Шрифт:
— Ён можа… лекцыю… — сярдзіта прамовіў Пранцысь — і тут нельга абысціся без Лёдніка! Затое добра, што тэму памянялі, і можна ўзяць галантную ноту. — Я ўпэўнены, што асабліва пекныя паненкі маюць прыродную чысціню і надзвычай прыемны водар, як кветкі. Вось скура ваша, мая панна, пахне найлепшымі ружамі… —Пранціш насмеліўся схіліцца да ручкі паненкі. Паланэйка міла зморшчыла носік і ручку сціпла прыбрала.
— Пан, напэўна, забыўся, што нават ружы растуць на зямлі, якая насычаная зусім не пекнымі водарамі. Трэба заўсёды памятаць, што мы з зямлі выйшлі і ў зямлю сыдзем.
Багінская відавочна паўтарала павучанні цёткі, і яшчэ ўздыхнула пры гэтым удавана скрушна.
— Няўжо паненка ў манашкі збіраецца? — галантна здзівіўся Вырвіч. Паланэйка засмяялася, зубкі яе, белыя, акуратныя, чамусьці здаваліся вострымі, як у драпежнага звярка.
— Спадзяюся, гэтая доля мяне праміне. Ды я ўжо і прасватаная.
— За каго? — трохі нацягнута папытаўся Вырвіч, хаця ясней поўні было, што шарачок у якасці жаніха для сястры магната і прэтэндэнта на карону падыходзіў не больш, чым драбіны да калыскі, і любая праява рэўнасці тут недарэчная.
— За Адама Чартарыйскага, падчашага, — легкадумна адказала Паланэйка.
— Ён жа… стары, — буркатнуў Пранціш.
— Ну і што? — какетліва паціснула плечыкамі паненка, як быццам яны былі дэкальтаваныя, а не хаваліся пад шчыльнай тканінай паслушніцкай сукенкі.—У яго тры мястэчкі, дзесяць маёнткаў, душ, мабыць, сотня тысяч. А суцешыць сэрца я знайду з кім!
— Як бы я хацеў суцешыць сэрца паненкі — хоць цяпер… — па ўсіх правілах куртуазнасці прагаварыў Пранцысь, але сустрэў халодны насмешны позірк.
— Можа быць, калі пан Вырвіч пачне з’яўляцца пры двары… На балях…
Пранціш пачырванеў, нешта балюча заварушылася пад сэрцам, як быццам ён зноў пачуў выгукі на калідорах езуіцкага калегіюму: «Гнаявік! Гнаявік!». Так не павінна больш быць! Ён перарос гэтае вартае жалю становішча.
— Але ж гэты каралеўскі двор можа быць вашым, мая панна! Калі я, рызыкуючы ахвярна жыццём сваім і не шкадуючы крыві сваёй, прынясу ягонае княскае мосці, пану Міхалу Багінскаму, рамфею, дзіду святога Маўрыкія, рэліквію, якая надае мудрасці і вялікасці, і ён стане каралём… Можа быць, пры вашым двары знойдзецца месца і для мяне?
Паланэйка паглядзела на Вырвіча зверху, і ён на хвілю жахнуўся, бо твар яе падаўся яму тварам антычнай багіні, больш мармуровым, чым удавалі прыгонныя актрысы Гераніма Радзівіла.
— Безумоўна, брат узнагародзіць вас шчодра, і знойдзе пачэснае месца. Напрыклад, мог бы зрабіць вас кавалерам… Праз тры гады навучання вы атрымалі б неабходны свецкі бляск і годныя манеры і маглі б працягнуць сваю кар’еру.
Пранціша як абліло халоднай вадой. Пры магнацкіх дварах заўсёды былі кавалеры, іначай — пажы: юнакі са шляхецкіх сем’яў тры гады служылі, як загадаюць, насілі за панам зброю, за пані —малітоўнік. Калі напаскудзяць — атрымлівалі па спіне карбачамі, на дыване, вядома. Праз тры гады гаспадар даваў такому юнаку поўху, прапіваў з ягоных рук чару, узнагароджваў зброяй і чым яшчэ ад шчодрасці сваёй, і лічылася, што юнак спасцігнуў свецкую ды вайсковую навукі. Раней Пранцысь мог толькі марыць пра такое. Але няўжо гэта ўсё, чаго Паланэйка лічыць Пранціша вартым? Нават пасля таго, як ён з шабляй бег на ўзброеных стрэльбамі жаўнераў у Слуцкай браме, ва ўпэўненасці, што зараз гераічна загіне?
Злосць і крыўда падымаліся з глыбіні душы крывавым туманам… Можа, проста справа ў тым, што ён занадта галантны, а жанчыны любяць рашучых? Вунь як яна зняважліва згадвае пра свайго «мяккацелага», баязлівага брата, якога трэба ў спіну штурхаць, нават каб на невялікі ўзгорак узышоў, і які ад боязі перад невялічкім такім скандальчыкам пры каралеўскім двары саслаў сваю сястру сюды, нудзіцца і адмольваць зусім даравальныя высакароднай паненцы грахі. Сябар пана Міхала, рускі пасол Рапнін, яго ледзь не ў вочы называе мокрай курыцай, а князь церпіць. Adonis in Eskarpnis, Адоніс у лёгкіх чаравіках, а не сармацкі рыцар. На месцы расейскай прынцэсы Паланэя таксама б такога ў сэрца не ўпусціла!
Вырвіч жа не быў мокрай курыцай… І паспрабаваў сарваць з вуснаў паненкі пацалунак. Урэшце, ён быў яму дакладна абяцаны! Яшчэ тады, у карчме.
Але пацалунак не атрымаўся, хаця Пранцысь лічыў сябе ў гэтай справе спрактыкаваным, як стары паляўнічы — у стральбе. Паненка скрывілася, нібыта датыкнулася да жабы, адштурхнула хлопца і папыталася насмешна, колькі ў ягонага бацькі прыгонных, колькі вёсак і гарадоў… І як даўно пан удзельнічаў у прыдворнай каруселі [16] — рыцарскім паядынку. І ці не ён быў у першым шэрагу каруселі ў Кракаве, у чорных даспехах, на арабскім скакуне з зялёнай збруяй? Не? А пан увогуле каня мае?
16
Карусель— прыдворны рыцарскі турнір.
Яна сапраўды шчыра лічыла такіх, як Вырвічы, людзямі іншай, ніжэйшай пароды. Гэтаксама, як Вырвічы пагардліва глядзелі на простых мужыкоў, няхай тыя побач з імі аралі зямлю і смяяліся за вочы «Два паны — адны штаны». Але калі маленькі Пранцысь гуляўся ў яшчара і чыжа з сялянскімі дзеткамі, старэйшы Вырвіч пільна сачыў, каб мужыцкія лапы не выцялі шляхецкага сына, а пасля гульні каб кожны пацалаваў руку малодшага Вырвіча ды падзякаваў панічу за ласку пагуляцца з імі. Што, праўда, не заўсёды выконвалася, асабліва наконт кухталёў, якімі малечы зазвычай абменьваліся, не зважаючы на тытулы.