Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
Нават наватворы гучаць у Барадуліна зусім па-народнаму і добра ажыўляюць мову: «у Белавежы — лосьна, язьна ў Шчары», «з далёкага цяплыньскага павета» (Маладосць, 1967, № 7, с. 160).
Сучасная беларуская літаратурная мова дынамічна развіваецца, чэрпае з жывой гаворкі, успамінае старыя словы, пераасэнсоўвае іх, стварае новыя. Словатворчасць для Р. Барадуліна вельмі характэрна: лацно, погарбы, харашба, галута, парух, прысмеркі, імасць, чалавек-земляня — гэтыя і іншыя словы ўзяты паэтам з дыялектнай мовы або створаны ім самім. А дзеясловы і прыметнікі: славяніцца, галініцца, антэніцца, ратоўчы, стахлая… Любіць ён карыстацца прыслоўямі, іх у яго безліч (сваіх!), і ўсе крамяныя, свежыя: калодна, вульна, прадоння, прыплодна, ліхвярка, борна, азёрна і г. д. Думаецца, што намаганні паэта ў галіне моватворчасці плённыя, яны супадаюць з агульным рэчышчам духоўнай дзейнасці народа як моватворцы.
Яго паэзія развіваецца ў бок шматмернага, аб’ёмнага паказу жыцця. Яе рост непарыўна звязаны з ростам асобы, яе духоўным светам, стваральнай памяццю. Пашырэнне гістарычных, часавых абсягаў паэзіі павялічвае асацыятыўныя магчымасці мастацкага вобразу. «Вечалле» — так назваў сваю нядаўнюю (1980) кнігу Р. Барадулін, зачапіўшы цэлае «гняздоўе» слоў: Вечалле — веча — вечар — вечнасць… Паэзія, на яго думку, заклікана вярнуць асобе разуменне ўсёабдымнасці яе быцця, паказаць, на якой тоўшчы часу стаіць сённяшні чалавек.
Колькі год Беларусі? Колькі дочкам, сынам, Колькі радасці, скрусе, Колькі снам, курганам…Ідучы ў глыбіню, паэт не расстаецца са сваім уменнем разгледзець прадмет, палюбавацца яго канкрэтыкай, пластыкай. Засталася і яго ранейшая метафарыстыка.
Думка і пластыка — два крылы верша. Барадулін ведае: абодва яны павінны быць моцнымі, надзейнымі, калі паэт усур’ёз хоча спасцігнуць складаны свет чалавека. Пластычныя рашэнні ў яго надзвычай дакладныя, ёмістыя па сэнсу. «Схіл паўтарае хіб вала» — у гэтай метафары адчуваецца вечаровы час, спакой, цішыня, душэўная раўнавага, стома працоўнага дня.
Здзіўляе яго майстэрства рыфмы, гукапісу. Мастацкая форма мысліцца ім як форма змястоўная, пластычна-аб’ёмная.
Пра ліўні («Папрасіліся ліўні ў верш») сказана: «патопалі па-то-па-мі…» Цудоўная знаходка!
Рыфмовыя сугуччы напаўняюцца ў яго разнастайнымі асацыяцыямі: пратэз — пратэст, кульмінацыя — кулямі нацыя, няшчадна — нашчадкам, белаты — балаты і г. д. Але часам, не ўтоім, рыфма пакідае ўражанне нават залішняй вынаходлівасці, аддае штучнасцю.
Р. Барадулін вядомы як майстар дэталі, у якой матэрыялізуецца думка, якая здольна вырастаць да сімволікі. «Край мой спакойны — азімы дуб з выпаленай сэрцавінай…»
Ёмістасць дэталі, яе метафарычны сэнс, павялічваецца: «хлеб у кмене зорак»; бярозы для яго — «пасівелыя скроні зямлі». Свет адкрываецца сваёй патаемнай сутнасцю.
Гэта сосны адны Над абрывам кар’ера Ці над вырытым ровам Заложніцы-ўдовы?..Да сімвала чалавечых пакут і мужнасці, ахвяраваных у імя жыцця, вырастае вобраз маці, што «паправодзіла ўсіх сыноў — аніводнага не сустрэла» і ператварылася, чакаючы іх, у дрэва.
Жывапіс і пластыка паэта больш і больш насычаюцца філасофска-інтэлектуальным зместам. Мяняецца ракурс, павялічваюцца маштабы ўспрыняцця свету: паэт гаворыць пра «ганчарны круг планеты», пра тое, што «планета нявесціцца», «нараджаюцца маладыя дзяржавы».
Або вось своеасаблівы «касмічны» вобраз:
Шлях Млечны — прасекай. Аблокі — яміны. Сляды ад вялізнага пастала. А можа, замятаюць рукі маміны Крошкі хлебныя са стала?!Уражанне такое, што свет паэта расхінаецца ва ўсе бакі. Паглыбляюцца разам з тым гістарычныя далягляды. «На сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае». Землякі — ушацкія хлебаробы («Зямля рунела ім руном») збліжаюцца ў яго адчуванні са старажытнымі арганаўтамі, што плылі небяспечнымі шляхамі за жаданым залатым руном. І хай у гэтай асацыяцыі ёсць некаторая надуманасць, паэт мае права на такое збліжэнне: дзякуючы яму, сучасны чалавек бачыцца ў дальняй рэтраспектыве народнага вопыту, у святле культурнай традыцыі (верш «Арганаўты»).
Сучасныя вершы і паэмы Р. Барадуліна сведчаць, што вяртанне да першаснага мастацкага мыслення, да старадаўніх вытокаў і каранёў — істотная рыса сучаснай беларускай паэзіі. Гэта і зразумела: «хаця чалавек надзвычай пластычны, — гаворыцца ў адным з сучасных даследаванняў,— аднак у яго індывідуальнасці змяшчаюцца, у дыялектычна знятым выглядзе, усе этапы яго папярэдняга развіцця, з усімі іх зігзагамі і супярэчнасцямі». Так, напрыклад, фальклорная спадчына і сёння ўплывае на літаратурны працэс, застаючыся каштоўнай крыніцай ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларускай паэзіі. Сучасны асацыятыўны верш увабраў у сябе народную паэтыку і індывідуальны вопыт класікаў.
Каб паўней адлюстраваць сучаснасць, ён усё настойлівей і з большай духоўнай патрэбаю звяртаецца да фальклору. Барадулін і фальклор — удзячная тэма спецыяльнага даследавання. Яна, гэтая сувязь, існуе ў яго на розных узроўнях. У яго паэзію ўвайшоў народны вобраз лёсу-талану, які наканаваны паэту і які патрабуе вернасці. Час ад часу пракідаецца ў ёй вобраз казачных коней, у якіх сімвалізуецца палёт паэтавых думак — «і зоры мелі за гонар дзядамі ўплесціся ў грывы».
Пры ўсёй жыватворнасці фальклорнай паэтыкі яна патрабуе індывідуалізацыі і псіхалагізму. Барадулін ставіцца да яе актыўна. Ён пераасэнсоўвае змест фальклорных матываў. «Журавіны не ўзышлі… Ка мне хлопцы не прыйшлі…» — гэтыя радкі з народнай песні пастаўлены эпіграфам да аднаго з вершаў. Страфа, якой пачынаецца верш, прымушае па-сучаснаму прачытаць іх: