Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Хор

Хопіць, хопіць! Мы з увагай будзем слухаць, будзем жыць!

Фаркіяда

Хто дома даглядае скарб сямейны свой, Хто беражэ ад злому мур жылля свайго, Хто сочыць, каб у навальніцу дах не цёк,— Той доўга будзе жыць у доме ў радасці. А хто пакіне свой ачаг і з лёгкасцю У белы свет самохаць пойдзе швэндацца,— Жытло старое знойдзе ён, вярнуўшыся, Ужо не гэткім, як было, — разбураным.

Алена

Навошта прытча мне, даўно вядомая? Ты гавары, а раны не раз’ятрывай.

Фаркіяда

Без гневу сказана і без дакору вам! У бухтах і на астравах рабуючы, Твой слаўны Менелай гуляў ці мала год, Вяртаючыся кожны раз з захопленым. Праваяваў ён дзесяць год пад Трояю, А колькі плыў назад — сама не ведаю! Між тым што з домам Тындарэя сталася? Што сталася з дзяржавай Менелаевай?

Алена

Ты ўжо не скажаш слова, каб не лаяцца, Як толькі рот разявіш, — сыплеш кленічы.

Фаркіяда

Жылі мы доўгія гады у марнасці. Забыты горы, што паводдаль высяцца На поўначы ад Спарты — Тайгет{225} велічны,— Адкуль бадзёра ўніз Эўрот струменіцца Праз зарасці ў даліну прамяністую, Дзе ў чаратах гняздзяцца вольна лебедзі. Там на адхонах племя пасялілася, Яно да нас прыйшло з далёкай поўначы. І, збудаваўшы крэпасць непрыступную, На ўласны лад здаўна кіруе Спартаю.

Алена

Ах, дзёрзкія! І як маглі асмеліцца!

Фаркіяда

Бо мелі часу шмат — аж цэлых дваццаць год!

Алена

А хто ўзначальвае ліхіх грабежнікаў?

Фаркіяда

Грабежнікі ліхія? Не, не ганю я Начальніка чужынцаў; не суровы ён: Забраць усё ён мог бы, а здаволіўся Дарамі небагатымі, ды шчырымі.

Алена

А з твару ён які?

Фаркіяда

Прыгожы. Здатны муж! Адукаваны, статны ён паставаю, Няма такіх разумных паміж элінаў. Хоць племя прышлае завецца варварскім, Ды з іх ніхто не здольны быў на жорсткасці, Што натварылі эліны пад Трояю. Яго шаную шчырасць і велікадушнасць я. А крэпасць іх, пабачыце, пастаўлена Зусім не так, як продкі ў нас грувасцілі Нязграбныя цыклопскія будыніны. Калі раўняць са Спартаю прыземістай,— У іх усё інакш: адвесна, гонкасна, Размерана, грунтоўна і надзейна ўсё, Муры, палацы, вежы ў іх спічастыя, Усё імкнецца ўгору, ў высь нябесную, Прасторныя дамы ў іх з прыбудовамі, Калоны і калонкі, аркі, арачкі, Альтанкі ўтульныя, гербы над брамамі.

Хор

Які ў іх герб, расказвай!

Фаркіяда

Знак Аяксавы{226}! Гадзюка на шчыце; шчыты падобныя Былі яшчэ і ў семярых пад Фівамі{227}, І кожны шчыт памечаны быў знакамі: Праменным месяцам, яшчэ і зоркамі, Мячамі, маскамі альбо паходнямі. Усё на іх было, што страх узбуджвае, Што пагражае смерцю люду мірнаму. І ў нашага героя герб пагрозлівы: Ільвы, арлы і крылы каршуновыя, І буйвалавы рогі, й хвост паўлінавы, Блакітныя палосы, срэбныя. І колькі зброі ў залах панавешана, А ў залах так прасторна і так весела, Што хоць да танца йдзі…

Хор

Там і танцоры ёсць?

Фаркіяда

Танцоры — як на подзіў! Сінявокія! Юнацтва поўныя! Бадай, Парыс адзін Раўня ім быў, калі сустрэў царыцу ён.

Алена

Не адыходзь ад сутнасці, канчай хутчэй!

Фаркіяда

Канчаць павінна ты, адкажаш згодаю — Дык будзеш у палацы.

Хор

О, цудоўная, Дай згоду, мудрая, і ўсіх нас выратуй!

Алена

Хіба павінна я збаяцца гнеўнага Цара! Няўжо ён крыўду ўчыніць жорсткую?

Фаркіяда

Хіба забыла ты, як Дэіфоба{228} ён, Парысавага брата, мучыў ярасна, Які цябе, ўдавіцу, ўзяў наложніцай? Спаганіў плоць яго, адрэзаў нос яму. А бэсціў як! Жахлівае відовішча!
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: