Шрифт:
Яны патэлефанавалі і сказалі, што гатовыя сустрэцца. Віктар папярэдзіў жонку, што можа быць усякае. Яна села і бязгучна заплакала. Ён надзеў прынесеную некалі вельмі-вельмі даўно са службы бронекамізэльку, жонка выцерла вочы і спыталася, ці трэба нечым дапамагчы.
— Буду ваяваць.
Стрэлку забілі ў «Бoлце». Ён пад'ехаў на паўгадзіны раней, зайшоў у суседні будынак бібліятэкі, падняўся на апошні паверх, дастаў бінокль і агледзеўся. Aдна машына зь дзьвюма гарыламі ўжо на стаянцы. Віктар зірнуў на торбу, там ляжалі докі. Пад'ехала срэбная «паджэра», зь яе выскачыў перамоўнік, увайшоў у бар, адразу ж выбег і пачаў азірацца. Зараз жа зазваніў тэлефон.
— У заторы стаю, — адказаў Віктар. — Яшчэ хвілін трыццаць.
Перамоўнік вярнуўся да машыны і пачаў пра нешта гаварыць з кіроўцам, зрэдку нецярпліва паглядаючы на гадзіньнік. Віктар дастаў з унутранай кішэні пінжака востра заточаную адвёртку з масіўным тронкам і спрытна пакруціў яе пальцамі. Яшчэ раз зірнуў у бінокль, некалькі разоў гучна ўздыхнуў, сунуў адвёртку ў кішэню пінжака і пайшоў уніз.
Побач каля плота валялася бляшанка з рэшткамі засохлай чорнай фарбы. Віктар падчапіў бляшанку. Яна прыліпла да наска чаравіка. Блін! Ён пару разоў трасянуў нагой.
— Значыць, вырашаем так, — сказаў ён, калі ўбачыў, што перамоўнік расплюшчыў вочы. — Твае прыносяць бабло, я аддаю докі, і мы адзін на аднаго ня крыўдзімся.
— Ой, бля… — перамоўнік трымаўся за макушку.
— Ясна? — яшчэ раз спытаўся Віктар. Ён сунуў перамоўніку ў руку тэлефон. Хлопец, усё яшчэ стогнучы, набраў нумар.
— Нясіце валізку, — запатрабаваў ён.
Нарэшце бляшанка адляпілася ад абутку і адкацілася ў траву.
— Зрабі мне выпіць, — Віктар перагнуўся праз стойку.
Бармэнка сядзела на падлозе. Даўгія каштанавыя валасы былі перахопленыя стужкай з выявай вінтоў.
— Я… у мяне… — у яе дрыжалі вусны. — Перапынак. На абед. Казёл.
Віктар паклаў гранату побач з кейсам на стойку:
— Што?
Бармэнка ўстала, схапіла ручнік і пачала нэрвова праціраць келіх.
— Можа, чаго іншага жадаеце? Нажы пакідаць кухонныя? Пастраляць з гарматы?
Келіх лопнуў. Яна кінула яго ў сьметніцу, скоса зірнула на гранату, узяла чарку і наліла дрыготкімі рукамі гарэлкі. Каля чаркі ўтварылася невялічкая лужынка.
Віктар не адказаў, выпіў залпам і жэстам папрасіў яшчэ.
Ён трымаў другую чарку ў руцэ. Бармэнка дастала глыбокую талерку і пачала азартна крышыць туды яркія фрукты. Зьняла з паліцы бутэльку, запячатаную сургучом, са зьмейкай усярэдзіне і чорнымі герогліфамі на этыкетцы, страсянула, перш чым адкаркаваць, выліла зьмесьціва ў талерку і падпаліла.
— Супчык, — яна зачарпнула вадкасьць вялікай лыжкай, наліла ў піялу і паставіла перад ім.
Смак быў прыемны, нядаўкі. Ён выцер вусны сурвэткай, пасьля ўсё закруцілася, бармэнка паплыла, зьявілася пустка і Слова.
Віктар паглядзеў на плот. Слова было зусім побач. Да яго можна было дакрануцца. Яно клікала, вабіла і разам з тым адштурхоўвала і палохала. Ён вагаўся, некалькі разоў азіраўся па баках. Урэшце наважыўся і вымавіў яго ўголас. Гучна і выразна.
— ХУЙ!
Машыны на шашы замерлі, паветра зрабілася шчыльным, шкляным, час заторгаўся і пайшоў зігзагамі. Ён апынуўся ў «Болце», зірнуў на бармэнку, якая церла шклянку, адсунуў піялу ўбок, так і не дакрануўшыся да яе, узяў кейс са стойкі і выйшаў з бару.
Самотны камар тонка і агідна зьвінеў. Ён заходзіў з тылу, сьпераду, пасьля нечакана зьнік. Гмурман супакоіўся, але раптам адчуў, што яго кусаюць, і ўдарыў па правай скроні. Адзін-нуль, усьміхнуўся стары. Калі ў вуху перастала зьвінець, ён расплюшчыў вочы і паглядзеў у вітрыну.
Ноч, кваканьне жабаў у сажалцы, міліцыянты з аўтаматамі, узламаныя дзьверы ў лямбард…
Колькі іх было? Двое? Трое?
Міця дыхаў брату ў самае вуха. Ігар некалькі разоў адсоўваўся, на нейкі час гэта дапамагала.
— Нічога, — Ігар дастаў з вушэй трубкі фанэндаскопа.
Сэйф аказаўся простым: ручка зь дзяленьнямі, проразь для ключа, бірка з інвэнтарным нумарам на бакавой сьценцы. Вельмі нагадваў канструкцыі зь фільмаў сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Мужчына з трыбушком у мехаватым гарнітуры з выразам вечнага страху перад рэвізіяй дрыготкімі рукамі дастае ключ з кішэні сьветлага пінжака. Вочы бегаюць, ён ніяк ня можа трапіць у замок, выцірае мокры лоб клятчастай насоўкай. Масіўныя дзьверцы адчыняюцца зь лёгкім рыпам. На паліцах — пячаткі на падушачках, блянкі камандзіровачных пасьведчаньняў, тонкая кардонная тэчка, у якой ляжыць падпісаная заява па ўласным. Часам бутэлька алькаголю. Мужчына пакорліва чакае сваёй долі, вінавата ўцягнуўшы невялікую лысую галаву ў плечы.