Вход/Регистрация
Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза
вернуться

Пакроўскі Андрэй

Шрифт:

Валянцін вельмі любіў час, таму рабіў усё магчымае, каб найлепей яго адчуць. Стаяў у доўгіх чэргах, каб потым у апошні момант сысці, ніколі не карыстаўся падземным транспартам, замест гэтага намотваў кругі па горадзе на 34 тралейбусе, але ніколі там не сядаў, не чытаў і не слухаў плэер, а толькі пільна глядзеў у акно і лічыў аўтамабілі, што абагналі 34 тралейбус за дзень. Вядома, талончыкаў ён не прабіваў, бо быў нармалёвым чэлам, а не нейкім прыфлікернутым бээрэсэмаўцам. Валянцін наведваў усе лекцыі ва ўніверсітэце і ўсімі вядомымі метадамі перашкаджаў сабе спаць: згадваў аднакласнікаў ці назвы кніг, прачытаных у далёкім дзяцінстве.

Кожную раніцу, калі Валянцін сыходзіў на працу, Валя адпраўлялася на гаўбец і там за кубкам кавы паліла. Ёй не перашкаджаў ні снег, ні дождж, ні яшчэ якія хлябі гасподнія, бо ў яе быў парасон. Калі ё парасон, можна паліць і пад дажджом. Паліць ды жлукціць сваю распушчальную каву. Кожную раніцу ў той жа час, але ўжо, вядома, на іншы гаўбец выходзіў прылізаны стары, адзін, пэўна, з тых буржуяў, якія апусціліся. Ён паводзіўся надзвычай дзіўна. Спачатку сваім лядашчым “кіс-кіс” склікаў навакольных котак, потым даставаў з кішэні нейкую паперыну, разрываў яе на дробныя кавалкі і кідаў уніз, а коткі, жывёліны, пазбаўленыя розуму і волі, лічылі гэтыя паперкі бялюткімі матылькамі і цягнуліся да іх лапкамі. Тут стары, задаволены тым, што ўсё ідзе па плане, харкаў на котак, і калі раптам плявок дасягаў мэты, на душы ў яго рабілася хораша-хораша, ён усміхаўся, потым паварочваўся да Валі, вітаўся з ёй, а затым сыходзіў.

Калі я ішоў у госці да Валі і Валянціна, то заўсёды заходзіў ва ўніверсам “На Нямізе”, ну ведаеце, такі сабе спажывецкі рай, дзе можна набыць усё – ад папяровых насовак да плюшавага танка – і дзе лёгка згубіцца. Валя і Валянцін звычайна заходзілі са мною, мы доўга блукалі па ўніверсаме, глядзелі на пельмені і розныя гатункі сыроў, на замарожаную агародніну і пяцілітровыя слоікі соку. Мы заўсёды спыняліся ля вялізарнага акварыума, дзе плавала жывая рыба, у якой абодва вокі былі з правага боку, як выйсце на станцыі метро Першамайская, і дзе паветра такое крыштальнае. Мы дзівіліся на рыбін, яны так сумна глядзелі на нас праз шыбу сваёй шкляной турмы, як нейкія палітычныя вязні, прысуджаныя да расстрэлу ці чвартавання. Мы хацелі іх выкупіць і адпусціць у Свіслач, але звычайна грошай хапала толькі на гарэлку і пяцілітровы слоік нейкага там соку.

Дзень перамогі

– Мой дзед у танку гарэў, – сказаў Іван і высока падняў галаву.

– А мой у крэматорыі, – мовіў Шлёма сумна.

– А мой у бункеры, – адказаў Фрыдрых, закрыў твар рукамі і заплакаў.

– Ну нічога, нічога, будзе табе... – пачаў супакойваць сябра Іван, – нашчадкі яго ніколі не забудуць.

– Гэта ўжо дакладна, – адзначыў Шлёма і сышоў з пясочніцы разам з усімі сваімі формачкамі.

Настаўнік года

Так склаліся абставіны, што мне не было з кім пакінуць трохгадовага Цёму і я быў вымушаны ўзяць яго з сабою на працу. У той дзень мы праходзілі рознаскланяльныя назоўнікі і замацоўвалі веды, чытаючы сказы з падручніка, сярод якіх быў і такі: “Юннаты ў жывым кутку вырошчваюць цялят, жарабят і трусоў”. Апошняе слова, вядома, выклікала ў вучняў шмат пазітыўных эмоцый, калі яны чуюць яго, то заўсёды рагочуць, і гэта, канешне, добра, смех падаўжае жыццё, замяняе шклянку смятаны і ўсё такое... Але гэты ж самы смех і весялосць адмоўна ўплываюць на дысцыпліну ў класе, таму калі я вяду ўрок у іншым класе, то гэтае нядобранадзейнае слова прапускаю. Але мой трохгадовы Цёма вельмі пільна за ўсім сочыць і робіць мне заўвагу:

– Тата, ты забыў пра трусы.

Клас, вядома, памірае ад смеху, усе кажуць, які ў мяне разумны сын. Я неяк тлумачу, што трусы па-беларуску – гэта зусім не тое, куды вы, саплякі, сцыцеся, а такія жывёліны з доўгімі вушамі, чырвонымі вочкамі, яны любяць моркву і трусіх. Клас не дае мне веры і працягвае рагатаць, а мой Цёма (лепей бы я назваў яго Паўлікам) падлівае масла ў агонь, яму вельмі падабаецца, як рэагуе клас на ягоныя словы, ён адчувае сябе, напэўна, Яўгенам Петрасянам і ўсё крычыць: “Тата, ты забыў пра трусы...” Мне так і хочацца выгнаць з класа ўвесь клас, але даводзіцца абмежавацца Цёмам. Калі ён сыходзіць, дзеці нібыта супакойваюцца і мы працягваем нашыя заняткі. Цёма тым часам блукае па школьных калідорах і на маю галаву сустракае дырэктара школы, якога здзіўляе не тое, што па школе блукае трохгадовае дзіцё, а хутчэй тое, што яно блукае адно.

– Што ты тут робіш? – пытаецца ён, а Паўлік, цьху ты, Цёмка, адказвае, што ён нагадаў тату пра забытыя трусы, а той вельмі пакрыўдзіўся і выгнаў яго з класа.

Паўгода пасля гэтай падзеі мае калегі, пераважна жанчыны ва ўзросце ад 50-ці і вышэй, клапаціліся пра лёс маёй бялізны. Усе гэтыя матэматычкі, фізічкі і нават біялагіца дурная, што працавала ў школе яшчэ ў тыя часы, калі я сам вучыўся ў шостым класе (ужо тады яна была старая і страшная), сцябаліся з мяне. Нават на гадавіну маёй працы ў школе мне падаравалі майткі. Я некаторы час нават падумваў пра суіцыд, але пасля адной з карпаратыўных вечарынак у настаўніцкай, пасля якой усе мае насмешніцы раптоўна памерлі ад сальманелёзу, маё жыццё пачало наладжвацца. Нядаўна я выйшаў у фінал конкурсу “Настаўнік года” і планую ўзяць першы прыз.

Дзесятка

Кожны раз перад іспытам Шлёмік п’е “Аліварыю-дзясятку”, апоўначы клікае на шару і кладзе канспект пад падушку. Але сёння ўсё пайшло не так. Ён доўга не мог заснуць, бо суседзі, пачуўшы ягоную традыцыйную мантру “шара, прыйдзі”, раззлаваліся і паўночы грукалі ў дзверы. Таму ён праспаў, збіраўся на іспыт у спешцы і, вядома, забыўся пра канспект, які на іспытах кладзе на калені, бо кажуць, гэта таксама прыносіць удачу. Яшчэ ён забыў пагаліцца і памыцца. У краму ён таксама ўжо не паспяваў, таму быў вымушаны набыць піва ў шапіку, але “Аліварыі-дзясяткі” там не было. Заставалася толькі “Балтыка-8”. Таксама нічога, падумаў ён, але раптам зразумеў, што, акрамя ўсяго іншага, забыў яшчэ і грошы, грамадскія грошы, за якія ён павінен набыць кветкі выкладчыку, што, згодна з павер’ямі старажытных славянаў, зноў жа прыносіць удачу. Ён назбіраў неяк на “Балтыку-3” і сумны пайшоў ва ўніверсітэт. Пакуль Шлёма піў піва на ганку Храма Ведаў, у кабінет зайшлі 12 чалавек, і ён быў вымушаны ісці наступным. Білет ён выцягнуў, вядома, 13-ты, які прынцыпова ніколі не рыхтаваў, бо лічыў сябе надзвычай удачлівым... Заставалася адзіная надзея – аб 11:11 загадаць жаданне, але ўсе адказвалі надта хутка, таму Шлёма трошкі не дачакаўся і быў вымушаны ісці адказваць за тры хвіліны да чароўнага часу. Ад хвалявання ён назваў Яўгенію Валер’еўну Валерам Яўгеньевічам дый увогуле пераблытаў, што здае. Шлёму адправілі на восеньскую пераздачу і пазбавілі стыпендыі.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: