Вход/Регистрация
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Не тлуміце мне галаву, вашамосць, — адрэзаў Сапега. — Мы ўсе ведаем, за чым вы пасылалі гэтую кабету. Але вы не маеце права забіраць святыню сабе!

— Чаму гэта не маем права, ваша мосць? — атрутным голасам папыталася пані Алена. — Наш род не горшы ад вашага!

— Пане-браце, — густым уладным голасам прамовіў Радзівіл. — І сёстры… — ён кінуў насмешны позірк на княгіню. — Давайце не будзем высвятляць, чый род магутнейшы. Мы з’явіліся на мірныя перамовы. Мы хочам даведацца праўду… Ці ёсць у Полацку дзіда Отана, і калі ёсць, у чыіх руках ёй належыць знаходзіцца.

— Вядома, у руках святога касцёлу! — ветліва абвесціў усмешлівы пан у чорным строі, рэктар езуіцкага калегіюму, які, падобна, валодаў здольнасцю непрыкметна прысутнічаць там, дзе трэба, як і належала прадстаўніку знакамітага шпегаўскага ордэну. — Мы павінны перадаць святыню ў Рым.

— Няхай дазволена мне будзе падаць голас, вашыя мосці, але рамфея была ад пачатку перададзена праваслаўнаму храму! — азваўся хударлявы немалады шляхціц са світы Казіміра Рыбанькі, ягоныя вочы аж гарэлі праведным гневам. — Яе мусяць захоўваць праваслаўныя ліцвіны! Хопіць адбіраць у нас апошняе!

Нібыта каб астудзіць гарачыя галовы, ударылі званы — на Сафіі, у Багаяўленскім храме, на званіцы храма святога Стафана… Людзі пачалі хрысціцца, шаптаць малітвы. Твары трохі палагаднелі.

— Панове, вы дзеліце скуру ваўка, які яшчэ спакойна вые на поўню, — прамовіў Радзівіл. — Мае браты, Марцін ды Геранім, звіхнутыя на цудах і духах, могуць колькі заўгодна ў іх верыць… Цуды — гэта на тэатральнай сцэне, пра іх мая жонка-нябожчыца п’ескі пісала. А мне даклалі, што дзіда Отана, яна ж — дзіда святога Маўрыкія, захоўваецца сабе спакойна ў Вене, ніхто ў ейнай сапраўднасці не сумняецца, і ахоўваюць яе аўстрыякі так, што толькі вайной здабыць. Дзе вашая… рамфея? Гэта вы гэнай бандзе даручылі яе здабываць? Якая Слуцак чараўніцтвам ледзь на каменьчыкі на разнесла, калі верыць майму брату? Кабеце хоць спадніцу апраніце, далібог, сарамацішча!

Вось цяпер усе позіркі скіраваліся на выпаўзняў з сутарэнняў, упэцканых і пабітых, як пасля баталіі. Вырвіч паклаў руку на дзяржальна Гіпацэнтаўра, ступіў наперад, укленчыў і прачула прамовіў:

— Вашыя мосці, панове, спадзяемся на літасць Вашых велікадушных сэрцаў і Боскую міласць. Даю шляхецкае слова, што мы не вынеслі з сутарэнняў ніякае святыні, толькі нашыя грэшныя душы, якія Гасподзь дазволіў нам зберагчы ў страшэнных выпрабаваннях…

— Я ж сказаў — рамфеі ў іх няма! — пакрыўджана заявіў Міхал Багінскі, нават на крык сарваўся. — Няма ніякай рамфеі!

— Вось яна, мой князь! — пачуўся раптам гучны хрыпаты голас, і з пограба вывалілася, пахіснуўшыся, велізарная застрашлівая постаць.

— Хал-лера… — мармытнуў Лёднік і скасавурыўся на жонку, якая закрыла твар рукамі.

Але гэта была не халера. А ў гэтых абставінах значна горшае з’явішча. Пранціш ускочыў на ногі і схапіўся за Гіпацэнтаўра. Езуіт пачаў уголас чытаць малітву супраць нячыстага духа. А скрываўлены і брудны прыхадзень, які з задаволенай усмешкай на збітым твары працягваў гаспадару жалезны наканечнік дзіды, абвёў бяздоннымі вачыма, якія патроху пачыналі прывыкаць да дзённага святла, пейзаж з фігурамі, ацаніў стратэгічную абстаноўку, перастаў усміхацца і змог вымавіць толькі адно, але дзіўна сугучнае выснове доктара:

— Халера.

Сапега ўз’ятрыўся:

— Ну што, будзеце, вашыя мосці, мне яшчэ вочы зацярушваць?

Ватман трымаў рамфею ў руцэ, як быццам яна была бомбай з запаленым кнотам, вось толькі ў які бок яе кінуць?

Саламея кінулася наперад, адштурхнуўшы мужа, упала на калені, перажагналася:

— Вашыя мосці, гэтая святая рэч ахоўвала стагоддзямі нашу зямлю! Яна не павінна пакідаць свайго месца! Падумайце, вашыя мосці, заклікаю імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, нельга з-за такой святыні ўсчыняць грэх братазабойства і славалюбства! Няхай і надалей яна захоўваецца ў Полацку! А каб не патрапіла рэліквія ў варожыя рукі, дазвольце, мы вернем яе на месца і шлях закрыем так, што ніхто болей не аднойдзе!

Радзівіл задумліва пагладзіў сівыя вусы:

— Нешта ў гэтым ёсць, рыбанька… Ні вашым, ні нашым, але роднай зямлі…

— Рамфею прынёс наш слуга! Значыць, яна наша! — крыкнула Алена Багінская, штурхнуўшы брата ў спіну. Той нахмурыўся.

— Сапраўды, давай яе сюды, Ватман!

— Ні з месца! — крыкнуў Сапега. — Ваша мосць падмануў мяне падступна, забраўшы гэтую кабету, якую я выратаваў ад несправядлівага суда яго мосці, брата вялікага гетмана, ды яшчэ ваша мосць падстроіў выгляд, быццам яна скочыла з вакна ў рэчку і ўтапілася. І ўвогуле, яго мосць князь Багінскі зараз павінен быць, здаецца, у Цюрыху? Музыцыраванню вучыцца, ці не так? Раз таемна вярнуўся, значыць, рыхтуе закалот. Я патрабую, каб князь Багінскі перадаў рамфею мне!

Два здаровыя паюкі, што стаялі за спінай ваяводы, напалову выцягнулі шаблі.

— Я таксама магу прыпомніць, што гэтая кабета была арыштаваная жаўнерамі майго брата за скалечанне ягонага слугі, і прад’явіць свае правы на рамфею, — грозна рыкнуў Радзівіл, і ўсе змоўклі. — Вашае шчасце, што ў Гераніма ныркі прыхапіла. Так што яму зараз нават да кароны не дацягнуцца, калі б яе і за аршын ад яго паклалі. А то б тут шастапёры ўжо кракавяк па галовах выстуквалі ды гарматы брахалі. Таямніца, таямніца… Каб не верны суддзя Юдыцкі, які пазнаў, што адзін з гэтай банды жывы, мы б і не ведалі пра вашыя змовы. Але ж даведаліся! А раптам дойдзе і да караля? Яго каралеўская мосць таксама не будзе супраць завалодаць такім трафеем. А як да Вены дойдзе? Тады — дзе рамфея апынецца?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: