Вход/Регистрация
Сачыненне на вольную тэму: Вучэб. дапаможнік
вернуться

Верціхоўская Марыя

Шрифт:

Толькі праца і справа ставяць жыццё на трывалы маральны падмурак. Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры сцвярджаюць закон вечнасці: жыццё без працы не можа быць сумленным і рана ці позна стане злачынным. I тады праблематычным стане жыццё наогул. Добрыя кнігі пра справу, працу — гэта кнігі пра галоўнае ў нашым жыцці.

«Настаўнік — соль зямлі» (Сымон Будны)

У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў.

В.Быкаў.

Нішто так не палоніць людзей, як прыгажосць; нішто так не пераконвае, як праўда; і нішто так не ўздзейнічае, як прыклад.

Сцвярджаць, што, «калі хто не хоча працаваць, той і не еш», можна толькі працуючы і падаючы прыклад іншым. Апостал Павел у Пасланні да Фесалонікійцаў патлумачыў, чаму ён (будучы чалавекам багатым, які зведаў нават раскошу) і іншыя апосталы, усюды, дзе звеставалі і прапаведавалі, «ні ў кога не елі хлеба дарам, але шчыравалі і працавалі ноч і дзень» і не хацелі абцяжарваць сабой іншых. Ён пісаў: «Не таму, што не мелі ўлады, але каб сябе саміх даць вам у прыклад для пераймання». Толькі пры такой умове, даводзіў апостал Павел, можна перадаць людзям не толькі звеставанне Божае, але і душы.

Настаўнік — той, хто, настаўляючы людзей на дабро, перадае ім сваю душу, узбагачае сваім духоўным вопытам і адначасова валадарыць іх душамі. Можна бясконца пералічваць усе добрыя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны Настаўнік, а можна ўсё пералічанае вызначыць толькі адным — прыкладам, якім ён павінен быць для тых, каго настаўляе.

Коласаўскі настаўнік, які і па сённяшні дзень з'яўляецца ўзорам для сваіх калег, быў ва ўсім прыкладам і для сваіх вучняў, і для людзей, сярод якіх жыў. Ён не заклікаў вучняў любіць прыроду — сам саджаў з імі дрэўцы. Ён не гаварыў людзям быць міласэрнымі і літасцівымі да бліжніх — сам не раз здзіўляў людзей сваёй міласэрнасцю. Ен не абураўся непарадкам, а наводзіў парадак, не шукаючы, як іншыя, апраўдання бязладдзю. Ён шчыраваў так, як нямногія шчыравалі на духоўнай ніве.

Гімнам Настаўніку з'яўляецца і аповесць В. Быкава «Абеліск». Больш эстэтычных, больш прывабных вобразаў настаўнікаў, чым коласаўскі Лабановіч і быкаўскі Мароз, бадай, у нашай літаратуры няма. Сіла ўздзеяння гэтых вобразаў на чытача тлумачыцца менавіта пісьменніцкім усведамленнем вызначальнай для асобы Настаўніка ролі прыкладу. I Мароз не скардзіўся, як іншыя, на абставіны, а ўплываў на іх. Разам з вучнямі пілаваў дровы — і ў школе зімой заўсёды было цёпла. Даваў прытулак скалечаным жывёлам, якіх падбіралі дзеці, — так у школе з'явіўся жывы куток. Не хапала кніг — у вадзе па пояс перанёс закінутую ў панскім маёнтку бібліятэку і па ўласнай праграме далучаў дзяцей да сусветных скарбаў. З прыходам немцаў працягваў вучыць дзяцей, добра ўсведамляючы, што калі не ён, то іншыя завалодаюць іх душамі і скарыстаюць так, як ім будзе патрэбна. Мароз застаўся да канца верным свайму галоўнаму настаўніцкаму прынцыпу — быць прыкладам для людзей. Апошнім сваім учынкам, які аднымі ўсведамляецца як подзвіг, а другімі як бессэнсоўная недарэчнасць, Мароз здолеў умацаваць веру ў душах людзей, бо душа без веры мёртвая.

Галгофа быкаўскага героя сцвярджае сілу духоўнага, якое нельга ні пералічыць, ні ўзважыць, ні вымераць, але якое вызначае і забяспечвае вечнасць і неўміручасць.

Міжволі прыгадваецца гісторыя жыцця і трагічнай гібелі выдатнага польскага педагога і пісьменніка Януша Корчака, аўтара кніг «Кароль Мацюсь Першы» і «Як любіць дзяцей». У 1911 г. Януш Корчак стварыў у Варшаве «Дом сірот» новага тыпу на сродкі багатых філантропаў, арганізаваў таксама інтэрнат «Наш дом». У гады акупацыі Польшчы фашысцкай Германіяй гэтаксама, як і быкаўскі герой, працягваў вучыць і выхоўваць дзяцей. Януш Корчак гераічна змагаўся за жыццё дзяцей у варшаўскім гета. За антыфашысцкую дзейнасць быў кінуты ў канцлагер Трэблінка, дзе і загінуў з двумастамі сваімі выхаванцамі. ГІольскі гуманіст зрабіў апошні ў сваім жыцці выбар. Адзін з гестапаўцаў пазнаў у вязню свайго любімага пісьменніка і вырашыў выратаваць яго, рызыкуючы пры гэтым, безумоўна, уласным жыццём. «А яны?» — спытаўся Януш Корчак, паказваючы на сваіх выхаванцаў. «Яны павінны будуць ісці ў камеру». — «Тады я пайду разам з імі». I дзверы газавай камеры зачыніліся за імі…

Пісьменніцкае ўсведамленне ролі духоўнага і ролі настаўніка ў грамадстве выяўляецца і праз вобраз Мароза, і праз маналогі Ткачука. У адным з іх гучыць афарыстычнае вызначэнне ролі настаўніка: «У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў».

Рупарам пісьменніцкай трывогі за становішча настаўніка і яго статус у сучасным грамадстве з'яўляецца вобраз Ткачука. Нельга не пагадзіцца з Ткачуком, што прафесія настаўніка страціла сваю былую прывабнасць для тых, хто вырашае, кім яму быць: «Калі рос, бывала, харошы хлопчык, добра вучыўся — што пра яго казалі дарослыя? Вырасце — настаўнікам будзе! I гэта была найлепшая пахвала. Не ўсім вартым, вядома, удавалася дабіцца настаўніцкага лесу, але да гэтага імкнуліся. Гэта была мяжа жыццёвае мары…»

Прывабнасць настаўніцкай прафесіі, ці, як сёння кажуць, прэстыжнасць, не заўсёды была барометрам матэрыяльнага дабрабыту грамадства, але духоўнага яго стану — абавязкова. «I… не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве», — пісаў В. Быкаў у аповесці «Абеліск».

Праца сейбітаў разумнага, добрага, вечнага самая важная і неабходная і сёння, бо чалавеку, «каб выбраць лепшую з дарог, патрэбна мудрасць працы, нашых сэрцаў; патрэбны маці, бацька, педагог…». З такой высновай лірычнага героя верша П. Панчанкі «Ратуйце нашы душы!» нельга не пагадзіцца.

Шчаслівы чалавек, на шляху якога сустрэўся сапраўдны Настаўнік. Такі, да прыкладу, як дзядзька Антось. У нашай літаратуры няшмат вобразаў, у якіх бы з такой пераканальнасцю і мастацкай сілай быў увасоблены дар педагога, як гэта ўвасоблена ў вобразе дзядзькі Антося. Лёс яго склаўся так, што ён, адналюб па сваёй прыродзе (каханая Наста, не дачакаўшыся Антося са сплаву, «яго змяніла на другога»), бескарысліва адцаў свае сілы сям'і брата, яго дзецям, іх выхаванню і клопатам аб дабрабыце. За яго дабрыню і любоў усе ў сям'і плацілі яму таксама любоўю:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: