Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
Зала прыціхла, слухаючы пысінскую «Баладу пра камбата», суперажываючы лёсу яе героя.
Лёсаў колькі вайна памалола!.. Чорным снегам сыпнула зіма. Ні дачушкі, ні сына малога Ў маладога камбата няма. І атаку мы зноў адбіваем, За сябе і за вас пастаім. Хоць вам, дзеці, якіх уяўляем, Нарадзіцца, напэўна, не ўсім. …Ты, журба, як адчутая страта, Вы, трывогі, адкуль, ад каго? — А мы — дзеці, мы — дзеці камбата, Мы — адзіныя дзеці яго.Аўтар скончыў чытаць, але воплескі пачуліся не адразу: людзі былі душэўна ўзрушаны пачутым, кожны думаў пра нешта сваё, сэрцам дакранаючыся да гераічнага подзвігу паэта і яго равеснікаў.
Думалася пра сілу і моц паэзіі, якая здолела сабраць у адным перажыванні жыццё цэлага пакалення і намаганнямі таленту ўзняць яго на такую вышыню душы!
Лёс паслаў Аляксею Пысіну нялёгкую жыццёвую дарогу. Нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пра свой жыццёвы «пачатак» ён гаворыць у аўтабіяграфіі, успамінаючы песні, якія хораша спявалі хлопцы і дзяўчаты, і — гэтая дэталь здалася мне вельмі цікавай у дачыненні да яго паэзіі — мноства крынічак у ваколіцах роднай вёскі Высокі Борак: «Ці ты ў лузе, ці на папасе — усюды знойдзеш паблізу крынічку. То яна трапеча ў замшэлым пазелянелым зрубе, то струменіць адкуль-небудзь з-пад горкі ці проста ўзнікае там, дзе конь капытом ступіў».
З адной з іх і пачалася ручаіна паэзіі Аляксея Пысіна, плынь якая з цягам часу ўсё больш мацнела.
Пісаць ён пачаў яшчэ да вайны, калі вучыўся ў вясковай школе, а затым — у канцы 30-х гадоў — у Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску. Першы верш быў надрукаваны ў газеце «Чырвоная змена» ў 1938 годзе. Аднак першая кніга — «Наш дзень» — выйшла толькі ў 1951 г. Тыя вучнёўскія вершы ў яе не трапілі, а ўвайшлі творы, напісаныя пасля вайны. Па іх відаць было, як знудзіліся рукі былога воіна па мірнай стваральнай працы — сеяць, жаць, будаваць. Праўда, нельга сказаць, каб вершы яго вызначаліся нейкімі асаблівымі эстэтычнымі якасцямі. Паэзія Пысіна была вельмі прадметнай: аўтар браў нейкі факт, дэталь, рэч — жолуд, серп, крэмень — і праз іх апісанне ішоў да мастацкага абагульнення рэчаіснасці. Гэтым вершам («Шлях Гастэлы», «Крэмень», «Медаль», «Летапіс» і інш.) нельга адмовіць у паэтычнасці, аднак яны недастаткова (не ў меру магчымасцей аўтара) судакраналіся з жыццём і з душэўным светам аўтара. Адсюль — некаторы недахоп унутранай праўдзівасці, пагроза штучнасці (скажам, там, дзе ён прапануе Млечны Шлях назваць шляхам Гастэлы, каб такім чынам увекавечыць подзвіг героя), фактаграфічнасці («Наш дзень»), інфармацыйнасці («Крэмень») і г. д. Стваралася ўражанне, што паэт выступаў не столькі ад сябе, ад сваёй асобы, колькі ад нейкага празмерна абагульненага, абстрактнага «я», пазбаўленага так неабходных у паэзіі жывых, непаўторных рыс.
Падобныя недахопы ў нейкай меры былі ўласцівы і наступным яго зборнікам — «Сіні ранак» (1959) і «Сонечная паводка» (1962). Разам з тым яны сведчылі пра накапленне ў творчасці паэта новых якасцей. В. Тарас трапна пісаў пра «Сонечную паводку»:
«А. Пысін вельмі арганічна звязаны з навакольным светам, з роднай прыродай; ён проста і шчыра размаўляе і з лесам, і з вавёркай, і з чайкай… Яго паэзію можна параўнаць „з ціхай крыніцай, што бруіцца ў зялёнай дуброве“. Каля такой крыніцы міжволі цяплее голас, залішне гучнае слова становіцца ненатуральным, светлы сум уваходзіць у сэрца» (Полымя, 1962, № 7, с. 181).
Добрых вершаў з’яўлялася ўсё больш: «***Сок бяроз і начлежны дымок», «Ручнікі», «Рэха», «Рабіны», «Сланечнік» — у гэтых і іншых творах знайшлі адлюстраванне дабрата паэта, любоў да жыцця і чалавека-працаўніка. Яны сведчылі, што яго мастацкае станаўленне працягвалася. А некаторыя вершы прадвяшчалі будучага Пысіна.
Перад фатографам жанчына Хавае рукі пад фартук, Нібы ёсць нейкая прычына Саромецца ўласных рук. Фатограф і суседкі раяць: — Без фартука лепш зняць бы Вас… Але не ведае старая, Што ў рукі ўзяць на гэты час. Палола лён… Снапы вязала… Дзяцей люляла па начах… Часіны не гэткае не знала, Каб не трымаць чаго ў руках.Паглядзіце, які праўдзівы, філасофска насычаны (гаворка ідзе пра сэнс жыцця) партрэт вясковай жанчыны намаляваны тут. Жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы… За гэтым партрэтам бачны другі — партрэт лірычнага героя, ці самога паэта, — разумнага, добрага, чалавечнага.
Дарэчы, пра лірычнага героя Лірычны герой перш за ўсё мае адносіны да паэзіі, асабліва да лірычнай паэзіі. За ім стаіць постаць паэта, яго душэўны стан, перажыванні, выкліканыя той ці іншай жыццёвай сітуацыяй. Верш «***Перад фатографам жанчына…» можна разглядаць як праяўленне лірычнага героя паэта, чыё ўнутранае жыццё ўсё мацней зрасталася з быццём народным.
Верш быў напісаны ў 1958 годзе. Тады, на ўзмежжы 50-60-х гадоў, у паэзіі Пысіна ўсё больш заўважалася прыкмет новага. Прыходзіць цвёрдае разуменне, што ісціны, якія ён, так сказаць, абараняе ў сваіх вершах, павінны быць перажыты ім асабіста, а не ўзяты, як кажуць, напракат або пазычаны ў некага і толькі загорнуты ў прыгожую ўпакоўку.
У тым жа 1958 годзе ён надрукаваў вядомы свой верш «Вузел», надаўшы яму ў пэўным сэнсе праграмнае значэнне.
Не ведаю, якім вузлом Навекі я прывязак Да старых сосен за сялом, Да яблынь, груш і вязаў; Да кладак гладкіх, Валуноў, Да траў, жытоў на ўзлесках, Да партызанскіх курганоў І помнікаў гвардзейскіх… Адно я знаю: гэткі меч На свеце не скуецца, Каб мог ён вузел мой рассеч, Не закрануўшы сэрца.Гэта быў час, калі перабудоўвалася, набліжаючыся да рэчаіснасці, творчая пазіцыя паэта, калі яго лірычнае «я» ўсё паўней убірала ў сябе галасы самога жыцця, бясконца разнастайнага і зменлівага. Гэта вяло да ўзбагачэння асобы. Таму што ўнутранае багацце асобы зыходзіць з багацця яе рэальных сувязей. Літаратура імкнецца да больш канкрэтнага і больш праўдзівага даследавання пачуццяў чалавека, за якімі стаяць яго грамадскія сувязі.
У «Сінім ранку», здаецца, упершыню далёкім рэхам адгукнулася ваенная біяграфія паэта: «Мы маладосцю баранілі усё, ў што верылі, любілі». Пра вайну, пра страты нагадваюць яму рабіны на палявым узмежку — «Нібы кагосьці з далёкіх пуцявін чакаюць на сваім парозе». У «Сонечнай паводцы» гэты матыў узмацняецца: