Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

Лёднік спыніў сваё прасоўванне па дарожцы. Аблічча ў Ватмана было страшнае, як на старажытнай ілюстрацыі да «Бестыярыя». Яму таксама дасталося: галава і твар збітыя кнігамі, на баку неглыбокая, але ж рана, адзежа пашкуматаная лёзамі. Але ён усё яшчэ быў неверагодна дужы і спрытны, здавалася, аб яго можна толькі разбіцца.

— Пан Ватман, я выклікаю вас на двубой! — выкрыкнуў Пранціш. — Вы — нягоднік і мужык! Калі адмовіцеся — вам ганьба!

— Ганьбай больш, ганьбай менш, а нябожчыкі не пляткараць, — абыякава прамовіў Ватман, нават не азірнуўшыся, і пасунуўся да Саламеі.

— Красунечка мая, аддай дзіду! Хіба ты не баішся, што за гэткае вольнае абыходжанне са святой рэччу Бог цябе пакарае?

— Бог бачыць мае намеры! Не падыходзь! — прагаварыла Саламея і адступіла далей. Ясна было, што бойка на гэтым мастку над прорвай, дзе дваім ніяк не разысціся — праўдзівая смерць. Вырвіч паклаў паходню на край пліты, падыйшоў да Лёдніка, які застыў на сцежцы, крануў за плячо, зашаптаў:

— Ты паранены… А я змагу! Падскочу да яго са спіны… Прапусці!

Ватман, не гледзячы, працягнуў у бок доктара і шкаляра руку з чаканам, у той час, як шабля ў другой руцэ па ранейшаму цэлілася да Саламеі:

— Нават не думайце!

Шкаляру стала вусцішна: няўжо Ватман яшчэ і слых звярыны мае?

Саламея зрабіла яшчэ крок, адступаючы спінай да выхаду… Ватман засунуў чакан за пояс, сціснуў і расціснуў прабітую сцілом руку… А далей зноў было, як падчас начной навальніцы, калі ў святле частых маланак паспяваеш разгледзець толькі асобныя малюнкі, якія не адразу складаюцца ў адзін сюжэт. Найміт кінуўся да жанчыны, спадзеючыся перахапіць рамфею… Але пані Лёднік вельмі трапным, можна сказаць, адпрацаваным рухам, дала яму нагой у тое месца, у якое мужчыне страшней за ўсё атрымаць удар. Прынамсі, у гэтым белавалосы нічым не адрозніваўся ад іншых прадстаўнікоў люду паспалітага, якія паводле закону носяць нагавіцы, бо завыў ад болю і сагнуўся, а яшчэ раз’ятрыўся… А Саламея з крыкам «Прабач, Госпадзе!» расціснула пальцы. Ватман памкнуўся ўхапіць рамфею — і атрымаў ад Чароўнай Дамы такога выспятка ў яшчэ адно не самае прыстойнае месца, што паляцеў услед за рэліквіяй. Нават не ўскрыкнуў. Услед за ім упаў ліхтар… І амаль адразу ж павалілася і паходня, якую Пранціш зачапіў нагой.

Здарылася тое, чаго яны так баяліся апошнім часам: панаванне цемры. Страшной, усемагутнай цемры сутарэнняў.

Цемра… І ціша. Толькі чуліся сутаргавыя ўздыхі Саламеі.

— Залфейка, ты як? — трывожна папытаўся Лёднік сцішаным голасам, нібыта баяўся, што на шум прыйдуць новыя белавалосыя, а можа й чарнявыя альбо лысыя Мінатаўры, не такія паблажлівыя, як іх нядаўні спадарожнік.

— Жывая. У адрозненне ад… Крэсіва не згубіў? Тут побач паходні.

— Чакай, зараз я падыйду… Дакладней падпаўзу. Вырвіч, а ты з месца не ўздумай кранацца, пакуль святло не здабудзем!

Калі паходня нарэшце запалала, вандроўнікі ўбачылі адно аднаго. Вядома, наяўнасць у свеце жывых радавала. Знешні выгляд — не вельмі. Асабліва па традыцыі дасталося Лёдніку — відаць, сапраўды планіда ў яго такая была.

Перш, чым пакінуць залу — цяпер яны выходзілі, як і належала чыстым сэрцам паломнікам, з пустымі рукамі — Саламея падыйшла да края пліты і паўзіралася ў прорву, у якой знік Ватман.

Толькі падняўшыся па прыступках у залу Веры і пачуўшы, як за іх спінай з грукатам і скрыгатам апускаецца сцяна, яны трохі перадыхнулі. Лёднік знясілена лёг на падлогу, прамармытаўшы сваё ўлюбёнае «не кароста, дык адзёр». І Саламея зноў узялася за лекаванне лекара. Перацягнула яму зламаныя рэбры паласой, ададранай ад кашулі, памацала плячо, на якое таксама абрынулася зброя Ватмана — тут косткі былі цэлыя, хаця сіняк наліваўся здаравучы. Доктар запэўніў устрывожаную жонку, што выжыве… Калі, вядома, не атрымае ад яе ў будучым такіх удараў у адчувальныя месцы, якія яна, аказваецца, так дасканала ўмее наносіць.

Каб галава ў яго і так не была разбітая, Саламея паказала б, па якім яшчэ слабым месцы ўмее лупіць недалікатных мужыкоў. Бо забойства — не самая лёгкая ношка для душы, не звыклай купацца ў крыві. Тут не да жарцікаў.

Яны ўтрох сядзелі на каменнай падлозе, глядзелі на фрэску з выявай Страшнага Суда, у прыцемку здавалася, што выявы варушацца, і вочы Вялікага Суддзі паглядаюць проста ў душу… І Пранцішу не хацелася нават думаць, што рабіць далей. Бо выйсця асабліва і не бачылася.

— Доктар, а клубок згарэў…

— Няважна, — прамармытаў Лёднік, які ўладкаваў пабітую галаву на калені Саламеі і цяпер цешыўся дотыкам яе прахалодных пальцаў да свайго вучонага ілба. — Я дарогу памятаю, не цяжэй, чым запомніць размяшчэнне сузор’яў. Але вось ці варта нам ёю вяртацца?

Пранціш не ведаў, што адказаць. Ён глядзеў на выявы грэшнікаў, што ішлі ў вогненнае мора, хаця, напэўна, кожны з іх пры жыцці зусім не спадзяваўся на такі вырак, а хтось і не задумваўся пра лёс сваёй бессмяротнай душы. А можа, былі і такія вартыя жалю дзівакі, якія ганарліва наяўнасць тае самае душы, «бесцялеснае субстанцыі», адмаўлялі, выдумляючы «жывёльны магнетызм» альбо «сусветную механіку». І вось вам — анёл з вогненным мечам… І не ўцячы, і не прыпыніцца.

І не атрымае цяпер Паланэя Багінская з рук свайго вернага рыцара Пранціша Вырвіча рамфею, і не стане сястрой караля, блаславёнага самім Небам…

Але святыня засталася ў Полацку. Назаўсёды…

— Трэба ісці, пакуль не дагарэлі апошнія паходні і свечкі. У нас жа няма такіх вачэй, як у Ватмана… — прамармытаў Лёднік. — І вады няма… І ежы…

— Куды ж нам ісці? — ціха прагаварыла Саламея. — Пашукаць хіба іншыя выхады з лабірынту? Але каля ўсіх храмаў людзі князя. Няма для нас месца на зямлі…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: