Шрифт:
Лёднік адразу забараніў сабе падобныя думкі. Па-першае, паненка яму не пара, ды і як абразіць настаўніка, без якога згніў бы Бутрым у няведанні ды смуродзе гарбарні… Па-другое — Лёднік ужо ахвяраваў сваё жыццё Вялікай Навуцы, у служэнні якой, як вядома, пяшчотныя пачуцці толькі замінішча. Але калі Бутрым ад’язджаў ва ўніверсітэт, Саламейка перастрэла яго ля весніцаў, і вочы яе палалі нясцерпным сінім агнём, і заявіла яна, што сэрца ейнае аддадзена Бутрыму, і ніхто іншы ёй не заўладае, і будзе яна чакаць столькі, сколькі Бог пакладзе і лёс Бутрымаў. І Лёднік так разгубіўся, што атрымаўся ў іх першы, няўмелы і самы лепшы ў жыцці пацалунак…
Ён нават не паабяцаў ён нічога. Жыццё закруціла маладзёна ў віхурах сваіх, як чоўнік легкадумны, што ўзнамерыўся па месяцовай срэбнай дарожцы на хвалях да самога Месяца даплысці… Падманам будзе сказаць, што Лёднік часта ўспамінаў сінявокую палачанку… Не да таго было — вучоба, распластаныя ў анатамічным тэатры трупы, доўгія дыспуты, студэнцкія застоллі, гарачыя даступныя кабеты. Але й нельга сцвярджаць, што ён на яе забыўся… Бо ўсведамленне «мяне чакаюць» павінна быць у кожнага, нават самага жорсткага чалавека, і на агеньчык гэтага пачуцця можна выйсці з цёмнага лабірынту.
Сплылі гады, як сухое лісце па восеньскай вадзе, і вярнуўся Лёднік у заняпалы Полацк, дзе пошасць забрала і ягоных бацькоў, і бацьку панны Рэніч. Доктар прыйшоў у такі знаёмы дом, пацікавіцца, чым можа дапамагчы дачцы свайго настаўніка… І яна стаяла і глядзела на яго ганарыстымі сінімі вачыма, і яму страшэнна карцела папытацца, ці ўсё яшчэ ён уладарыць ейным сэрцам, і не насмельваўся…
А яна проста сказала:
— Мне — нічога не трэба. Але нічога і не змянілася. Я чакаю.
Ён не хацеў траціць сябе на нешта акрым таемных навук… І больш не бачыўся з паннай. Нават калі патрапіў у страшэнную нястачу з-за свае апантанасці — не пайшоў да яе… Бо ведаў, што спляжыць і ейнае майно, і ейнае жыццё. І Бутрым зрабіў усё, каб да Саламеі не дайшлі чуткі пра ягоную дамову з панам Агалінскім — выкупіла б… А ён таго няварты.
Але ніхто яшчэ не змог уберагчы трэску ў сэрцы вогнішча.
— Калі б я ажаніўся з ёю — яна б загінула… Не ажаніўся — усё роўна загубіў яе.
Пранцысю дужа не спадабалася адчайная нянавісць да сябе, што гучала ў голасе алхіміка. Нібыта зараз ён разаб’е сваю ўпартую галаву аб іржавыя краты. А той яшчэ дастаў запаветную шкеліцу з алхімічным золатам і паныла разглядаў, як увасоблены дакор.
— Загубіў — дык ратуй! Чаго дарэмна плакацца?
Для хлапца ўсё выглядала гранічна проста.
І Лёднік прыжмурыў цёмныя вочы, нібы пабачыў сонца, і схаваў сваю шкеліцу…
— Дзіця мудрэйшае за цара Саламона, так… Твая праўда, пан Вырвіч. Відаць, Гасподзь не дарэмна паслаў цябе на дарогу да Валожына.
Доктар дастаў з кішэні хустачку, акуратна прамакнуў драпіну на ілбе, якая пачала ўжо зацягвацца, абцёр твар і агледзеўся вакол зусім іншым позіркам — як кухар глядзіць на тушку каплуна.
— Зброя ёсць? — папытаўся. — Можа, хоць сцізорык які прыхаваў?
Пранціш паматаў галавой. Акрым як зберагчы ліст ваевадзянкі, нічога яго не цікавіла падчас арышту. Алхімік палез у свой бот і дастаў нататнік Вараняці. Потым з сілай тузануў вокладку — Пранціш не паспеў яго спыніць — і вынуў з карэньчыка кнігі жалезны востры стрыжань. Вырвічу ажно дух заняло: гэта ж старажытнагрэцкае сціло Вараняці, з якім той так насіўся! Вось дык Лёднік, што значыць вучоны! За раніцу вынюхаў скарб, а Пранціш колькі нататнік з сабой цягаў — нават да канца прачытаць не даў рады.
Між тым Бутрым нахіліўся і пачаў асцярожна калупацца сцілом у замку кратаў з такім выразам твару, нібыта рабіў складаную непрыемную аперацыю на гнайніку. Невядома, як хутка яго чакаў бы поспех, і якім чынам намерваўся лекар, узброены сцілом, справіцца з жаўнерамі, але пачулася вар’яцкае галёканне, коні панесліся, фурман гарлаў, як падпечаны… Вязні стукаліся аб сцены, як дзве бульбіны ў гаршку, што коціцца з гары.
Што б ні здарылася, у гэтым для іх была надзея. Тым больш што Юдыцкі лаяўся, зрываючы голас, пагражаў камусьці каралеўскім судом і радзівілаўскай помстай…
Карэта тузанулася, рэзка пахілілася набок, відаць, страціўшы кола, яшчэ трохі працягнулася па зямлі і спынілася… Адразу дзверы расчыніліся: жаўнер Юдыцкага, на чыім мяккім твары заблукала абыякавая бязлітасная ўсмешка, трымаў два пісталеты скіраванымі на вязняў і не збіраўся траціць час на пагрозы альбо малітвы… Вось яна, смерць хуткая і неспадзяваная. Пранцысь, да свайго расчаравання, не паспеў прыняць мужнай паставы, хаця б горда скрыжаваць рукі на грудзёх, як належала сустракаць апошнюю хвілю носьбіту герба «Гіпацэнтаўр». А вось лекар паспеў нібыта чорная вужака слізнуць наперад і, наколькі мог у цеснай клетцы, захінуць сабой маладога гаспадара… А яшчэ зрабіў пры гэтым нейкі дзіўны маланкавы рух рукою ад шыі. Стрэлы з пісталетаў прагучэлі, але разам з крыкам болю.
Пранцысь усвядоміў, што жывы… І нават не паранены. І Лёднік стаяў на нагах на пахіленым дне карэты… А вось жаўнер, енчучы, трымаўся рукамі, што згубілі пісталеты, за вока, з якога тырчэла жалезная спіца… Старажытнагрэцкае сціло, якім, магчыма, пісаў на васковых дошчачках вершы кучаравы паэт, а магчыма, нехта таксама даставаў вочы бліжняму свайму. Паранены выкуліўся з карэты… Але замест яго з’явіўся новы персанаж з тым жа атрыбутам, а менавіта настаўленым на зняволеных пасажыраў пісталетам. Твар незнаёмца быў завязаны шалікам, зверху яго прыкрывалі шырокія брылы капелюша… Разбойнік? Прыхадзень ссунуў шалік. Белыя бровы і вейкі, спаласаваны шнарамі ружовы твар, дзіўныя бяздонныя вочы… Пан Герман Ватман! Пранціш мімаволі сунуў руку ў халяву бота, дзе быў прыхаваны ліст Багінскай. І не ўцячы, і не абараніцца… Лёднік прасычэў скрозь зубы нешта падобнае да «Не кароста, дык адзёр», і зноў паспрабаваў захінуць сабой Пранціша.