яшчэ адукаваным лічыцеся! — будзе ён вож, дык мужчынскі род будзе яна важак. Ведаем мы вас!»
— Карацей кажучы, — сказаў Швэйк, — ваша справа дрэнь, але траціць надзеі ня варта, як казаў цыган Янэчак у Пільзьне, калі ў 1879 годзе яго за забойства двух чалавек з мэтай грабежніцтва прысудзілі на шыбеніцу; усё можа павярнуцца ў лепшы бок. I ўгадаў. Яго ў апошнюю хвіліну адвялі ад шыбеніцы. Справа ў тым, што яго нельга было павесіць, бо той дзень, у які ён павінен быў вісець, быў днём нараджэньня гасудара імпэратара. Тады яго павесілі на другі дзень пасьля дня нараджэньня імпэратара. Гэтаму хлопцу прываліла яшчэ больш шчасьце. На трэці дзень ён быў памілаваны, і прышлося аднавіць яго судовы процэс, бо ўсе доказы гаварылі за тое, што ўсё гэта зрабіў другі Янэчак. Ну, дык яго прышлося выкапаць з магілы на арыштанскіх могілках і рэабілітаваць на пільзенскіх каталіцкіх могілках. А потым толькі высьветлілася, што ён эвангеліцкага веравызнаньня, дык яго пералезьлі на эвангеліцкія могілкі, а потым…