Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
Паэтычнае перажыванне набывае новы аб’ём і глыбіню. Якраз у гэтым — у пашырэнні асацыятыўнага кола душэўных адценняў — мне бачыцца ўзбагачэнне рэалізму лірыкі Барадуліна. За прадметамі і праявамі жыцця ён хоча ўлавіць другі і трэці іх план, спасцігнуць іх неадназначнасць і філасофскую сутнасць.
«У чым жа існасць існавання?..» — сёння такое пытанне паўстала і ў паэзіі Барадуліна, абумовіўшы новыя аспекты ў яго ўзаемадачыненнях з рэчаіснасцю, жаданне паэта зазірнуць у сутнасць з’яў і рэчаў: «Пакуль жывеш, датуль пытайся. Пытаннем сутнасці жывеш…» З гэтай мэтай ён звяртаецца да даўніх, здавалася б, ужо не раз асэнсаваных ім фактаў, пластоў свайго жыццёвага вопыту, паглыбляе ранейшыя вывады.
Жыццёвы і ідэйны мастацкі вопыт паэта адлюстраваўся ў «Баладзе Брэсцкай крэпасці» (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі). Гэта — паэма, якая асэнсоўвае подзвіг абаронцаў Брэсцкай цытадэлі з вышыні сучаснасці.
Паэт ідзе ў гісторыю, яму дапамагае багатае асацыятыўнае мысленне. Здаецца, што яму ўсё падуладна. «Дзён сівое прадзіва ніткаю суроваю на сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае».
Тая ж тэма вайны па-ранейшаму гучыць і ў яго вершах, але не так, як раней!
«Мае гады — як электрычкі» — прызнаецца ён у адным з вершаў. Але нам куды больш гавораць другія радкі — пра свае гады — з большым асацыятыўным напаўненнем:
Мой узрост Паўтарае гады вайны — Сорак першы, Сорак другі, Сорак трэці…Яны адкрываюць нам нешта надзвычай істотнае, важнае ў маральным абліччы самога паэта і яго пакалення. Духоўныя крытэрыі суровага ваеннага і пасляваеннага часу для яго жывыя і актуальныя і сёння, нездарма ён патрабуе «так адзін аднаго паважаць, як пасля вайны паважалі!» З гэтым, думаецца, пэўным чынам звязаны паказальны для сённяшняга Р. Барадулін^ матыў самааналізу і пераацэнкі каштоўнасцей: «Куды ж так імчаўся на злом галавы, каго я гукаў і шукаў?»
Гады прад’яўляюць рахунак: «Падумай, што пакінеш на зямлі» — да паэта падступае векавечнае. Яго ўсё больш займае тэма ўзросту, часу, чалавечай адказнасці за пражыты век.
Як у госці здарыліся Да крутой кумы, Той, якую старасцю Клічам мы,— Вочы паказеліўшы, Плечы не сутуль, Памяці вузельчыкі, Дзён хатуль Развяжы не ўтаіста, Выкладзь не ў хвальбе, З чым жа ты вяртаешся Да сябе!Дарэчы, зборнік «Абсяг» і пачынаецца цудоўным вершам «З гары» — пра той узрост, калі чалавек адолеў перавал і ідзе ўжо з гары, калі «заняўся веташок на макаўцы віхрастай, забудзь стажок і муражок і ў сад чужы не шастай!». Паэт знаходзіць дакладныя вобразы, каб перадаць адчуванні чалавека ў гэтым «пераходным» узросце, калі насустрач усё часцей трапляюцца вёскі з невясёлымі назвамі, калі даводзіцца гадзіць сваім гадам — «яны — як тыя госці». Словам, «узмах вясла, узмах крыла. Чакае ўзмах рыдлёўкі…» Трэба сказаць, што паэт дастойна выходзіць з гэтай супярэчнасці:
Зняверцу-роспач пратуры: Азёрна, Борна, Гойна! Далёка бачыў на гары — Ідзі з гары спакойна.Рыгор Барадулін адчувае імкненне сучаснага верша да значных сінтэзаваных абагульненняў. Цікавы ў гэтым плане верш «Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ», у якім паэт думае над будучым лёсам свайго маладога героя. Ён далёкі ад таго, каб маляваць гэты лёс аднымі ружовымі фарбамі. Не, кажа ён, будзе ўсяго:
Будзе кладка рыпкаю, Будзе лёд і жвір. Залатою рыбкаю Выхітрыцца вір. Будуць юшкай хмарыста Трызніць саганкі. Будзе ўдача скнарыста Абрываць кручкі…Трэба, сцвярджае паэт, аптымістычна глядзець у будучыню, і яго паэзія здольна на гэта.
Не глядзі зняверыста, Пазірай задзірыста. Будзе рыбе нерасту І надзеі — вырасту!Паэт спалучае ў сабе прастору і час, ён сочыць, ён занепакоены, каб не рваўся «трос, што ад зор да рос». Па-сучаснаму гучаць яго трывожныя думкі: «Адрываемся ад зямлі самалётамі і ракетамі…» або «зоры наўрад ці возьмуць нас да сябе на пастой…» Час перадае яго паэзіі свае прыкметы, трывогі, «суравеі», як кажа сам Р. Барадулін: «Няўжо на дзьмухавец падобны выбух зямлю здзьмухне, як вецер — дзьмухавец?»
Актыўнасць думкі ў яго паэзіі падтрымліваецца нястрымным мастацкім пошукам. Яго пазіцыя — гэта пазіцыя адкрывальніка новых земляў і новых слоў.
Р. Бярозкін — крытык, які шмат спрыяў творчаму станаўленню Р. Барадуліна, — у свой час адзначаў, што яго паэзія пачынаецца з мовы.
Словатворчасць — асобная тэма ў дачыненні да яго паэзіі. Я. Сіпакоў пісаў: «У Р. Барадуліна свой моўны неруш. У яго раса „халадае“, слова „крылле“, раніца „залачае“, а коннік „скача наўскапыта“ — цохкаюць лёгка падковы», сонца «было на ўскоце»…