Шрифт:
Поп Сымон заёрзаў па лаўцы.
– Схіліцца, маці Анастасся, - адно, узвысіцца праз веру - другое. Дух свабодны. Няўжо не разумееш?
– Дух свабодны, а сядзець буду тут, так?
– Дух свабодны - усё роўна дзе быць, - сказаў поп Сымон.
– Тут, там, яшчэ недзе - роўная радасць.
– Каму радасць?
– насупілася маці Анастасся.
Але тут, гасячы іскру спрэчкі, загучала царкоўнае біла. Медны гул плыў хвалямі, заклікаючы ў царкву да малітвы. «Пойдзем, маці Анастасся», - прымірэнча сказаў Сымон. Анастасся апранулася ў стары кажушок, выйшлі на двор. Са сцен агароджы спяшалася пагрэцца ў царкву варта. І Сыч, угледзеўшы маці Анастассю ззаду папа, подскакам панёсся да царквы.
Айцец Сымон на вачах людзей не азіраўся на маці Анастассю, а калі азірнуўся - не было яе побач з ім, кіравалася Анастасся да варотаў. Засмучаны айцец Сымон прыкаваўся позірком да чорнай маленькай постаці, што па стромкай абледзянелай лесвіцы падымалася на вежу. «Асуджаная, - падумаў поп Сымон.
– Асуджана маці Анастасся. Замала ёй таго, што ёсць, большага не атрымае, а даўніну не вярнуць. Так і будзе пакутаваць да немачы». Айцец Сымон перахрысціўся, папрасіў у Хрыста прасвятліць душу інакіні Анастассі і сумна ўвайшоў у царкву. Маці Анастасся ў гэты міг уваходзіла ў вежу. Тут быў вартаўнік. Яна кіўнула яму і па драбіне ўзлезла на назіральны ярус. Знаёмы да кожнага дрэўца далягляд адкрыўся ёй. Звычайна позірк яе пачынаў слізгаць па Свіслачы, у думках адольваючы няблізкі шлях да Бярэзіны, а па ёй да рэчкі Сургут, а па ёй у возера Плаўе, а затым па Эсе, Упле ў Дзвіну - і ў Полацак. Гэта была яе вячэрняя малітва - уяўна рухацца па гэтай звязцы рэк і азёраў, набліжаючыся да Ізяслава, ці ўяўляць на гэтых рэках ягоныя стругі, якія прыходзяць у Заслаўе нечакана для яе. Але сёння свежая спрэчка з айцом Сымонам перашкаджала ёй марыць. Асабліва ж дапякалі словы «роўная радасць». Маці Анастасся разумела, што такая радасць, да якой заклікаў яе поп Сымон, магчымая, ды толькі для каго іншага. Для яе яна немагчымая: прыняць яе азначала пагадзіцца, што Дабрыня, Уладзімір, стары Кірыла абышліся з ёй па-чалавечы, і, адабраўшы адно, далі наўзамен роўнае...
Маці Анастасся ўсвядоміла, што неадрыўна глядзіць на крыж. Вялікі, сшарэлы пад дажджамі крыж стаяў на месцы былога капішча; колькі гадоў назад яго паставілі людзі намаганнямі папа Сымона, каб асвяціць старадаўняе чорнае месца ахвярніка тутэйшым багам. Але маці Анастасся памятала, як загінуў тут вяшчун, і як пахавалі яго, і курган над яго прахам быў паблізу крыжа; суровы крыж быў падобны на таго старога. Іншы раз яна зайздросціла яго гордай смерці; стары ўзнікаў у памяці ў цяжкія хвіліны, калі яна зачынялася ад люддзей, калі не магла зразумець, чаму жыве і жыве сваё нуднае, абрыдлае жыццё. Ён не разлучыўся з тым, што любіў; яго не развялі з яго святыняй, ён не даў сябе адлучыць. А што ён рабіў бы зараз, падумала Анастасся, калі б у дзень хрышчэння горада яго не забілі? Сек бы па начах гэты крыж, варагаваў з папом Сымонам, чакаў бы яго на дарогах, як іншыя вешчуны; з адчаю і злосці пінаў бы яго нагамі, біў кіем... Ён не горшы за папа Сымона, а можа, і мацнейшы - а былі б яны ворагі. Мяняюцца людзі на свеце... Сышоў вяшчун - прыйшоў поп Сымон; розныя ў іх праўды. Быў у Полацку бацька князь Рагвалод - цяпер яе сын князь Ізяслаў. Бацька яе любіў і, баронячы яе, загінуў; сын не бароніць яе і да яе не едзе... Чым адурманілі яго памяць? Што ўтрымлівае яго?..
Ледзяны парыў ударыў Анастассю ў твар, быццам хацеў пагасіць звернутыя да сына пытанні, і маці Анастасся паслухмяна падпарадкавалася і падумала сама сабе: чаму не пойдзе яна да Ізяслава? Што перашкаджае ёй вырушыць у дарогу? Гэта дзесяць, сем, ну, пяць год назад яе маглі затрымаць. Тады цівун Серада непакоіўся - дзе яна? Ці ляжыць ніцма, ці сумуе на Свіслачы, пакутуе, сядзіць пры хворых, лаецца з папом - усё яго не займала, абы не знікла. Бо хоць і зрабілі яе чарніцай, і назвалі Анастассяй, заставалася яна княгіняй, і ў Полацку сядзеў князем Ізяслаў, а ў Ноўгарад перайшоў з Растова Яраслаў, а новы горад Уладзімір аддалі яе малодшаму сыну Ўсеваладу, і ў кожны з гэтых трох гарадоў магло павесці яе жаданне жыць. А потым усе пра яе забыліся. Састарэў і дажывае век Дабрыня. Старэе і нудзіцца са сваёй цароўнай Уладзімір. Адрахлеў цівун Серада, і здаецца ёй праз уласную нямогласць, што і яна знясіленая... Ды ніхто не ведае, што яна не жыла, а чакала. Вось што не дазваляе ёй пайсці. Пайсці - азначае прызнаць, што не дачакалася. Але і сын не ведае, як доўга яна чакала. Яна растлумачыць, ён зразумее з паўслова, ён прыбудзе... Ён прыедзе, запросіць яе, і разам з ім яна пройдзе пад гэтай вежай, і ён павязе яе па Свіслачы, Бярэзіне, Сургуце, Дзвіне, тады спраўдзіцца сэнс яе шматгадовага цярпення... Ён павінен знаць, што яна чакае. Ён нічога не ведае пра яе. Яму гавораць, што яна адварацілася ад свету і моліцца, і задаволеная гэтым. Але нашто князю пакорлівая маці-чарніца? Ён павінен дазнацца, што яна не скарылася... Ён уведае, і тады ён ачуецца, і памяць падкажа яму даўні мацярынскі шэпт, і ён насмеліцца і вырашыць. Душа яго ўзвысіцца... У гэтым яе абавязак, яе доўг, яе апошняя мара. Гэтую мару яна ажыццявіць. І не трэба гадаць і думаць, якім будзе канец, спыніла сваю думку маці Анастасся. Трэба марыць і выконваць...
У хаце яе чакаў айцец Сымон. Насуперак звычцы ён грэўся ля печы; Анастасся не адразу і ўгледзела яго, прыхаванага ценем.
– Ты што, захварэў, поп Сымон?
– спытала яна спагадліва.
– Зябка мне нешта. А ты сумуеш, маці Анастасся?
– Не, поп Сымон, радуюся.
У вачах Сымона стаяў недавер.
– Радуюся, поп Сымон, - паўтарыла Анастасся.
– Гэта ты сумуеш. А чаго сумуеш?
– Што ж ты ў царкву не ўвайшла, калі радасная?
– Хіба ў царкве адной бог? Сам казаў - на небе.
– Бог у сэрцы, - сказаў айцец Сымон.
– А прастол яго на нябёсах.
– Вось у сэрца і глядзела, поп Сымон.
– Пачытаць, маці Анастасся?
– спытаў поп.
– Пачытай, поп Сымон.
– А што пачытаць?
– Што хочаш, поп Сымон.
Айцец Сымон перайшоў на лаўку, накрыўся кажухом, прытуліўся да сцяны, і памяць яго кранулася пергаментных старонак... У цішыні пачуліся за сцяной лёгкія крокі. Дзверы адчыніліся, і ў хату ўвайшлі Праскоўя і Ефрасіння.
– Можна, маці Анастасся?
– Сядайце.
Манашкі прыселі ля печы. Поп Сымон зноў засяродзіўся, зрок яго прасякаў загадкавасць даўніны, калі пыл на дарогах захоўваў сляды Хрыста, а жывым яго словам запальвалася вера. Анастасся глядзела на сваіх царкоўных сёстраў. Ефрасінню яна любіла, Праскоўю цярпела, чуючы ў ёй патаемную злараднасць. Ефрасіння пайшла ў чарніцы пасля адначаснай смерці трох дзетак і мужа, забітых маланкай. Вера папа Сымона прывабіла яе надзеяй сустрэцца з роднымі пасля смерці. Ціхмянасцю Ефрасіння марыла заслужыць права на шчаслівы век з дзецьмі ў раі. Праскоўя стала манашкай у той жа год, што і маці Анастасся, калі па жаніцьбе Ўладзіміра чысцілі княжы двор у Бераставе і выгналі прэч сабраных там дзевак. Некаторых з узнагародай вярнулі да бацькоў, большасць павыдавалі замуж, бяздомных пастрыглі ў чарніцы. Пра свае гады ў Бераставе Праскоўя ніколі не гаварыла - не сваёй ахвотай прыходзілі туды дзеўкі. А што ў гэтым гняздоўі рабілася, маці Анастасся ніколі не распытвала - і без роспыту лёгка было ўявіць ліхое берастаўскае гулянне: пілі да чарцей у вачах, тады клікалі дзевак, і пачыналіся Садом і Гамора. Але Берастава новы бог не спапяліў. Цяпер Праскоўя асуджана да скону маліцца - можна яе пашкадаваць. Думка, што гэтая жанчына магла лашчыць яе мужа ці Дабрыню, калі тыя прыязджалі бражнічаць, што тады яны такія розныя - вялікая княгіня і распусная дзеўка - цяпер зраўняліся чорнымі хусткамі і чорнымі расамі, адзінотай і ўмовамі жыцця, - гэтая думка апякала памяць маці Анастассі. Уладзімір забыў, думала яна, што Рагнеда нараджала княжычаў, а тая дзеўка галубіла дружыну. І яны абедзве выракліся свету дзеля славы нейкага Хрыста, новага бога, - Праскоўя выраклася распусты, Анастасся - пяці дзяцей. Калі думаеш пра гэта - галава расколваецца... А Праскоўю, адчувала маці Анастасся, гэтая роўнасць новых абставін суцяшала. Вось і ты, княгіня Гарыслава, паміраеш тут падобна мне, чытала яна ў вачах Праскоўі, і нічым не лепшая, і не вышэйшая, таксама выкінута з жыцця і нічога не маеш; дык я і жонкай не была, простая дзеўка, а цяпер мы абедзве - чорныя царкоўныя мышы. Але я не мыш, думала Анастасся. Я і ў чорнай расе княгіня, дагала мяне раздзенуць і выставяць на мароз - усё роўна княгіня. І ніхто не зраўняецца са мной. Як не зраўняліся з богам папа Сымона, з гэтым Хрыстом, разбойнікі, распнутыя на крыжах побач з ім. Дзе ён, дзе яны - а балела ім роўна. Хто можа зраўняцца? Той, хто страціў столькі ж, каб параўнацца. Вось Ефрасіння страціла дзетак, думала Анастасся. Дык іх Пярун забіў, ён над хмарамі сядзіць, яму не бачна, куды маланкамі б'е. Як упадабняць божую руку і чалавечае зло? Як раўняцца: адна жыве, каб цярпець, другая церпіць, каб ажыць...
«Прыйшла Пасха, - чытаў поп Сымон, - і пайшоў Хрыстос у горад». Слухаючы краем вуха айца Сымона, маці Анастасся, адначасна са сваімі думкамі, ацэньвала тое, пра што апавядаў ён. Поп Сымон гаварыў: «Увайшоў у храм божы. І мноства народу тоўпілася ў храме».
– «Ну і што?» - думала Анастасся. «Але мала стаяла вернікаў, а стаялі мянялы, і гандляры прывялі жывёлу і прынеслі птушак на продаж».
– «У нас не так», - адзначыла сама сабе Анастасся. «І ўгневаўся Ісус, і зрабіў бізун, і стаў біць мянял і гандляроў...»