Шрифт:
— Вельмі годны ўчынак, ці не праўда, цётачка і сястрыцы? — задумліва прагаварыў Багінскі, якому спадабалася гульня «дай волю доктару». — І лекар ты, відаць, добры… Дыплом ёсць?
— Нават два, ваша мосць! — прамовіла Саламея Рэніч, вось у яе голас дрыжэў. — Пражскага універсітэту, доктара вольных навук, і Лейпцыгскага ўніверсітэту, доктара медыцыны.
— Вельмі годна! А што, пан Марыконі, у цябе яшчэ застаўся які каралеўскі патэнт набілітацыі? Ты, здаецца, ад Бруля атрымліваў…
Марыконі пасміхнуўся, пакруціў галавою.
— Ёсць адзін…
— Вось і ўпішы прозвішча доктара. Сёння абы хто шляхецтва сабе купляе, навалач усялякая, галантарэйшчыкі, бакалейшчыкі… А тут — двойчы доктар, у Еўропе вучыўся.
Ватман зноў зарагатаў, а пані Альжбэта ўсхадзілася:
— Міхал, гэта ўжо занадта! Ты што, хочаш гэтага хама зрабіць шляхціцам? Не ганьбі нашы святыя ідэалы!
— Як кажа Жан-Жак Русо, цётачка, усе людзі маюць ад прыроды роўнасць, і адрозніваюцца толькі асабістымі якасцямі, — насмешна прамовіў пан Міхал.
— Ваша княская мосць, пане-браце, я разумею ваша захапленне Дыдэротам ды іншымі французішкамі, але прадстаўнік нашага старажытнага роду не павінен так абыякава ставіцца да шляхецтва! — ускрыкнула і княгіня Алена і злосна зірнула на Саламею, быццам тая ва ўсім і была вінавата. Але князь Багінскі, падобна, быў толькі рады «паказаць казу» старэйшай сястры і цётцы, якія звыклі з дзяцінства яго павучаць. Княгіня Алена сцвярджала, што нізкіх людзей найлепш заахвочваць бізуном… Пані Альжбэта бурчэла наконт праклятых вальнадумцаў, якімі захапляецца пляменнік, пра ягоныя музыцыраванні і пэцканіну, што ўводзяць у грэх легкадумства, адрываючы ад такіх важных спраў, як палітыка і вайна. Але Міхал Казімір развесяліўся напоўніцу і пачаў абмяркоўваць з Лёднікам нашумелы трактат Русо, ігнаруючы выкрыкі цётачкі, што Русо — лёкай, і філасофія ягоная лёкайская!
Між тым паперы былі складзеныя, падпісаныя высокімі персонамі і зачытаныя. З іх вынікала, што полацкі мешчанін Баўтрамей Лёднік, па-першае, лічыцца адгэтуль зноў вольным чалавекам, бо разлічыўся з даўгамі, а па-другое, ён цяпер становіцца шляхціцам, панам Лёднікам.
— Герб сабе сам знойдзеш! — весяліўся Багінскі. —Прымажашся да якога роду… Хоць да Вырвічаўскага Гіпацэнтаўру… Былы гаспадар пазычыць жа табе свайго герба? Ты ж яму цяпер брат у шляхецкай роўнасці?
— Няхай лепей з клісцірных трубак ды ланцэту герб адмысловы складзе! — рагатаў Марыконі.
— Гэта негалантна, — далучылася да тонкіх здзекаў і Паланэя. — Вы ж разумееце, што хутчэй за ўсё гэтым гербам будзе карыстацца і тая панна! А вы — клісцір…
Паны рагаталі, нібыта глядзелі ў балагане на дрэсіраваных медзвядзёў, якіх прымушаюць таньчыць, выяўляць з сябе свецкіх хлюстаў у багатых касцюмах. Пранцысь моўчкі глядзеў, як Лёднік і Саламея Рэніч на каленях дзякуюць дабрадзеям за гэткую высокую міласць. Кланяюцца, стараюцца… А паны ўсё рагочуць… Паланэйка какетліва закідвае галаву, паказвае белыя вострыя зубкі, маці Альжбэта прыкрывае танкагубы рот рукой, абцяжаранай пярсцёнкамі, дарма што мнішка, Багінскі ўжо выцірае слёзы са свайго пульхнага твару… Рогат нібыта ператвараўся ў перліны, якія затаплялі пакой, як у колісь убачаным жахлівым сне.
У шкаляра ў галаве было пуста, быццам пасля добрай папойкі, калі яшчэ не пачалі балець атрыманыя сінякі ды гузакі, але стан «мора па калена» паступова праходзіць.
— Ну вось, на другім тыдні посту адпраўляецеся ў Полацк, — прамовіў, адсмяяўшыся, Багінскі, якому зноў пачало рабіцца сумна. — Сапегі і Радзівілы ў гэты час будуць на сойме ў Варшаве.
— Няхай яны ў Варшаве выракуюць, што хочуць, а мы ведаем, хто стане наступным каралём Рэчы Паспалітае! — абвесціў Марыконі.
— Віват каралю! — выкрыкнуў, аддана вырачыўшы на Багінскага вочы, чыноўнік Раманоўскі, жадаючы, відаць, дагадзіць пану перш за другіх, але яго падхалімскага выкрыка ніхто не падтрымаў, князь дык нават скрывіўся, нібыта раскусіў гнілы арэх, і пан Раманоўскі збянтэжана адступіў у цень.
— Калі рамфея трапіць у твае рукі, пляменнік, трэба будзе неадкладна засведчыць аб гэтым перад усім светам! — папярэдзіла маці Альжбэта. — Цябе падтрымае святы касцёл! Асабліва калі паабяцаеш, што ахвяруеш яму святыню…
— Я яшчэ падумаю, як распарадзіцца гэтай святыняй. І ці варты я яе… — задумліва прамовіў пан Міхал, круцячы ў руках медальён з партрэтам будучай расійскай царыцы з самым мройлівым выразам на мяккім твары. Пані Алена і цётка шматзначна перазірнуліся.
— Вядома, ты, і толькі ты варты ўладання рэліквіей і польскага трону! — з націскам прамовіла пані Альжбэта.
— Брат, падумай, ты зможаш здзейсніць усе свае планы па паляпшэнні жыцця народу, мужычкоў нашых няшчасных прасвятляць станеш. Пры табе расцвітуць мастацтвы, запросіш, урэшце, свайго ўлюбёнага Дыдро да двара і будзеш з ім раіцца! — хаваючы раздражненне, лісліва прамовіла княгіня Алена, а панна Паланэя, парушаючы ўрачыстасць моманту, фыркнула.
— Магчыма, і так… — млява прамовіў Багінскі, з тугой гледзячы некуды ў столь і відавочна марачы вярнуцца да флейты альбо мастакоўскіх фарбаў замест трывожных палітычных размоў, якія абяцалі толькі нежартоўныя клопаты.