Вход/Регистрация
Ля аднаго вогнішча
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Дзякуй за падтрымку, — сказала яна пры сустрэчы, — але не ўсё вы ў мяне зразумелі…

— Еўдакія Якаўлеўна, можа, так і павінна быць: паэзія па сваёй прыродзе невычарпальная… «У кожным імгненні паэзія ёсць, у кожным здзяйсненні — яе прыгажосць…»

— Дык вось гэту прыгажосць і крытыку добра было б бачыць! І ўвогуле дабрэйшым трэба быць.

Еўдакіі Якаўлеўне немагчыма было адмовіць у слушнасці, яна, як сама паэзія, была, кажучы па-руску, права.

Прага жыцця і прыгажосці зрабіла яе страснай вандроўніцай. Дзе яна толькі не пабывала — скалясіла, можна сказаць, усю Беларусь, наведала, здаецца, усе братнія рэспублікі і многія замежныя краіны. Адусюль прывозіла і новыя, свежыя ўражанні, і новыя творы — вершы, паэмы, апавяданні… Перачытайце іх яшчэ раз — і вы знойдзеце сляды тых вандраванняў. Гэта былі перш за ўсё вандраванні душы, якая шукала блізкага сабе, роднаснага свайму ўнутранаму вопыту.

Крочу гасцінцам адратаваным — Недзе з журбы падзецца… Часта пагорак здаецца курганам, Нечай магілай здаецца…

Паэтыка яе ў многім была традыцыйнай. Такой, у значнай ступені, яна заставалася да апошняга дня. Характэрная ёй задушэўнасць інтанацыі ўвасаблялася ў вершы напеўным, разлічаным на непасрэднае эмацыянальнае ўздзеянне, вельмі гаваркім, часцей за ўсё з канкрэтным вобразам, рэалістычнай дэталлю. Той жа С. Гаўрусёў пісаў, што Е. Лось — «паэтэса мяккіх фарбаў, і прыгажосць душэўнага аблічча нашага сучасніка ёй лепш за ўсё ўдаецца перадаць у лірычным плане, без непатрэбных перавелічэнняў і перабольшванняў». Паэтэса імкнулася даказаць, якімі значнымі магчымасцямі валодае гэты плаўны, напеўны верш, здольны выразіць розныя інтанацыі. І трэба сказаць, што ў асноўным, за рэдкімі выключэннямі, гэта ёй удавалася. Ратаваў талент, уменне знайсці прапорцыі грамадзянскага і інтымнага, дапамагала праўда жыцця, праўда перажытага, якая павялічвала магчымасці верша. Назаўсёды запомніўся (з кнігі «Людзі добрыя» — 1963) яе выдатны верш «Я зусім не баюся старасці…»

Я зусім не баюся старасці,— Хай прыходзіць, калі захоча… Я была ўжо бабулькай хілай На дванаццатым годзе жыцця…

Страшныя ўспаміны з вайны, роздум над перажытым — у форме белага верша, рыфмы маглі аказацца тут лішнімі…

Паэтэса адкрытай душы, яна не маніла ў сваіх вершах: пісаць, як дыхаць — было яе правілам. Душэўная, грамадзянская актыўнасць з’яўлялася галоўным зместам яе паэзіі, усебакова і глыбока ўнутрана звязанай з жыццём, з роднай зямлёй.

Разам з тым, відаць, памылкай было б спрашчаць творчы шлях паэтэсы, уяўляць яго роўным і гладкім — ад перамогі да перамогі. Не, ён — як у кожнага сапраўднага паэта — быў драматычным, унутрана канфліктным і мала лагодным. Дзесьці ў сярэдзіне 60-х гадоў яна адчула, што залішняя «замілаванасць» і «задушэўнасць» шкодзяць некаторым вершам, што напеўнасць традыцыйных паэтычных форм не ўзмацняе выразнасці думкі. Застаючыся паэтэсай — гэта яе галоўнае і адзінае прызванне ў літаратуры, — яна паралельна звярнулася да іншых жанраў, да прозы.

З’яўляюцца кнігі апавяданняў, навел «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1971).

Проза Е. Лось — проза паэтэсы, вельмі лірычная і асабовая па сваёй стылістыцы, з рысамі «інтыму» і той своеасаблівай далікатнасці і тонкасці ў пачуццях, якая сагравае творы, робіць іх адметна шчырымі і прывабнымі. Мне добра запомнілася апавяданне «Яська». У Яські — так называлі ў вёсцы сямейнага чалавека Івана Казіміравіча — здарылася бяда: памерла жонка, пакінуўшы яму чатырох дзяцей — адно другога, як кажуць, не падніме: «Стасі — дзесяць, Галюсі — шэсць, Юзіку — пяць гадкоў, а малодшай Ірэнцы ўсяго два з хвосцікам». І сам бацька нямоглы: «Пасля смерці жонкі аслабеў Яська на вочы. Прачнецца раніцай — і аж галавой круціць, як певень: левым вокам ці правым глядзіць на рэч, каб разабрацца, што перад табой — кашуля ці парткі, чапяла ці качарга. З дзецьмі цяжка. Паспрабуй спраўся з імі ледзь не сляпы: апрані ранічкай, навары есці і накармі, памый пялёнкі, соску зрабі». Пісьменніца нібыта правярае характар свайго героя, меру яго чалавечых магчымасцей, наколькі ён «чалавечны», гэта значыць, наколькі ён адчувае сваю адказнасць за сябе і за іншых.

Яська не аддае малых на выхаванне ў дзетдом. Ён добра разумее, што пры дзецях ніхто яго не можа замяніць, што бацька ў дзяцей адзін. У гэтым героі адлюстраваліся ўяўленні пісьменніцы пра чалавечнасць, пра хараство чалавека.

Яе душэўнасць, дабрата выразна праявіліся і ў творах для дзяцей…

Так, мастацтва Е. Лось сагрэта актыўнай любоўю да чалавека. Мне добра помніцца яе верш «Косы» — пра жанчын, дзяўчат, што не дачакаліся з вайны сваіх мужоў і каханых:

Вясновы дым над горадам малым… Кіно — дзядам, дзіцячы сад — малым… А што сярэднім — з косамі, як лён, І нават пасівелымі з тых дзён, калі каналі ў полымі сады І за вінтоўку браўся малады? «Сярэдніх» пашкадуйце, салаўі… Ні шчасця ў іх, ні людскае сям’і, Ні паратунку ад таемных слёз, ні радасці ад кос, цудоўных кос, Бо тыя, для каго яны раслі, ляжаць, непакароныя, у зямлі.

Подзвіг народа, гераічнае мінулае, Айчынная вайна не пераставалі хваляваць паэтэсу. «На ваенную тэму пачала пісаць куды раней, чым на ўсе іншыя», — гаворыць яна ў артыкуле «На магіле брата». Старэйшы брат Еўдакіі Якаўлеўны, Сяргей, загінуў на фронце пад Кіевам, у Фаставе. «Імкнуся сказаць, — прызнаецца яна, — не толькі пра свайго брата, а і пра ўсіх братоў і бацькоў, што ваявалі на фронце і ў партызанах, цаной сваіх жыццяў здабылі перамогу, абаранілі ўладу Саветаў. Так была напісана брэсцкая рэч — „Гавораць бессмяротныя“, і фастаўскі вянок, і паэма пра Хатынь, і партызанскія рэчы, і маналог пра Сотую дывізію…»

Да вайны ва Ушацкім раёне было 54 тысячы жыхароў, пасля вайны засталося 20 тысяч, — паведамляе яна ў эпіграфе да аднаго з вершаў. Услаўленню народнага подзвігу аддадзена шмат сіл. Хто не памятае яе вершаў «Абеліскі», «На магіле бацькі Міная», «Вёскі, якія не ўсталі», «Беларускія хлопчыкі», «Пісьмо ў Фастаў» або «Дзяўчаты мінулай вайны»… Праўда жыцця, праўда перажытага, што шырокай плынню ўвайшла ў творчасць Е. Лось, рэзка павялічыла магчымасці яе паэтыкі і інтанацыі, якая таксама хвалюе і актыўна працуе на змест. Узросшая на народнай глебе, мастацкая індывідуальнасць паэтэсы паўстае вельмі выразна. Багаты жыццёвы вопыт, пафас чалавечнасці, вастрыня пачуццяў, высокі і непаўторна асабісты ўзровень майстэрства — усё гэта неад’емныя ўласцівасці яе паэтычнай постаці.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: