Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
Так, памяць вайны арганічна звязана з клопатам пра наш дзень і пра будучыню. Прыгадваюцца яго словы: «Справа, вядома, не толькі ў тым, каб помніць вайну і выказваць свае ўспаміны, свой боль, свой смутак, сваю жалобу. І справа не толькі ў тым, каб услаўляць подзвіг народа… Справа ў тым, каб пераплаўляць у нашых творах боль і смутак у любоў да жывых, у добрыя справы і пачуцці» (Маладосць, 1975, № 5, с. 161). Вось на гэтым і грунтуецца свядомы гістарызм паэта. Цэласнасць чалавечай асобы немагчыма, на яго думку, без цэласнага ўспрыняцця часу — у адзінстве мінулага, сённяшняга і будучыні.
Роздум паэта актыўна звернуты ў наша сёння.
Яшчэ невядома, хто болей жывы, а хто яшчэ мёртвы болей,— хто паў, не схіліўшы галавы, ці выжыў цаной хто любою. А зрэшты, вядома, вядома здаўна. Насмерць хто стаяў за край родны, хто чашу ахвярную выпіў да дна — па праву той бессмяротны…І хіба гэта не цікава, калі выпрабаванне праходзіць грамадзянскае сумленне паэта. Мукі сумлення — гэта характэрна для героя сённяшніх яго кніг. Чалавек у яго вершах пастаянна і паслядоўна звяртаецца да самога сябе з пытаннем: які след, які «знак» застанецца пасля цябе? Праз яго кнігі праходзіць думка аб неабходнасці маральнага ўдасканалення чалавека. Паэт ставіць пытанне каштоўнасці асобы і даводзіць, што яна вызначаецца не тым, што чалавек накапіў, а тым, што ён аддаў, што пакідае пасля сябе.
Абставіны вымушаюць па-грамадзянску пільна ўзірацца ў стракатую панараму навакольнага свету, у якім адбываюцца трывожныя перамены: «кароткае чалавечае жыццё, — паводле слоў С. Залыгіна, — можа цяпер аказацца больш працяглым, чым прырода, якая існуе ў сваёй нязменнасці тысячы год» (Правда, 1980, 10 сакавіка).
У абсягу гэтай тэмы А. Вярцінскім напісаны розныя творы.
У сувязі з крытыкай некаторых выдаткаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі хочацца ўспомніць яго паэму «Начны бераг». Твор гэты прэтэндуе на праблемнасць гучання. Аўтар на прыкладзе ракі Сож хоча паказаць, да чаго прыводзяць занадта «валявыя» адносіны да прыроды, да эксплуатацыі яе багаццяў.
Для нас прырода — маці, хоць і маці строгая, суровая. Якія ж мы, калі з мячом ідзём, накшталт варожай раці, скараць і рабаваць багацці (чые багацці? — роднай маці!). Сук, на якім сядзім, сячом!Гэта правільна, але выхад паэта на праблему, як вынікае з паэмы, з’яўляецца ў многім выпадковым. На самай справе, а калі б не адбылося так, што герою паэмы не хапіла месца ў гасцініцы і каб ён не вымушаны быў правесці ноч на беразе Сожа, дык і не заўважыў бы, што «плёнка брудна-тлустая пагойдваецца на вадзе». Не ўпрыгожваюць паэму і такія радкі: «прыйшоў на пушкінскі я круг», следам за якімі цытуюцца словы Пушкіна «Восстань, пророк, и виждь, и внемли». І ёсць усё-такі ў паэме — пры паўторным чытанні ў гэтым пераконваешся — значная доза экалагічнага песімізму, заснаванага на нейкай асабістай крыўдзе:
Адплата йдзе… Чытаю ў прэсе (ты не чытаеш, Сож, газет?): «На самай воднейшай з планет вады хапаць не будзе прэснай…» Была, плыла, цякла вякамі, і больш не будзе тых крыніц, і будзе ўся зямля, як каня, прасіць адчайна: «Піць-піць-піць!»І ўсё ж такі ў гэтых радках шмат праўды. Некалі Пушкін сказаў: «равнодушная природа». Сёння так пра яе не скажаш, таму што прырода востра адчувае прысутнасць чалавека ў свеце, і гэта ісціна добра вядома беларускім паэтам, якія імкнуцца глыбей асэнсаваць адзінства чалавека і прыроды, іх супольны лёс.
А. Вярцінскі не стамляецца сцвярджаць чалавека маральна актыўнага, багатага на любоў да жыцця.
Паміраюць ад кулі шалёнай, ад вады, ад жуды, ад бяды. І яшчэ — ад зялёнай-зялёнай, ад зялёнай, як раска, нуды.І гэта яшчэ адзін з аспектаў яго маральнай канцэпцыі: не стой у баку ад жыцця, абараняй справядлівасць, дзярзай!
Яго паэзія звязана з развіццём псіхалагічна заглыбленага, аналітычнага стылю. Маральнае быццё чалавека, свет яго духоўнай дзейнасці — вось што асабліва цікавіць паэта. Адным з асноўных законаў мастацтва для яго з’яўляецца, паводле ўласнага прызнання, «закон пераходу энергіі любві, маральнай энергіі ў ідэйна-мастацкую якасць» (Літаратура і мастацтва, 1971, 10 снежня). Паэзію ён разглядае як адну з цудоўных магчымасцей раскрыць глыбінны сэнс жыцця.
— Што значыць сапраўдным другам быць? — Любіць — Што значыць аддана справу рабіць? — Любіць. — Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць? — Любіць. — Што значыць зямное шчасце здабыць? — Любіць.Акно паэта шырока расчынена ў сучасны свет. Трывогі свету ўваходзяць у яго душэўны вопыт, хвалююць і непакояць. Пра гэта, дарэчы, сведчаць не толькі вершы. Яго творчая дзейнасць дастаткова шматгранная. Набыла вядомасць паэма «Дажынкі» — надзвычай усхваляваная, эмацыянальная — вучыць паважаць у чалавеку працаўніка, цаніць яго і даражыць ім. Паэт гнеўна асуджае раўнадушша і чэрствасць. «Заазер’е» прысвечана роднай маці. Гэтая тэма ўзнікла яшчэ раней — у кнізе «Тры цішыні», нават у самай першай — «Песня пра хлеб», пра якую мы ўжо вялі гаворку. Паэма «Заазер’е» вылілася з сэрца, гэта — паэма развітання з роднай маці…
«Даруйце!» мае падзагаловак «паэма віны». У ёй гэта пачуццё віны перададзена, хаця, прызнаюся, не зусім ясна, у чым герой вінаваты перад тымі людзьмі, у якіх ён просіць прабачэння.
Кожная з гэтых паэм патрабуе асобнай гаворкі, і думаецца, што па часе мы вернемся да яе. Зазначым толькі, што не ўсякія пачуцці віны, болю садзейнічаюць стварэнню сапраўднай паэзіі, а толькі тыя, у якіх праяўляецца супольнасць перажывання з усімі людскімі нягодамі. У гэтым сэнсе «чалавечы боль, — як добра сказаў Алесь Ганчар, — інтэрнацыянальны, як інтэрнацыянальна і вечнае парыванне чалавека да шчасця, да свабоды, да свабоднай творчасці».