Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Не кожнай ведай можна валодаць, дарагі мой, як валодаюць каштоўным камянём альбо ўніверсітэцкім дыпломам. Не кожную веду можна перадаць па сваім жаданні, як перадаюць права валодання домам альбо рабом. Вось я ведаю, што я — ліцвінка… Што ў мяне ёсць радзіма, за якую варта памерці, што я — са слаўнага вольнага горада. І бацька гэта ведаў. Але як перадаць гэтую веду таму, хто не можа яе падзяліць?

— Ты лічыш, што я моцна змяніўся, і не заслугоўваю больш даверу? — намагаючыся гаварыць спакойна, папытаўся Лёднік. — Што я перастаў любіць свой горад?

— Ты занадта доўга жыў на чужыне, і занадта лёгка пакінуў радзіму, — прагаварыла Саламея. — І я памятаю, як за звітак з формулай ты гатовы быў душу закласці, і пайшоў бы ў навучанне хоць да Харона, калі ён адкрые табе, як рабіць гамункулусаў… Ведаеш, як бацька цябе называў у часы тваёй адсутнасці? Фаўст. Наш бедны Фаўст. І цяпер, калі ты знік, а тваю маёмасць распрадалі, я вырашыла, ты зноў падаўся ў далёкія падарожжы.

Пранцысь адзначыў пра сябе, што Лёдніку ўдалося схаваць ад землякоў здзелку з панам Агалінскім.

— Што ж, я заслужыў такія словы. Але мяне можаш не баяцца, я на твае веды не прэтэндую — бо адмовіўся нават ад сваіх, — з цяжкасцю, нібы яму было балюча, прагаварыў Лёднік. — Так, я ўсё мог аддаць за новыя веды… Акрым душы. Верыў, што вось, няхай навучаюся ў бязбожнікаў, якія гавораць пра перасяленне душаў і сцвярджаюць, што зносяцца з духамі, але ж я толькі назіраю, і выбіраю, што варта пераймаць, і заўсёды змагу спыніцца, не пераступіць мяжы… Як быццам, ступіўшы ў брудную лужыну, можна выбраць сухое месца. І мне страшна ўявіць, як далёка я мог бы зайсці па дарозе ў бездань… Але ўсё ў волі Госпада, я зразумеў, што браць на сябе ролю абранца і носьбіта таемных ведаў — найвышэйшая праява гардыні. Я больш не алхімік і не астролаг. Я… лепш табе не ведаць, наколькі я мала цяпер значу.

Дождж ударыў у шыбу мяккай нябачнай лапай, нібыта аб чымсьці папярэджваў.

— Бутрым, я зусім не лічу сябе абранніцай ці цябе нявартым… — засмучона прагаварыла Саламея. — Я ж памятаю, як мы хадзілі ў Сафійку, сядзелі над Дзвіною, і як ты мне распавядаў пра Рагнеду і Уладзіміра, пра Еўфрасінню і Скарыну… І пра тое, як Іван Жахлівы заваёўваў наш горад, а тады Стафан Баторы. Як мы лазілі па мурах і сутарэннях, і як знайшлі іржавы рыцарскі меч з выявай вершніка… Павер, усё, што я маю, і я сама — належыць табе. Акрамя таго, пра што ты пытаешся. Проста гэта не мая таямніца, я яе не прасіла, і я над ёю не ўладная!

— Няважна… — прамовіў Лёднік. — Я за сваю гардыню расплочваюся напоўніцу. І не хачу, каб ты, няхай далучаная не па сваёй волі, расплацілася таксама. Бо калі нам нейкім цудам удасца выбрацца з замка — цябе зграбуць іншыя прагныя рукі… Сапегаў, Багінскіх, Чартарыйскіх, Панятоўскіх… Каго заўгодна. А я не дзеля таго спрабую цябе вызваліць.

— А дзеля чаго? — папыталася Саламея. Лёднік уздыхнуў, як студэнт на іспыце, да якога не падрыхтаваўся.

— Ты павінна быць вольнай… Жыць, як хочаш…

— Ты ведаеш, чаго… дакладней, каго я хачу, — голас кабеты гучэў нават насмешна. — Уласна кажучы, я ж дачакалася — ты прыйшоў! Мой бедны Фаўст…

І калі б доктар у гэты момант пачаў казаць, што яе няварты, Пранцысь перастаў бы яго паважаць. Але ў прыцемку, які пачаў трохі-трохі, кропляй белі, рабіцца святлейшым, Лёднік толькі паднёс да вуснаў руку жанчыны, нібыта дзюбнуў носам. У Вырвіча ў чарговы раз варухнулася крыўда: і чаму гэтага страхалюднага недарэку кахаюць самыя прыгожыя кабеты? І яшчэ мільганула думка: а Паланэя Багінская напэўна ж хоча займець тую рэліквію! Можа, з дапамогай рамфеі, дзіды Святога Маўрыкія, мяккі па характары, але адукаваны і схільны да мастацтваў князь Міхал Багінскі стане каралём Рэчы Паспалітай? Гэта будзе, напэўна, куды лепей, чым чарговы саксонец, расейскі стаўленік ці вар’ят Геранім Радзвіл… І што, калі тую рамфею дастане шляхціц Пранцысь Вырвіч? На трон яго самога, вядома, наўрад пасадзяць, трэба нават у марах ведаць межы… Але ён можа ўрачыста перадаць святыню будучаму каралю і тым як бы ўзвесці яго на трон. Пранцысь Вырвіч, дабрадзей караля! Тады юная Багінская паглядзіць на яго, як на роўнага!

Вырвіч сам не заўважыў, як ад салодкіх мрояў прыдрамаў, і сніліся яму залатыя фанфары, якія бязгучна гралі славу герою, высоўваючыся з аблокаў, як трубкі з вялізнай дуды. Пранціш стаяў проста на хмарцы пад дажджом з бязважкіх ружаў, створаных з завіткоў пары, і намагаўся расчуць хоць урывак урачыстай мелодыі ў свой гонар. Ён ведаў, што фанфарам падпявае анёльскі хор, але яго таксама не было чутно. Ціха, падаюць, як снегавыя камякі, ружы. Растаюць у паветры… Раптам слых пачаў улоўліваць асобныя гукі… І яны сталі складацца ў пахавальны марш. Ад абурэння Вырвіч прачнуўся… А яшчэ ад таго, што Лёднік тузаў яго за рукаў.

Магчыма, сонца і падумвала вынырнуць з бездані начы, але не наважвалася, бо хмары так шчыльна засцілалі неба, што праз іх усё роўна немагчыма было паказаць сваю бліскучую гожасць упэцканай восеньскай слатой зямлі, а ці варта тады турбавацца?

Між тым ля брамы пачуліся нейкія гукі, замільгалі агні…

— Усё, час! — здушаным голасам прамовіў Лёднік.

— Ты так і не сказаў мне… — ціха прамовіла палачанка, ператвораная ў мурынку.

— Я быў дурань, — проста прызнаўся былы алхімік. — Не ведаю, ці прабачыш ты мяне. Ты — лепшае, што магло б са мной адбыцца. Але цяпер ужо запозна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: