Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Машына набліжалася да рынку, зараз пустога — не таму, што гандляры збаяліся цмока і страляніны, не, слуцкіх гандляроў не напалохаў бы і дождж са смалы, калі б пры гэтым нехта, хоць рагаты, працягваў купляць агуркі і сала. Але ў такую залеву надзей на пакупнікоў не было, нават на русалачных. Хаця некалькі падводаў з бочкамі стаялі, ад іх за вярсту ішоў водар падгнілых селядцоў. Ватман унюхаў гэты пах здаля і крыкнуў Пфальцману:

— Гер як там цябе, твая калымажка можа пракаціцца сама па сабе хоць колькі сажэняў?

— У прынцыпе, можа… Калі распаліць добра рухавік, і я замацую рычаг… — пракрычаў у адказ Пфальцман.

— Тады ўвага, цывільныя! Зараз мы параўняемся з падводамі, на якіх стаяць бочкі. У бочках, міль пардон, не сусім свежыя селядцы. Па маім знаку прыадкрываецца шчыт з гэтага боку, усе выскокваюць, як пацукі з печкі… Хто можа незаўважна залезці ў бочку, лезе і ратуецца. Хто марудзіць, грэбуе ці баіцца — папярэджвайце адразу, але павінен сказаць, што вугаль усё роўна заканчваецца.

Натуральна, ніхто не прамовіў ні слова.

— Падмяні мяне трохі, зацыраваны, — папрасіў Ватман Лёдніка, прыпаў да адной са шчылін і свіснуў неяк асабліва.

— Ну, калі, сучыя дзеці, не выканалі загад і разбегліся, прыб’ю…

Свіснуў яшчэ раз… Нарэшце пачуўся свіст у адказ. З-за рынкавых прылаўкаў высунуліся пераляканыя фізіяноміі, недаверліва ўглядаючыся ў жалезнага цмока.

— Вырвіч, стрэльні добранька ва ўсе бакі, акрамя гэтага!

Густое воблака чорнага дыму на хвілю абкружыла чарапаху, пераследнікі пахаваліся. Нікога не здзівіла, калі падводы з бочкамі, што стаялі каля рынку, ашалелыя коні панеслі некуды на бакавую вулку. Чарапаха бадзёра прапаўзла яшчэ дзесяць сажняў і паволі спынілася, пагрозна выпускаючы клубы пару. Яе маленькія шматлікія колы-лапкі пагрозна застылі, нібыта рыхтуючыся да нястрымнага рыўка.

Пагоня стаілася. Чаго чакаць? Новых стрэлаў? А можа, у цмока зараз вырастуць крылы, высунецца галава на доўгай шыі і пачне плявацца агнём? Адукаваныя афіцэры справядліва меркавалі, што ўцекачы рыхтуюць нейкі подлы план па выкарыстанні таемнай смертаноснай зброі. Асабліва палохала, што калі па чарапасе зноў пачалі пастрэльваць, яна ў адказ маўчала.

Нехта прапанаваў павесці перамовы. Праклятым немцам-чараўнікам раілі пакінуць металёвае чэрава машыны і здацца, іначай… У адказ — цішыня. Тым часам прыкацілі дзве гарматы — Амальфею і Дамініку, адну нават знялі з галоўнай брамы. Яшчэ раз папярэдзілі бунтаўнікоў… Некаторыя нагадвалі, што князь нібыта загадаў не чапаць доктара-чарнакніжніка, але камендант Карлінг, раз’юшаны да ўскіпання мазгоў тым, што ягоны горад-крэпасць ледзь не здаўся ўласнаму постраху, хаця з жаўнераў любы пострах павінен быў быць даўно выбіты шпіцрутэнамі і муштрой, асабіста аддаў загад. І гарматныя ядры — сур’ёзныя, вялікія, не тое, што ў чарапахі,— паляцелі ў страшыдла. Недалёт, пералёт… На месцы, дзе нядаўна стаялі падводы, і замест часткі рынку ўтварылася яміна. Па сцяне суседняга дома прайшла трэшчына, як па сакавіцкім лёдзе. З наступнага стрэлу ўдалося патрапіць дакладна. Выбух атрымаўся выбітны, бо ў чарапасе ўтрымліваўся яшчэ добры запас пораху, а ў катле была пад ціскам пара. Узляцелі наверх дэталі, колы, колцы, рычагі… Рэшткі жалезнага дажджу случане яшчэ доўга збіралі на сваіх вуліцах, дахах і гародах. Знайсці такую цмокаву костку лічылася дрэннай прыкметай.

За гэты час, нягледзячы на строгі загад каменданта нікога не выпускаць з гораду, з Віленскай брамы выехалі тры паводы з бочкамі гнілых селядцоў, якія з княскае кухні былі адпраўленыя ў суседні маёнтак, на корм свінням. Магчыма, варта не ўбачыла нічога падазронага ў грузе, і не захацела, каб побач знаходзілася такое смярдзючае суседства, а магчыма, афіцэры былі падкупленыя… Але разбірацца пасля ніхто не стаў, таму што ўся гаворка ў горадзе ішла вакол гібелі жалезнай чарапахі і чарнакніжнікаў… І пра гнеў князя Гераніма на тых, хто гэта дапусціў.

А дзесьці сярод ліцвінскага восенькага лесу, на глухой палянцы, зарослай верасам, вельмі смярдзючыя людзі ахвотна падстаўлялі сябе халоднаму дажджу, а невысокі тоўсценькі немец бяссіла трос кулакамі, нібыта пагражаў самому небу, і лаяўся так адмыслова і велягурыста, што волат з белымі валасамі і шмат разоў кепска склееным носам з павагай паківаў галавою, падыйшоў да аднаго з фурманаў, што вызвалялі ад бочак павозкі.

— Мартын, засталося што ад корму свінням? Давай сюды…

Дужы вусаты фурман паважна кіўнуў галавою, залез некуды пад калёсы, дастаў адтуль цяжкі скураны вацок, кінуў правадыру. Белагаловы ўзважыў вацок у руцэ:

— Дукатаў сто, сто дваццаць засталося. Здаецца, яшчэ колькі каменьчыкаў там павінна блытацца.

Перадаў немцу, чыя жонка ў перапэцканай сукенцы, з каптуром набакір тут жа кінулася прагна пералічваць манеты і разглядаць на святло дыяменты, якія сапраўды меліся ў мяшэчку.

— Гэта няшмат, — прамовіў белагаловы. — Але калі даедзеце да палацу князя Багінскага, будзьце пэўныя, вас узнагародзяць напоўніцу. Галоўнае, нідзе не называйцеся сапраўднымі імёнамі, прыдумайце сабе іншую гісторыю… Памятайце, што Пфальцманаў на свеце больш няма. А ўвогуле, радуйцеся, што выбраліся жывымі. Параіў бы вам замест зброі перайсці на музычныя машыны.

Да белагаловага падыйшоў высокі чарнавалосы чалавек з худым змрочным тварам, на фоне волата ён выглядаў нават вытанчана.

— Пан Ватман, Пфальцманы ад’язджаюць?

Найміт паціснуў плячыма.

— А нашто яны нам? Замінішча… Вунь фурманы адвязуць іх. А ў нас з вамі яшчэ шмат важлівага, доктар.

Блакітнавокі юнак з дзёрзкім тварам умяшаўся ў гаворку:

— Не забывайцеся, Ватман, што доктар — мой слуга! Без майго дазволу ён нічога рабіць не будзе!

— Ну што вы, як жа без вас… — белагаловы па-блазенску схіліўся. — Пакуль што выбірайце сабе па кані — не глядзіце, што яны ў мужыцкія вазы запрэжаныя, мы адбіралі самых хуткіх. І рушым…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: