Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Ну, вышэй нос, Гіпацэнтаўр! Мы выберамся!

Бразнулі засовы, дзверы адчыніліся, і ўвайшоў чалавек, якога бачыць Пранцысь хацеў бы яшчэ менш, чым князя Гераніма — аднавокі жаўнер. Ягоны мяккі твар з падвойным падбароддзем зусім не падыходзіў вою. Страчанае вока прыкрывала чорная павязка, а другое гарэла лютай нянавісцю. Аднавокі не звярнуў ніякай увагі на Пранцыся. Ён павольна абыйшоў вакол доктара, відовішча пэўна прыносіла яму насалоду.

— Што ж, ты чалавек, як відаць, цёрты… Не просты доктар-клісцірнік. Ваяваў, бізуноў каштаваў… І, напэўна, нічога і нікога не баішся… Так?

Спыніўся перад вязнем, наблізіўся амаль ушчыльную.

— Ты думаў, я здохну? Думаў мяне болей не пабачыць, а, вядзьмак? Ты памыліўся, мы, мужчыны з роду Прашковічаў, жывучыя… А яшчэ мы нічога не забываем. — Рот аднавокага расцягнула невясёлая ўсмешка. — Мой дзед быў жаўнерам у войску Станіслава Ляшчынскага, калі той ваяваў на баку шведскага караля. І аднойчы аднапалчанін абыграў дзеда ў косці, перад гэтым напаіўшы гарэлкай з прыгожых такіх маленькіх шкляных чарак з выявамі райскіх птушачак, якія насіў на шчасце ў адмысловай пушцы, набітай саломай. Падліваў, падліваў — за сяброўства, казаў, нельга не выпіць. І дзед, каб адыграцца, нават стрэльбу паставіў. А назаўтра на шыхтаванні, на якое дзед, натуральна, прыйшоў без стрэльбы, яго адлупцавалі, ледзь не расстралялі. А аднапалчанін смяяўся… Як ты, калі кінуў мне ў вока гэта…

Прашковіч рэзкім рухам падняў проста перад тварам вязня бронзавы стрыжань.

— Пазнаеш? — мяккі твар Прашковіча быў зусім блізка ад змрочнага твару Лёдніка, а бліскучы, старанна завостраны канец старажытнагрэцкага сціла, якое калісь належала шкаляру Вараняці, ледзь не дакранаўся вока доктара. — Дык вось… Мой дзед выжыў, і ягоны шчаслівы супернік таксама. Яны па ранейшаму лічыліся сябрамі. Той паскуднік нават на знак прымірэння і сяброўства падарыў дзеду адну чарачку з райскімі птушкамі. Па дарозе дадому яны спыніліся ў карчме і замовілі свіныя скабкі з фасоляй. Пасля якіх у аднапалчаніна пачаўся крывавы панос. Таму што ў ягоную талерку дзед мой высыпаў даўно падрыхтаванае ператоўчанае на пыл шкло ад тае самае чаркі. Аднапалчанін памёр там жа… Нібы ад нястраўнасці. Карчмара аштрафавалі — за нядобрую ежу. Табе падабаецца такая гісторыя, вядзьмак?

Пранцысь хацеў было выказаць сваю думку пра гнюснасць і подласць пачутай гісторыі, але сустрэўся з цвёрдым позіркам Лёдніка і стрымаўся.

Прашковіч гаварыў, нібыта муркатаў кот, які падбіраецца да птушкі, што патрапіла ў сіло. Раптам голас ягоны змяніўся, засычэў па-змяінаму, сціло дакранулася да шчакі Лёдніка, нібы ўджаліла…

— Як бы я хацеў выкалаць гэтай штукай абодва твае нахабныя вокі! — цяпер Прашковіч аж тросся ад нянавісці, падманлівая мяккасць пакінула ягонае аблічча. — Ці загнаў бы яе ў тваю пячонку, і глядзеў бы гадзінамі, днямі, як ты павольна канаеш!

На хвілю Пранцысю падалося, што жаўнер спраўдзіць свае словы, але той адвёў сціло і вымавіў:

— Але яго княская мосць захоча атрымаць цябе цэлым. Таму я не магу істотна папсаваць твой выгляд.

— Дык, можа, табе варта прапусціць князя наперад? — іранічна папытаўся Лёднік.

Прашковіч злосна рассмяяўся.

— Пасля князя мне ўжо нічога не застанецца, дурань. Ні вяршка цэлай скуры. Тваё шчасце, што яго княская мосць тэрмінова з’ехаў — перамаўляцца з вашым гаспадаром Сапегам. Але супраць таго, каб цябе трохі прыгладзілі, падрыхтавалі, князь нічога не мае. І ты сто разоў пашкадуеш, што кінуў у мяне гэты цвік!

Прашковіч узняў вастрыём уніз сціло, якое, відаць, шчыра лічыў цвіком, і з крыкам насалоды ўсадзіў яго ў грудзі Лёдніка, скіраваўшы, каб стрыжань прайшоў пад скурай. Лёднік стрымаў стогн, толькі дыханне яго на імгненне перарвалася. Кат адыйшоўся, паназіраў… Потым асцярожна, нібы выконваў тонкую рамесніцкую працу, пачаў падштурхоўваць відочны канец сціла так, каб вастрыё паказалася з-пад скуры… Ухапіўся за яго, выцягнуў, як шавецкую іголку. Па грудзях Лёдніка пабег тонкі цёмны струменьчык.

— Ніякай істотнай шкоды, праўда? — голас Прашковіча агідна дрыжэў ад задавальнення. — Але ж балюча не меней, чым калі б я сек цябе шабляй. Я вышыю гэтай голкай на тваім целе ўвесь свой боль, паскуднік!

І ўсадзіў сціло ў плячо доктара. Зноў працягнуў яго скрозь рану пад скурай. Павольна-павольна, ловячы найменшыя праявы болю…

Вырвіч злавіў злосны пагляд Лёдніка і паслухмяна заплюшчыў вочы. Пастараўся ўспомніць усмешку Паланейкі… Сінія вочы Сільфіды… Грацыёзныя рухі Міхалішыўны… Лічыў удары ўласнага сэрца… Але чуў толькі няроўнае дыханне Лёдніка, якое час ад часу замірала. А тут яшчэ аднавокі жаўнер, не перапыняючы сваёй жудаснай працы, пачаў напяваць знаёмую песню:

— З вушак будуць нажнiчкi, З вушак будуць, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Нажнiчкi. З зубоў будуць пацеркi, З зубоў будуць, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Пацеркi…

Самае брыдкае, што кат ні пра што не пытаўся, яму не патрэбна было ад вязня нічога, акрамя болю… Вырвічу падалося, што гэты жах цягнецца бясконца. Закрычаць? Адцягнуць увагу на сябе? Але Лёднік не дасць гэтага зрабіць, спецыяльна раззлуе мярзотніка, і станецца яшчэ горш. Да таго ж, сапраўдныя катаванні чакалі наперадзе, чарга мусіла дайсці і да маладога шляхціца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: