Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Можа быць, Божым судом усё вырашыць? — прапанавала пані Алена. — Кожны з прэтэндэнтаў выставіць байца…

— А вы, вядома, свайго Ватмана! — злосна прамовіў Сапега. — Ён хоць і пашкуматаны цяпер, але ўкладзе любога. Несправядліва.

Ватман не стаў больш радасным ад звесткі, што яго могуць выставіць на двубой.

Сонца схавалася за абрысам Сафіі, і храм здаваўся караблём з двума мачтамі, на які мог сесці любы, але дапялі прыйсці толькі адзінкі, вось яны цяпер і адплывуць услед за сонцам у свет святла, а тут застануцца грэшнікі смакаваць імгненні пагібелі. Абраксас ірваўся ў розныя бакі сваёй супрацьлеглай натуры, кукарэкаў, сычэў і сцябаўся, і ніхто не ведаў, чым гэта скончыцца.

Сойм перанеслі з вуліцы ў апусцелы дом Івана Рэніча. Каб не было спрэчак с рамфеяй, яе даверылі трымаць Саламеі, патомнай захавальніцы. Святыню паклалі ў самы прыгожы куфэрак, які маглі знайсці, з чырвонага разнога дрэва, няўважна вытрасшы з яго нечыя каралі ды сыкгнеты. Натуральна, што пані Лёднік ахоўваў цэлы набор жаўнераў — ад кожнай партыі.

Пакуль магнаты займаліся стратэгічнымі справамі, дакладней, крычалі адно на аднаго за зачыненымі дзвярыма, Ватман стамлёна прысеў на лаўку, прыкладаючы да раны на баку хлеб з павутой, найлепшы сродак для зажыўлення. Лёднік дык проста знясілена ўлёгся на падлогу, і Саламея лекавала ягоныя раны такім самым хлебам, намагаючыся не глядзець на белавалосага мужчыну, якога амаль забіла. А Вырвіч круціў у руках хустачку Паланэйкі, нібыта ў роздуме, і краем вока сачыў, ці заўважае гэта гаспадыня хустачкі, якая была тут жа. Куфэрак з чырвонага дрэва стаяў на століку пад распяццем, у куце. Тры жаўнеры на варце з цікаўнасцю паглядалі на яго, гадаючы, што за каштоўнасці там могуць знаходзіцца.

— Ты казаў, Герман, я жывучы… Куды мне да цябе! — парушыў зацятае маўчанне Лёднік, не адплюшчваючы вачэй. Ватман ашчэрыў зубы ва ўсмешцы.

— Каб я дазволіў забіць сябе бабе? Хутчэй Вавель у зямлю праваліцца.

— Ды як жа ты выбраўся? — шчыра пацікавіўся Вырвіч, пабачыўшы, што Ватман пакуль не збіраецца кідацца на іх, каб дабіць.

— А як два пальцы ў рот сунуць, — найміт пазяхнуў і зручней выцягнуў ногі — лаўка была для яго занадта нізкай. — Прорва выявілася не такой… прорвістай. Калі за вамі зачыніліся дзверы, пліта, на якой я ляжаў, паднялася. Ляжаў, ляжаў, ачуняў… Гляджу — і рамфея тут жа. Вось толькі красунькі маёй няма.

Саламея ўздрыгнула, але на Ватмана вачэй не падняла.

Лёднік ветліва папытаўся:

— А горла мне будзеш пераразаць?

— Зноў загадаюць — перарэжу.

Паланэя, якая нібыта была паглынутая размовай са сваёй канфідэнткай Гануляй, перарывіста ўздыхнула і вінавата зірнула на Вырвіча. Значыць, усё-ткі ведала, што ў сутарэнні яны адпраўляліся на смерць. Што ж, хто такі ёй бедны шляхцюк… Пранціш непрыкметна скамячыў хустачку і схаваў у кішэню.

У пакой забег улан, увесь спацелы, з вырачанымі светлымі вачыма, не зважаючы на варту, закалаціў у дзверы, за якімі віраваў высокі сход.

— Ваша мосць, вялікі гетман! Маскоўцы ў горадзе! Сотні тры! На чале з Аляксеем Мельгуновым! Зайшлі з каралеўскім дазволам на кватараванне!

Магнаты выскачылі з пакоя, на хаду выцягваючы шаблі.

Сапега павярнуўся да Багінскага.

— Ты дазвол здабыў, ты пра рамфею данёс, вашамосць? Мусібыць, сябруку Рапніну распавёў?

Багінскі пачырванеў ад гневу.

— Паасцярожней са словамі, пане-браце. Я даносчыкам ніколі не быў.

Княгіня Алена, адзіная кабета патаемнай рады, злосна тузанула брата за рукаў:

— Намякнуў, відаць, што маеш, чым зацікавіць няшчасную будучую царыцу… Ці ёй самой цыдулку паслаў, каб суцешыць? Святы Антоній, дапамажы захаваць розум…

Пані, відаць, збіралася сказаць нешта яшчэ больш рэзкае, але стрымалася, успомніўшы, што ў размовы ёсць непажаданыя і небяспечныя сведкі. Езуіт ціха выпарыўся, нібы яго тут і не было. Радзівіл адрывіста папытаўся ў ваяводы полацкага:

— Ваша мосць, колькі маеце тут ваяроў?

Сапега злосна бліснуў шэрымі вачыма.

— Сто гусараў каралеўскай харугвы [19] … Ды маіх людзей трыццаць. Я ж не ваяваць ехаў…

19

Харугва— рота шляхецкай кавалерыі, у якой было ад 30 да 200 чалавек.

Радзівіл нахмурыўся.

— У мяне ўсяго дваццаць янычараў. Хацеў захаваць сваю паездку сюды ў таямніцы… У карэце без гербаў ехаў. Пакуль войска сюды прыгоніш…

— У мяне тут сотня чалавек, — прызнаўся Багінскі.—Па горадзе, па наваколлі раскіданыя невялікімі атрадамі. Але я не збіраюся ваяваць супраць маскоўцаў. Пане-браце, не будзем гарачыцца. Урэшце, мы ж не ведаем мэтаў Аляксея Мельгунова! Ён пры двары ніякага ўплыву не мае — ён з бліжняга кола спадчынніка, Пятра Фёдаравіча. Я проста не разумею, што ён тут робіць…

— Прыбліжаны Пятра? — змрочна гукнуў Радзівіл. — Прынца, закаханага ў Фрыдрыха, якому расейцы нядаўна пяты падсмажылі? Вось вам яшчэ адзін прэтэндэнт на рэліквію, панове — Пётр Федаравіч. Не ведаю, для сябе альбо для прускага сябра стараецца.

— Гэта зусім кепска… — прамармытаў Багінскі, да якога нібыта толькі цяпер дайшла сур’ёзнасць сітуацыі. — Калі Пётр перахапіў цыдулку да Кацярыны… Яе дакладна сашлюць!

— Пра сябе думай! — злосна прашыпела княгіня Алена. — Табе, вашамосць, нешта тлумачыць — што зорак да неба дабаўляць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: