Шрифт:
«Што пужае цябе, маці Анастасся. Нашто вінавацішся?»
«Адзінота, айцец Сымон. Вымушана прасіць».
«Каго, маці Анастасся?»
«Усіх, айцец Сымон. Адчуваю, усіх прыйдзецца прасіць. А ведаеш, хто просіць? Хто пераможаны. Хто слабы, нікчэмны, каму страшна... Так, горды не просіць - ён церпіць. Калі церпіць, дык і просіць, толькі моўчкі».
«Хто ўзвысіўся, - шаптаў айцец Сымон, - той не просіць і не церпіць. Усё роўна каму рабіць дабро, абы рабіць».
«Адвараціцца, так, айцец Сымон? Для таго мяне і зрабілі чарніцай, каб не была там, дзе хачу. Бо там, дзе хачу, ніколі б чарніцай не была».
І маці Анастасся паведала пра Рудога. Айцец Сымон доўга маўчаў, прымаючы непазбежнасць расстання. Яна адчувала, як ён напружана замёр, і чула біццё ягонага сэрца, і не магла знайсці неабходныя словы - усе былі б ілжывыя.
«Вось і ўсё, маці Анастасся, - глуха прашаптаў Сымон, - летам паедзеш...»
«Раней, айцец Сымон. Спадзяюся, на Вялікдзень».
«Памажы табе бог, маці Анастасся, - шаптаў Сымон.
– І за гэта памалюся».
«Пачакай, айцец Сымон, пачакай развітвацца. Гэта ж не заўтра».
«А нібы як цяпер. Так балюча, маці Анастасся...»
З ранку час пацягнуўся запаволена. Хоць раней поўдня, лічыла Анастасся, вярнуцца Руды не мог і не мог прыйсці да яе, не прабыўшы пэўны час дома, яна сядзела ў насцярожанай увазе, чакаючы стукату ў дзверы. І думаць пра што іншае не ўдавалася.
Удзень яна пайшла сустракаць Рудога каля варот. Маці Анастасся паднялася на вежу. Дарэмна ўглядалася яна ў далечыню дарогі - ні конны, ні вазок, ні пешы на лукавінах Свіслачы не мільгалі, і цішыня, пустэльнасць ракі навейвалі трывогу. Прачакаўшы гадзіну і яшчэ столькі ж, маці Анастасся ўсхвалявалася і пайшла да айца Сымона.
– Айцец Сымон, нешта мне страшна. Папрасі каго з вазком, праедзь насустрач...
Той пачаў збірацца. Даволі хутка ён на вазку з дзесяцкім выехаў з горада. Маці Анастасся адстаяла на сцюдзёным ветры да іх вяртання. Вазок ішоў гонка, ды змрочна сядзелі ездакі. Анастасся прадчула новае няшчасце. Вазок пад'ехаў, поп Сымон паглядзеў на яе з шкадаваннем.
– Што?
– спытала яна.
– Ваўкі, - патлумачыў дзесяцкі.
– З'елі Рудога ваўкі. Усяго і засталося: ад яго - меч, ад каня - сядло. Вось дык ловы!
– Ён са скрухай уздыхнуў і павёў вазок у горад паведаміць сям'і.
Маці Анастасся знясілена пацягнулася ў сваю келлю, зачынілася на зашчапку і, як забітая, павалілася на лаву. Амаль услед пачула яна адчайны, нібы стогн, голас Сымона: «Маці Анастасся! Адчыні мне, маці Анастасся!» - «Малюся, поп Сымон!» - адказала яна і больш не адгукалася.
Трэба было б падняцца і пайсці на няшчасны двор, дзе ўжо адзначалі плачам раптоўнае сіроцтва дзеці і галасіла Рута, праклінаючы нечаканае крушэнне жыцця. Маці Анастасся ведала, што павінна ісці, і не магла крануцца, разбітая цяжарам жаху: Руды загінуў з-за яе, яна была вінаватая ў яго жудаснай смерці, і Рута, якая скардзілася цяпер на свой лёс, мела больш падставаў пасылаць праклёны ёй, сваёй сяброўцы, бо яна спрычынілася да ўсіх яе бедстваў.
І ўсё ж маці Анастасся прыйшла да Руты і перажыла тут свой найгоршы час. «Нашто, нашто было яму гэтае паляванне?» - дапытвала Рута лёс, і калом уваходзіла ў маці Анастассю гэтае пытанне. Пашкадаваў Руды абяздоленую княгіню, і зграя ваўкоў раздзерла яго за спагаду. Чуўся маці Анастассі прагны ляскат воўчых іклаў, бачылася паўкола безлітасных чырвоных вачэй, крывавае месіва - крывёй папярэджвалі яе не вяртацца...
Як памагатая смерці Рудога, заходзіла яна цяпер да Руты. Паліла яе жаданне апусціцца перад ёй і дзецьмі на калені і прасіць іх, зруйнаваных: «Біце мяне, гэта я паслала яго!» Ды нельга было адкрываць такую таямніцу, бо стала б ім яшчэ горш, і маці Анастасся мучылася віной у сваёй келлі. Рута сама прыйшла да яе - ссівелая і знядужаная, яна нібы хацела развітацца перад смерцю. Руды загінуў, няма каму абараніць яе, і ўсё разбураецца; старэйшы пасынак гоніць яе з дзецьмі прэч, можа, дацерпіць да цяпла, а куды вясной? Адно застаецца - пааддаваць дзяцей у парабкі людзям, а самой пайсці на лёд і гукаць тую ж зграю...
– Ты што, ты што, Рута!
– напужалася маці Анастасся.
– Не трэба так. Я дапамагу, - і зразумела, як дапаможа.
– Ты супакойся, я даведаюся, скажу табе...
Маці Анастасся апранулася і пайшла да цівуна.
– Серада, - сказала яна, - ніколі не прасіла ў цябе нічога, а зараз прашу.
– Цівун насцярожыўся.
– Для мяне гэта важна. Дапамажы Рудога жонцы. Ты ж ведаеш - яна ў мяне ключніцай была, з дзіцячых гадоў разам. Пасынак яе змучыць; дзе ж ёй жыць?
– Што я магу?
– уздыхнуў цівун; жыццё Руты яго не займала.
– Сама падумай, княгіня. Хату зрубіць? Араць, сеяць, касіць? Хто за мужыка зробіць. Карову даць? Хіба адна яна такая?