Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Фаўст

Для ўлады нашае — не страта Такія шчодрыя дары: Хай войска йдзе на супастата, А мы застанемся ў шатры. Яны ўбароняць ад захопу Умацаваны царскі двор, І гэты край, і ўсю Еўропу, Спалучаныя стужкай гор. Шчаслівы край! Усе плямёны Тут у раі жывуць здаўна! Алены край багаславёны, Тут нарадзілася яна. Сястру, братоў і ўсіх у родзе Красой яна пераўзышла, Калі ў чароце на Эўроце, Як лебядзёўна, ў свет пайшла{233}. І краю ў яркім пышным цвеце, Табе пакорліваму зноў, Адзінаму на белым свеце Ты аддавай сваю любоў. Няхай праменне і не вельмі грэе Крутой гары сівую галаву, Але сям-там на схілах зелянее,— І козачка паскубвае траву. Ніжэй — цурчаць крыніцы, стужкі рэчак Іскрацца ў зелені густой травы, І тысячагаловы гурт авечак Спяшаецца на выпас лугавы. Пасуцца быдла свойскага атары Над прорвамі на кручах вольных гор — Хлявы ім не патрэбны і кашары, Калі навокал тысячы пячор. Тут храм прыродны Пана, тут раздолле Гарэзам-німфам ў дзікім гушчары, Дзе дрэваў векавых густое голле Калышацца шумліва на вятры. Адвечны дрэмле лес сівы, дрымучы! Лагодзіць сэрца мяккі халадок Дубровы водарнай на дзікай кручы; Зямных крыніц бруіць гаючы сок. Плыве пад шатамі лясной дрымоты Малочных ручаінак сырадой… Ніжэй — сады цяністыя, гароды Мядзвянаю прапахлі смакатой. Народ здаровы тут, на белым свеце Няма нідзе такіх румяных шчок, Нібы ашчасціла само бяссмерце Усіх сыноў тутэйшых і дачок. Тут чалавек, як бацька клапатлівы, Заўсёды ў дзецях вечніць сваю кроў, І я не ведаю, ці на зямлі вы, Ці, можа, вы сышлі пад райскі схоў. І Апалон тут пасвіў коз чароды, Сам — дасканаласць ён і прыгажосць; У харастве і чысціні прыроды Заўсёды лучнасць чыстых сэрцаў ёсць.

(Садзіцца поруч з Аленай.)

Багі ў адзнаку ўзнагароды Табе прывабнасць аддалі, Каб ты няшчасці і нягоды Магла нам скрашваць на зямлі. Ганебна ў замкавым палоне Няволіць гордую газель! Табе — Аркадзіі улонне! Табе — нектарная купель! Нас клічуць вольныя паляны У край бясхмарнай пекнаты, Там у лясны шацёр лісцвяны Царыцай шчасця ўвойдзеш ты!

Сцэна зусім мяняецца

Да чарады гротаў і пячор туляцца закрытыя альшанкі. Цяністы гай прасціраецца аж да навакольных стромых скал.

Фаўста і Алены не відаць. Дзяўчаты з хору спяць на паляне, падзяліўшыся на групкі.

Фаркіяда

Як спяць мае дзяўчаты доўга й соладка Ці сніцца ім той цуд, які надоечы Наяве я пабачыла, — не ведаю. Пара будзіць, пара: няхай падзівяцца. І вы, барадачы, мужы шаноўныя, Што седзіцё ў чаканні дзіва дзіўнага, Выходзьце! Атрасайце вашы кучары, Пратрыце вочы і мяне паслухайце.

Хор

О, адкрый жа, Фаркіяда, нам прычыны хвалявання. Мы заўсёды рады слухаць незвычайныя легенды, Бо даўно ўжо ўсім абрыдла гэтых скал крутых маўчанне.

Фаркіяда

Вочы ледзь папрадзіралі, а ўжо вас грызе нудота? Слухайце ж: у гэтых гротах, у альтанках і пячорах — У зацішку ідылічным наша пані з нашым панам Для любві знайшлі прытулак.

Хор

Што знайшлі?

Фаркіяда

Прытул самотны! Толькі мне адной з даверам даручылі быць служанкай. Я давер іх апраўдала і прыслужвала рупліва. Потым трохі адышлася, каб сабраць карэння, моху,— Разумеючы, што трэба маладых адных пакінуць. І пакінула я іх.

Хор

Кажаш так, нібы ў пячоры цэлы свет, нам невядомы, Лес і луг, азёры, рэкі — ах, пустое ты пляцеш!

Фаркіяда

Не маню, кажу вам праўду! Там бясконцыя прасторы! Так праходзячы па залах, я пачула са здзіўленнем — Смех дзіцячы гучным рэхам пад скляпеннем аддаецца. Азірнулася, гляджу я: хлопчык рэзвы і свавольны На каленях у Алены; потым скок! — і ён у бацькі! Што ўсчалося! Пацалункі, ласкі матчыны, пяшчоты, Звонкі смех, і гулі-гушкі, і гарэзлівыя жарты Аглушылі ўраз мяне. Голы і бяскрылы геній, як той фаўн, але не дзікі, На зямлю з каленяў скача, а зямля паверхняй пругкай Падкідае зноў угору, раз, другі; гляджу — анёлак Скача ўжо з зямлі пад столь. У трывозе маці кліча: ты скачы сабе, падскоквай — Ды ўнікай свабодных лётаў, лёт не суджаны табе. Ушчувае сына бацька: у зямлі схавана сіла,— Што табе скакаць угору? Пальцам толькі дакраніся Да зямлі, і, як Антэю, дасць яна табе мацунак. А хлапчук нібы не чуе, скача з каменя на камень, Быццам мячык; толькі раптам ён знікае ў прорве дзікай. Маці ў роспачы галосіць, бацька ціха суцяшае, Я ад страху памярцвела. Толькі — бач! якое шчасце — Можа, скарбы там схаваны? Бо ў ядвабе, ў яркіх кветках Ён з’яўляецца ізноў! Ветрык грае кутасамі, рдзеюць стужкі і каралі — Залатая ліра ў ручках, сам ён стройны, нібы Феб, На скалу дзіця ўзыходзіць. Мы ў шчаслівым захапленні! Маці радасная мужа абдымае і цалуе. А над імі ззяюць німбы! А навокал азарэнне, Зіхаценне і здзіўленне — звышмагутнай сілай духа! А хлапчук сваёй паставай выдае ў сабе суцэльнасць Незвычайнай прыгажосці, ён і ў рухах грацыёзных — І гармонія, і песня; самі ўбачыце вы гэта — Дзіва дзіўнае ён, цуд!

Хор

Цудам ты гэта завеш, Крыцянка-палонніца? Хіба не чула легенд, Падобных на дзіва? Песень Іоніі, Песень Элады, Складзеных некалі ў гонар Грэчаскіх мужных герояў? Усё нам памяць прыгадвае. Усё, што было, што здаралася,— Водгулле сумных эпох, Водгулле цудаў былых. Не дараўняецца твой расказ Да песняў і казак Махі, Неверагодных і дзіўных Песняў Махі{234} пра сына. Сыночак яе Гермес, Прыгожы і дужы; Нянькі яго спавілі Рупліва ў пялюшкі, Як толькі ён нарадзіўся. Толькі свавольнік Ручкамі, ножкамі, цельцам Скінуў пялюшкі, Скінуў прыгнёт пурпуровых адзежын, Нібы матылёк Непатрэбную абалонку лічынкі; Жвава расправіў ён крылцы І ў паднябессе, У Эфірную высь Смела ён паляцеў. Гэты, гарэзлівы, Змалку быў сябрам Злодзеям і скамарохам, Дэманам цёмным і хцівым. Хітрыкамі ў Пасейдона Трызубец ён выдабыў, Меч у Арэса ўкрасці асмеліўся; А ў Феба — Стрэлы з калчанам, Клешчы ў Гефеста спрытна ён згроб. Выкраў бы ён і маланкі ў Зеўса, Ды абпаліцца баяўся. Даў ён падножку Эросу У адзінаборстве. Венеру мілуючы, Украў яе пояс.

З пячоры чуецца чароўная струнная музыка. Усе слухаюць, глыбока ўзрушаныя. Да абазначанай паўзы дзеянне ідзе пад музыку.

Фаркіяда

Слухайце, якія гукі, Што за дзіўная ігра! Жарты вашыя і штукі Вам даўно забыць пара. Мудрагелістай здаецца Наша песня нездарма. Трэба, каб яна ад сэрца, Ад душы ішла сама.

(Адыходзіць да скалы.)

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: