Вход/Регистрация
Ля аднаго вогнішча
вернуться

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Пра пашырэнне інтэрнацыянальных даляглядаў паэта сведчыць яго паэма «Колькі лет, колькі зім!», якая мае падзагаловак: «паэма надвор’я з метэаралагічнымі звесткамі, гістарычнымі экскурсамі і лірыка-псіхалагічнымі эцюдамі». Мастацкая думка рухаецца ў ёй у межах раскаванага лірычнага сюжэта, які шырока ахоплівае разнастайныя з’явы і прадметы розных часоў і эпох: «жалобны трыпціх», «голас Францішка Багушэвіча», «маналог Напалеона», «апошні дождж камунара Мільера», «сон пад шум зімовага дажджу», першыя маёўкі і г. д. Паняцце «надвор’е» трактуецца ў маральным плане і характарызуе адносіны паміж людзьмі. «Якое надвор’е — такі і дзень». Раздзелы, з якіх складаецца гэтая незвычайная паэма, нераўнацэнныя па сваіх ідэйна-мастацкіх вартасцях; у лепшых з іх аўтар узнімаецца да сцверджання чалавечай адказнасці за лёс планеты, за мірную будучыню.

А. Вярцінскі працуе і ў жанры драматургіі. Вядомы яго п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікае дзякуй» (1978) і «Скажы сваё імя, салдат» (1977). Шмат перакладае, выступае як крытык і публіцыст. Увесь творчы шлях яго на нашых вачах — ад першай кнігі да самай новай, пад назвай «Ветрана». Інтэнсіўнасць успрыняцця жыцця, прага адкрыццяў, заглыбленасць у сучаснасць, імкненне да самасцвярджэння на падставе пашырэння грамадзянскіх інтарэсаў абвастраюць у яго пачуццё формы, стылю, развіваюць паэтыку, адкрываюць умоўна-асацыятыўныя магчымасці верша. Яго паэтычная мова «графічная», «лагізаваная» — не ў прыклад, скажам, «жывапіснаму» Р. Барадуліну. Стылістыка адзначана мноствам «бязвобразных» выразаў, паэт даволі часта звяртаецца да прыёмаў паняційнага мыслення. Аднак у лепшых сваіх вершах ён пераадольвае пэўную «аголенасць» думкі, сцвярджае прыналежнасць чалавека да чужога лёсу, да трывог і радасцей іншых людзей.

У апошніх кнігах А. Вярцінскага ўзрасла схільнасць да ўмоўнасці, прытчывасці. Яму дапамагае апора на фальклор, сувязь з якім адчувалася, яшчэ ў самай першай яго кнізе. Праўда, цяпер гэта сувязь у многім змянілася. Паэт не абмяжоўваецца, як у некаторых выпадках раней, стылізацыяй пад фальклорныя ўзоры, а ідзе ў глыб народнага светаразумення, яго эстэтычных і этычных уяўленняў.

Шарая гадзіна. Вечара адзнака. Шарая гадзіна. Ні воўк, ні сабака. Ні сонца, ні месяц. Ні дзень і ні вечар. Ні цёмна, ні светла. Ні ціша, ні вецер. Ні суша, ні мора. Ні плывём, ні едзем. Ні радасць, ні гора. На якім мы свеце? Пагасаюць фарбы. Патанаюць гукі. Адпачніце, сэрцы! Адпачніце, рукі! Сціраюцца грані. Знікаюць кантрасты. Гаіцеся, раны! Заціхайце, страсці!.. Давайце ціха, моўчкі З табой пасядзім мы. Я люблю чамусьці Шарую гадзіну.

Аўтар выкарыстоўвае элементы замовы (гукавыя і сінтаксічныя паўторы), але фальклорнай зададзенасці тут няма, верш прасякнуты роздумам і запрашае да яго чытача. У гэтым змястоўная асаблівасць яго паэзіі — спалучэнне логікі і інтуіцыі, высокай культуры творчасці з фальклорнай спадчынай, звернутай да «пралагічных» форм свядомасці. Актыўнасць формы неабходна паэту, каб сцвердзіць сваю індывідуальнасць, адзінства маральных адносін да жыцця. С. Гаўрусёў, вядомы трапнасцю сваіх літаратурна-крытычных ацэнак, пісаў пра Вярцінскага: «Спалучэнне абвостранага інтэлекту і напружанай эмацыянальнасці, чуйнасць да навальніц веку трывала і даўно забяспечылі яму адно з найпершых і самастойных месцаў у сённяшняй нашай паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1980, 28 сакавіка).

Аднак на дасягнутым А. Вярцінскі, здаецца, не спыняецца. У адной з кніг ён кажа: «Вершы мае — пісьмы». Гэта можна зразумець так, што пісьмы абавязваюць і запрашаюць да шчырасці, даверу, самавыяўлення. І ў гэтым сэнсе вершы яго падобны на пісьмы. Прынцып самараскрыцця мае важнае значэнне ў паэзіі, пазнанне здзяйсняецца як самапазнанне. Думаецца, што гэта перспектыўна ў адносінах і да яго творчасці.

А. Вярцінскі — у дарозе. Ад кнігі да кнігі (а іх у яго ўжо добры дзесятак) ён натуральна мяняецца, расце. Але галоўнае — сувязь са сваім народам, грамадзянскі неспакой, шчырасць, шчодрасць, спалучаныя з пастаяннай нацэленасцю на эстэтычны пошук, — застаецца.

Споведзь пакалення

(Генадзь Бураўкін)

Гэта запомнілася:

Сёння я незвычайна радасны. Ну, не хлопец — усмешка адна: Цеплынёю дваццаціградуснай Абагрэла мяне вясна. І паветра здаецца мядовым, І нябёсы — чысцей і сіней, Я іду — дваццацігадовы, І дзяўчаты глядзяць на мяне…

Чаму яны запомніліся — простыя, крыху наіўныя радкі з верша «Я іду…», якімі адкрывалася першая кніга Г. Бураўкіна «Майская просінь», што ўбачыла свет ажно ў 1960-м?

Запомніліся перш за ўсё, думаецца, сваёй непрыдуманасцю, непасрэднасцю, маладой прагай жыцця, незвычайнай паэтычнай узрушанасцю, здзіўленнем, што выліліся з самога сэрца дваццацігадовага хлопца (верш напісаны ў 1956 годзе). Словам, лірычны характар відаць быў адразу.

Тут жа, побач, былі вершы іншага тэматычнага плана, больш, калі можна так сказаць, сур’ёзныя па гучанню, сацыяльна-грамадзянскія па скіраванасці. Але ў той жа час такія ж шчырыя і па-юнацку пранікнёныя. Яны паказалі нам другую грань таго ж самага лірычнага характару.

Я з твайго неспакойнага племені, Партыя, Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу. Гэта ты разам з маці дала мне ўпартую І няўрымслівую душу. Гэта ты мне адкрыла прасторы шырокія І ў дарогу ўручыла свой дапытлівы зрок. І заўсёды з тваімі ўладарнымі крокамі Я знітоўваю кожны свой крок.

Так у паэзіі Г. Бураўкіна, у яго самай першай кнізе намецілася ўзаемасувязь, узаемапранікненне гэтых двух пачаткаў — інтымнага і грамадзянскага, лірыкі асабістай і пачуцця грамадскага, прапушчанага праз душэўны вопыт паэта, насычанага страсцю і хваляваннем. Я не знаходжу ў гэтых двух пачатках «антыномію» «я» і «мы», пра якую пісаў А. Вярцінскі, рэцэнзуючы кнігу выбраных вершаў Г. Бураўкіна («Бібліятэка беларускай паэзіі»), выдадзеную ім у 1969 годзе (Літаратура і мастацтва, 16 студзеня 1970 г.). Гэтыя два пачаткі — лірычны і публіцыстычны — існуюць у паэзіі Г. Бураўкіна ў больш складанай дыялектычнай узаемасувязі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: