Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Прабачце, пані-маці Альжбэта, маральнасць — гэта важна, але мне здаецца, для нас важней зараз абмеркаваць зусім іншае… За рэліквіяй пойдуць, як я разумею, панна Рэніч і ейны амарат, але Ватман таксама. Як, Ватман?

— Ды няхай сабе ідуць удваіх, — адказаў найміт з крывой усмешкай. — Не праблема, ваша мосць… Калі я пайду следам.

— Узнагарода будзе вам самая шчодрая, — запэўніў князь Багінскі.

— Няхай ваша княская мосць і ўсе прысутныя высокія госці даруюць, але дазвольце нагадаць пра адну акалічнасць, — Пранцысь ледзь дацярпеў, каб не ўмяшацца раней. — Справа ў тым, што гэты Лёднік не ёсць вольным чалавекам і не можа распараджацца сабою па сваім угледжанні. Ён мой пажыццёвы слуга, які прадаў сябе за даўгі.

Пранцысь падаў у рукі князю з самым свецкім паклонам паперу ад Агалінскага, і ўрачыста прамовіў фразу, якая змушала ягонае сэрца пераможна біцца.

— Доктар — мая маёмасць!

Багінскі прабег вачыма паперу і перадаў Марыконі, які пачаў уважліва яе вывучаць. Лёднік утаропіўся некуды перад сабой адсутным позіркам, Саламея сціснула рукі, быццам ёй стала холадна.

— Маёмасць шляхціца — справа святая, — прамовіў Багінскі.—Але я гатовы купіць у пана Вырвіча ягонага слугу за любую суму, якая яго ўсцешыць.

Пранціш задаволена ўсміхнуўся. Вось цяпер доктар адчуе, як трэба цаніць свайго гаспадара!

— Можа быць, і прадам, — прамовіў Пранціш, ад пачуцця салодкай помсты ў яго аж галава круцілася. Ну няхай не ў руку доктар пачне яго цалаваць, няхай хоць папросіць — «Не прадаваце мяне, пан Вырвіч», хоць знак які падасць. Ды хаця б засмуціцца, Пранціш і ягоным спалохам задаволіцца. — Слуга мой наравісты, непаважлівы. Худы, але затое дужы, — Вырвіч схапіў Лёдніка за руку, нібы дэманструючы прысутным. Лёднік павярнуўся да яго і спакойна папытаўся:

— Зубы паказаць?

— Што? — разгубіўся Пранцысь.

— На кірмашы рабоў звычайна яшчэ зубы правяраюць, — роўным голасам патлумачыў Лёднік. Пранцысь дзесьці ў глыбіні душы адчуў, што перагінае палку са сваёй помстай.

— А я б яго купіў! — радасна прамовіў Герман Ватман. — Доктар, зоркавед, золата варыць… Толькі трэба зрабіць яму пэўную аперацыю, каб дзевак болей не псаваў.

— Не забывайцеся, пан, тут дамы! — абурылася маці Альжбэта.

— А што, дамы супраць? — гарэзаваў Ватман. — Яны ўсе зацікаўленыя ў патэнцыі доктара?

На гэты раз свайго канфідэнта перапыніў сам Багінскі, строга азірнуўшыся на яго.

— Дык за колькі слугу свайго прадасі? — сур’ёзна пацікавіўся князь. Пранцысь зрабіў належную паўзу, прыняў важны выгляд і набраў паветра ў лёгкія, каб прамовіць даўно загатоўленае: «Мой слуга не прадаецца! Таму ў сутарэнні з ім адпраўлюся я, каб абараняць яго і панну Рэніч і здабыць рамфею!».

Але прамовіць не паспеў, таму што трыбунальскі віцэ-маршалак Марыконі рыпучым голасам сказаў:

— Ніякай праблемы не бачу! Згодна артыкула дзевятнаццатага, раздзел дванаццаты Статута Вялікага княства Літоўскага, калі вольны чалавек прадае сябе ў няволю, не ў змозе выплаціць даўгі, за ім застаецца права выкупіць сябе ў той жа час, як ён здабудзе адпаведныя грошы. І крэдытор не мае права ўтрымліваць яго.

Багінскі ўсміхнуўся.

— Вось і цудоўна… Колькі там Лёднік вінен?

— Дзвесце дукатаў,— зачытаў Марыконі.

— Усяго! — зноў усміхнуўся князь. — І нашто пайшлі тыя дзвесце дукатаў, а, Баўтрамей?

— На алхімічныя доследы, — сумна адказаў Лёднік.

— І як, знайшоў філасофскі камень?

— Галоўнае, я зразумеў, што яго не варта шукаць, — гэтак жа змрочна адказаў доктар.

— Ватман, дзвесце дукатаў з сабой у нас ёсць? — папытаўся Багінскі. Найміт выцягнуў са сваёй сумкі цяжкі вацок, высыпаў на стол манеты, пералічыў:

— Дзвесце нават з лішнім, ваша мосць!

— Выдатна! Перадай іх Лёдніку.

Ватман акуратна ссыпаў манеты назад ў скураны мяшэчак, ляніва падыйшоў да доктара, кінуў мяшэчак яму ў рукі.

— Так, цяпер пры сведках доктар Баўтрамей Лёднік павінен аддаць дзвесце дукатаў свайму гаспадару, шляхціцу Пранцысю Вырвічу! — скамандаваў Марыконі. —А вы, пан Раманоўскі,— загадаў чыноўніку, што стаяў за ягонай спінай, — зараз жа гэта ўсё юрыдычна аформіце.

Чыноўнік паслухмяна сеў за стол, расклаў прыналежнаці і пачаў хутка пісаць, пяро аж парыпвала. Князя Багінскага гэтая сцэна, падобна, вельмі забаўляла.

Пранцысь, як у сне, адчуў, што яму ў рукі ўкладваюць цяжкі скрутак, які ён ледзь не выпусціў.

— Бач, як радуецца хлопец, што столькі грошай займеў,— заўважыў Ватман.

— Алхімікі, ведзьмакі, чарнакніжнікі — яны ж апантаныя, — грэбліва прагаварыла маці Альжбэта. — Гэты варты жалю грэшнік усё роўна сваю волю не ўтрымае.

— Вось як… — задумаўся Багінскі.—А што, Лёднік, ты працягваеш свае доследы?

— Я адмовіўся ад алхіміі, астралогіі і ўсіх магічных заняткаў, ваша мосць, — цвёрда прамовіў Лёднік, у якога ад узрушэння гарэлі на худых шчоках чырвоныя плямы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: