Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Ватман кінуў лянівы позірк і злосна вылаяўся: Пранціш трымаў над агеньчыкам свечкі клубок Івана Рэніча. Канец вяроўкі ўжо аблізвала полымя.

— Ну што, застанемся тут усе разам? Як кажуць, ні вашым, ні нашым!

Ватман апусціў зброю, ягоны шырокі твар перакрывіўся ўсмешкай.

— Дарэмна я дазволіў пажыць вам гэтыя лішнія хвілі. Ты, значыць, гатовы памерці, шкаляр?

— Сапраўдны шляхціц заўсёды гатовы да смерці! — выкрыкнуў Вырвіч, і агеньчык падняўся па вяроўцы вышэй. — Нармальная кампанія, святое месца, добрая бойка… Памірайма, панове!

Лёднік абцёр рукавом пот і кроў з ілба, да якога прыліплі зблытаныя цёмныя валасы.

— Ватман, прапаную дамову… Без вяроўкі ты не пройдзеш лабірынт. Няхай жанчына і хлопец выйдуць адсюль, а тут застанемся я, ты і рамфея. Пакладземся на Божы суд.

— Я таксама застануся! — выкрыкнуў Вырвіч, не даючы вяроўцы разгарацца, але трымаючы клубок у небяспечнай блізкасці ад агню.

Барон зарагатаў.

— Ды мне ўсё адно, у якой чарговасці вас забіваць. Лабірынт — гэта сур’ёзна, магу заблукаць… Але магу і выбрацца, памяць у мяне добрая. Жанчыну я і так вазьму сабе жывою, хоча яна гэтага ці не. Апусці, апусці свой ножычак, мая красунька, а то парэжашся!

— У абмен на мяне ты таксама не пакінеш у спакоі рамфею і іх? — горка прагаварыла Саламея.

— Які тут можа быць гандаль? — удавана абражана прамовіў Ватман. — Каханнем не гандлююць, мая пані, яго заваёўваюць! А ваша чароўная дзіда — гэта проста мая работа. Герман Ватман славіцца тым, што заўсёды выконвае даручэнні.

— Часткай твайго даручэння было забіць мяне і Вырвіча, як толькі знойдзем рамфею? — удакладніў Лёднік, які стаяў у падманліва расслабленай паставе, апусціўшы шаблю, але гэта быў спакой змяі, што звярнулася лянівымі кольцамі і ў любое імгненне кінецца на ворага чорнай маланкай. Ватман па-блазенску развёў рукамі.

— Праца ёсць праца, дружа.

— Саламея, ты чуеш? — нечакана пераможна прагаварыў Лёднік. — Ты вольная ад свайго слова, любая!

Найміт пагардліва хмыкнуў:

— Ну што ж, тады жарты скончыліся. Рыхтуйся, доктар, першым будзеш у смерці на блінах, тварына ты слізкая.

Але першым аказаўся акаваны жалезнымі палосамі фаліянт, які Вырвіч трапна шпурнуў у галаву найміта. Што-што, а шпурляцца шкаляр умеў дасканала. Кнігі легендарнай полацкай бібліятэкі, гэтыя змясцілішчы вышэйшай мудрасці і цнотаў, паважныя і самавітыя, ляцелі, як найлепшыя снарады, тым больш запас іх быў салідны. Ляцеў магутны «Codex Sinaitikus», адчайна ўзмахвалі пергаментнымі крыламі «Месяцаслоў» і «Жыццяпіс святой Феўроніі», са свістам працінала паветра кранальная гісторыя пра Трышчана і Іжоту… Ватман зарычэў, кроў з рассечанага брыва залівала ягоныя ваўкалацкія вочы. Шабля Лёдніка ўдарыла яго ў бок, праўда, доктар зараз жа сам атрымаў чаканам па плячы і перакінуў шаблю з правай, знямелай ад болю, рукі ў левую.

Раптам пачуўся каменны скрыгат.

— Хочаш выканаць сваю працу, Ватман? — голас Саламеі пачуўся з супрацьлеглага канца пакою, ля выхаду, які зноў быў адчынены. Жанчына у адной руцэ трымала ліхтар, у другой падымала кавалак металу, перацягнуты срэбным дротам. — Прабач мяне, Госпадзе! — і палезла ў вузкі ход. Ватман адкінуў Лёдніка адным ударам чакану, так, што той стукнуўся галавой аб паліцу, і пабег за Саламеяй.

У пакоі запанавала цемра, у якой згасала чырвонае вока паваленай свечкі і дагараў клубок Івана Рэніча. Шкаляр падняў свечку, якая, на шчасце, разгарэлася зноў, і пабег да доктара. Лёднік ляжаў на падлозе ніцма, ля ягонай левай скроні нацякала цёмная лужынка.

— Бутрым… Чуеш, Бутрым, ты жывы?

І разумеў, што пытаецца дарэмна, зброя ў руках Ватмана хібаў не давала. Шкаляр паставіў свечку, дрыжачымі рукамі перакуліў цела. Цела глыбока ўздыхнула і стрымана застагнала.

— Жывы!

— Часткова.

Бутрым з цяжкасцю сеў, патрос галавой, абцёр з твару кроў.

— Паспеў вывернуцца ў апошні момант. Я ж тварына слізкая… Хаця пару рэбраў Герман мне зламаў. Ён дзе?

— Пайшоў за Саламеяй.

Лёднік узняўся, абапёршыся на шаблю, пастаяў, апусціўшы галаву, каб разамгліўся туман.

— Бяры паходню… Рушым! Хутчэй!

У зале Надзеі іх чакала страшнае відовішча. Саламея стаяла на вузкай дарожцы, трымаючы руку з рамфеяй над прорвай. Перад ёй, на адлегласці трох крокаў, высіўся Ватман з шабляй, якая цягнулася да жанчыны, як гадзюка.

— Падыдзеш — кіну ўніз! — цвёрдым, хаця й задыханым голасам гаварыла Саламея. Лёднік таксама ступіў на чырванаватыя пліты.

— Ватман, суніміся! Давай дамаўляцца — я ж бачу, ты можа ўпершыню ў жыцці не хочаш забіваць!

— Мала што не хачу, ёсць такое слова — трэба! — змрочна прагаварыў Ватман. — А ты, доктар, проста як блыха: здаецца, прыціснуў пазногцем, раздушыў — на табе, далей скача. Без рамфеі я адсюль не выйду! І вы не выйдзеце.

— Паслухай, ну ўяві, што будзе, калі гэтая рэліквія апынецца ў руках нават такога мяккага чалавека, як князь Багінскі… Хіба ёсць магнат, які не скарыстаецца ёю на карысць свайго самалюбства? Зноў пачнуць свае ж рэзаць сваіх, далучацца чужыя, спаляць гарады, вытапчуць палі…—Лёднік казаў мякка, павучальна… Як быццам падчас душэўнай бяседы. І патрошку пасоўваўся наперад.

— А табе што да гэтага, Фаўст? — насмешна папытаўся Ватман. — Хто ты такі? Недавершаны астролаг, няўдалы алхімік, недапечаны шляхцюк? Ці даўно цябе прадавалі, як цяля на рынку? Ці даўно гэты баявіты хлопчык аб цябе боты выціраў? І раптам — дзяржаўны клопат. Ой, не веру. Гэта ты перад каханачкай сваёй вырабляешся. Быццам не ведаеш, што і без рамфеі тут будуць рэзаць адзін аднаго. А так хаця б адзін мацнейшы ўладар утворыцца, вакол якога згуртуецца шляхта. І не рухайся далей, я ўсё бачу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: