Шрифт:
Пранціш акінуў вокам панылыя восеньскія відарысы. Зямля ў іх, вядома, не такая яркая, як на карцінах італьянцаў… Але ж свая. Са сваймі рыцарамі і чароўнымі дамамі… Дарэчы, наконт дам.
— А пры чым тут Багінскія?
— Увязаўся ты, хлопча, у змову магнацкую супраць Аўгуста Саксонца, — змрочна патлумачыў доктар. — Багінскія мараць пра карону. Падбіваюць змагацца за трон князя Міхала. Лізавета Пятроўна моцна хварэе. І князя Міхала пазнаёмілі з жонкай ейнага спадчынніка Кацярынай, якая з мужам не ладзіць і завяла раман са Станіславам Панятоўскім. Багінскі Панятоўскага не перамог, затое, кажуць, не на жарт закахаўся ў маладую царыцу. Доўга ў Санкт-Пецярбурзе не затрымаўся, паехаў па Еўропе… І давядзецца яму змагацца за карону самому. Але Міхал Багінскі адчувае на сабе ланцуг — прысягу, што даў каралю… І ўвогуле палітычных інтрыг не любіць. Вось і сястру малодшую, відаць, падалей ад палітыкі адаслаў пад прыглядам Ватмана.
— Значыць, Багінскія у змове з Сапегамі? — глыбакадумна заўважыў Пранціш.
— А чаму і не? — Лёднік сарваў з ядлоўцавага куста сіня-чорную ягадзіну, пакруціў у пальцах, нібыта яна была чорнай перлінай. — Змаганне за ўладу, хлопча… Ворагі цішком хаўрусуюцца, сябар са шчырымі слязьмі жалю заганяе сябру нож у спіну… Аляксандр Сапега таксама цяпер страшэнна пакрыўджаны. Ён дамагаецца булавы гетмана польнага літоўскага, кажуць, даў графу Брулю, амарату каралеўскаму, нямерана грошай… Нават жонку сваю падаслаў да ягонага сына, каб яго сваімі вабнотамі адарыла. Ганьбы займеў — але нічога не здабыў. Так што карона для яго — трафей, які за ўсё ўзнагародзіць.
Вырвіч глядзеў на засыпаную ігліцай ды іржавым лісцем зямлю, па якой яшчэ сноўгалі падманутыя восеньскім сонцам мурашкі. А ў гэтых нікчымных казюрак таксама ж ёсць жаўнеры, і мужыкі, і каралева, ёсць і крылатыя асобіны, якім бліжнія хуценька абкусваюць крылы. Няма чаго лётаць, калі трэба ігліцу цягаць, тлю пасвіць ды нападнікаў грызці. Пранцысь на хвілю ўявіў Лёдніка такім вось чорным крылатым мурашом з абкусанымі крыламі, які ледзь варушыцца на сцежцы, бо калі няможна лётаць, то паўзці — усё роўна куды, і ўсё роўна, пасвіць табе давядзецца альбо цягаць, альбо зараз цябе раздушаць. Глухое раздражненне зварухнулася ў душы шкаляра, змяшанае з зайздрасцю: скажы ты, які разумнік — сын гарбара, у тонкасцях палітычных разбіраецца, магнатаў асуджае… Крылы адрасціў… Ды хто ён такі?
— Слухай, Лёднік, калі леў — гэта князь Багінскі, значыць, паводле гэтага ліста, ён можа пайсці супраць караля, толькі патрэбны нейкі штуршок… Вянец Палямона. Гэта што?
— А хто ж яго ведае… — абыякава адказаў доктар. — Карона Вітаўта? Світак з прадказаннем святога Даўмонта, што каралём павінен стаць уладальнік гербу такога ці гэткага? Святы Грааль, які адразу зробіць уладальніка выбранцам? Мне, на жаль, ясна адно — з гэтай штукай звязаны Рэнічы. Спадар Іван усялякія дзівосы збіраў, нават зямлю на месцы старых будынкаў раскопваў… Можа, што і раскапаў. Шляхціцы любяць усялякія сімвалічныя бескарысныя рэчы, кшталту абломка мяча прапрапрадзеда, які хадзіў на мядзведзя разам з царом Дадонам.
Цярпенне Пранцыся лопнула, як бурбалка на паверхні лужыны. Лёднік што, над шляхтаю смяецца? То пячатку на чужым лісце разломвае, то выстаўляе ўладальнікаў гербаў легкавернымі ёлупамі… Нельга гэтага спускаць! Кроў кінулася шкаляру ў голаў, аж у скронях дзятлы застукалі. Пранціш ускочыў, выхапіў шаблю, прыставіў да горла свайго слугі і зароў:
— Не твая справа разважаць пра шляхецкую годнасць! Ды за такія словы я маю права табе галаву бязродную адсякчы!
У гэты момант Пранціш адчуваў сябе чамусьці падобным да свайго бацькі ў маладыя гады, зуха і буяша на ўвесь павет, вялікага Вырвіча. Адчуванне п’яніла, як такайскае віно.
Лёднік прыкусіў губу, відаць, разам са з’едлівымі словамі, памаўчаў і выціснуў з сябе, гледзячы ў зямлю:
— Прашу прабачэння ў майго гаспадара. Я не меў права гаварыць, што думаю пра тых, хто вышэй за мяне. Я забыўся, хто я такі. Гэта больш не паўторыцца.
Лязо Пранцішавай шаблі дрыжэла ля ўпартага падбароддзя доктара. Той не рабіў спробы адхінуцца, але ўсмешка больш не крывіла ягоныя вусны. Зухаватасць выпарылася са шкаляра, як вада з варэння. Вырвіч прыбраў шаблю, сеў. Запанавала маўчанне, якое Пранцішу дужа не спадабалася. Вядома, слугу трэба было паставіць на месца… А што, калі раптам ганарлівы Лёднік так вось у сабе замкнецца, ды пачне з пафасам святога пакутніка выконваць ролю раба? І не будзе больш даверлівых размоў і адчування моцнага надзейнага пляча побач?
Пранціш кінуў хуткі позірк на Лёдніка, які ўсё гэтак жа глядзеў у зямлю. Абразіўся. Шкаляр устаў, пахадзіў, паперхваючы, вакол, пазбіваў з галін сухое лісце. Ну, доктар жа разумны, павінен здагадацца, што малады пан шкадуе аб сваёй гарачнасці! Але той толькі папытаўся, не падняўшы вачэй:
— Пан загадвае ісці далей?
Гэткім бяздушным, сухім, як чараціна, голасам, з належнай дозай ветласці… Пранціш ажно ўзвыў:
— Ну добра! Добра! Я пагарачыўся! Я шкадую! Але ж у шляхціца ёсць святыя рэчы… Табе не зразумець… Што мне цяпер, прабачэння прасіць да вечара?
Лёднік скептычна хмыкнуў:
— Дзе ўжо мне, бязроднаму, зразумець шляхецкія тонкасці!
Але ў Пранцыся палягчэла на душы, бо ён адчуў у доктаравым голасе знаёмыя з’едлівыя ноткі. Усеўся побач, загаварыў прымірэнча:
— Бацька мяне вучыў, што радавая зброя — не проста шабля, яна аплочаная крывёй продкаў… Як і ўсе нашыя прывілеі. І мой бацька ваяваў, ішоў у паспалітае рушэнне, не за сябе — за радзіму, за Княства Літоўскае, за беларускую зямлю… На ім ведаеш, колькі шнараў ад варожай зброі? І мяне з дзяцінства прывучаў, што я павінен увесь час быць гатовы аддаць жыццё за Айчыну. Без развагі, па першым поклічы. Загартоўваў… Калі я быў малы, адпраўляў мяне, напрыклад, ноччу на поле прынесці некалькі каласкоў — а поле каля самых могілак… А колькі Вырвічаў галовы склалі ў бойках — з маскоўцамі, з татарамі, са шведамі!