Вход/Регистрация
Дзевяць
вернуться

Ліпковіч Яўген

Шрифт:

Я ўжо зьбіраўся выклікаць яго для сур'ёзнай размовы, але маю ўвагу адцягнуў экстранны сыгнал ахоўнай сыстэмы.

— Код чырвоны, — сказаў ахоўнік рыпучым голасам і паўтарыў, — код чырвоны. Гэта не вучэньні.

Код чырвоны — найвышэйшая ступень небясьпекі. Ахова перадавала выявы з камэраў сачэньня. Павольна, вельмі павольна, з-за пагорка, з боку мора, набліжалася вялізная гара хламу з наліплымі ракавінкамі і караламі. Я разгледзеў іржавы якар, лопасьці ад вінта невялічкага катара, некалькі балёнаў ад акваланга, вёдры, талеркі, кулямёт «максім» са стужкай патронаў. Зьверху над усім узвышаліся шыпы падобнай на рыбу-вожыка марской магнітнай міны. У самым нізе быў відаць знаёмы кавалак іржавай пральнай машыны. Увесь гэты хлуд пакідаў за сабой на зямлі глыбокую баразну. Музыкі чуваць не было. Але я быў упэўнены, што па меры набліжэньня да сядзібы Мішэль Пэтручыяні будзе гучаць усё больш выразна…

Адкладзенае жаданьне

Дзяўчынка трымала палец у носе. Гмурман адарваўся ад газэты. Ён не цярпеў чытаць з экрана кампутара і аддаваў перавагу сапраўднаму прадукту з пахам друкарскай фарбы.

— Што? — ён паправіў акуляры.

Хлопчык устаў на дыбачкі і паставіў на прылавак чорны пакет. Усярэдзіне было нешта цяжкае. Пакет крыху зьехаў наніз, і зь яго паказалася шырокае рыльца слоіка. Ён зрабіў крок назад.

— Дзеці, — сказаў Гмурман, — аналізы прымаюць насупраць Батанічнага саду. Там ёсьць эўрапейская мэдыцына.

«Не на ноч сказаўшы», — дадаў ён сабе пад нос: печань нагадала пра сябе.

Дзяўчынка паглядзела на старога. «За такія вочы некалі будуць ехаць у зачынены шлягбаўм!» — падумаў Гмурман. Ён паляпаў па кішэнях камізэлькі, залез у шуфляду стала і дастаў бляшаную скрынку зь ледзянцамі, якія засталіся з тых часоў, калі ён яшчэ спрабаваў кінуць курыць.

— Дзякуй, — дзяўчынка сунула цукерку за брудную шчаку і зрабіла кніксэн. Стары ўсьміхнуўся, зморшчыны разгладзіліся, печань крыху адпусьціла.

— І кавалер хай не саромеецца.

— Я не кавалер, — пакрыўдзіўся хлопчык.

— Ён не кавалер, — пацьвердзіла дзяўчынка.

Гмурман падняў рукі ўгору. Хай будзе не кавалер.

— Ён Сеня, — сказала дзяўчынка. Палец перабраўся з правай наздры ў левую.

— Ах, Сеня… Вельмі прыемнае імя. А вас як завуць? — ён паглядзеў на дзяўчынку.

Ён іх раней бачыў, яны жылі на суседняй вуліцы. Дзеці як дзеці — ганялі на роліках па асфальце, поркаліся ў прыдарожным пыле, гулялі ў мяч проста пасярэдзіне дарогі…

— Каця. Мне хутка будзе пяць гадоў. А вас?

Гмурман не чакаў пытаньня і крыху разгубіўся.

— Мяне можна называць Барыс Львовіч. Хай Сеня возьме ледзянец.

Хлопчык нерашуча муляўся.

— Малады чалавек, — падбадзёрыў яго Гмурман, — глядзіце, пасьля пашкадуеце.

Сеня зрабіў маленькі крок да бляшанай скрынкі, якая ляжала на прылаўку каля чорнага пакета. Каця дакорліва пакруціла галавой. Хлопчык адступіў.

— Яму нельга салодкае, — строга сказала Каця, — ён у шпіталі ляжаў.

Гмурман спачувальна ўздыхнуў.

— Ох, як нядобра.

Ён узяў скрынку, зьбіраючыся схаваць яе назад у стол, але спыніўся і запрапанаваў Каці яшчэ адну цукерку.

— Ну дык вось, — ён павярнуўся і паказаў на паліцы, даючы зразумець, што гатовы распачаць дзелавую частку: — Людзі сюды здаюць рэчы.

На паліцах уперамежку ляжалі парцалянавыя сабакі, кітайскія вазы, антыкварныя відэакамэры. Невялікая мініятура малавядомага мастака галяндзкай школы суседнічала з парусьнікам, які быў зь любасьцю ўціснуты ў бутэльку з вузкім рыльцам. Рэчаў было шмат, яны былі розныя. Наборы сталовага срэбра чаргаваліся з падзорнымі трубамі ручной работы, цяжкі што не падняць камінны гадзіньнік суседнічаў з альбомамі, напханымі паштовымі маркамі.

Хлопчык падышоў да прылаўка, зьняў пакет. У слоіку плавала невялікая рыбка. Гмурман узьняў акуляры на лоб, падсьлепавата прыжмурыўся, пасьля апусьціў іх і павярнуўся да хлопчыка.

— Гэта табе дзе? — спытаўся ён. — Гэта табе заапарк?

Хлопчык зьлёгку пляснуў сястру далоньню па сьцягну. «Я ж казаў», — зашыпеў ён.

— Адчапіся, — Каця павярнулася да Гмурмана. — Яна ўмее гаварыць.

Гмурман паглядзеў на Кацю, пасьля на слоік. Звычайная залатая рыбка.

— Вядома, — ён дазволіў сабе крыху ўсьміхнуцца. Сапраўдны талент расьце на суседняй вуліцы. Шыкоўная зьмена. Сеня глядзеў у падлогу.

— Яна сказала… — працягнула Каця, але Сеня зноў паспрабаваў яе абарваць. — Адчапіся!

Каця павярнулася і ўдарыла брата па плячы. Гмурман цярпліва чакаў.

— Яна сказала, што толькі адно засталося.

Каця для большай пераканаўчасьці ўзьняла ўгару ўказальны палец. Сеня моцна таргануў сястру за сукенку. Каця ўдарыла брата па патыліцы.

— Дзеці, — Гмурман сабраў бровы да пераносься, паспрабаваў прыбраць з голасу рыпучы старэчы гук, — тут вам не спартовы бокс. Тут вам лямбард.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: