Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
Пушкін сказаў пра Баратынскага: «Ён у нас арыгінальны, таму што мысліць». Самае галоўнае ўражанне ад апошніх кніг А. Пысіна — актывізацыя яго паэтычнага мыслення, яшчэ большая заглыбленасць у рэчаіснасць. Перажыванне робіцца па-сапраўднаму аналітычным, больш і больш спавядальным, арганічна звязаным з усім тым, што давялося зазнаць на жыццёвых дарогах.
Спавядальнасць стала для яго маральнай, духоўнай патрэбай.
А снег — у кожнага ён свой, Як сон, як госць каля парога, Як зноў адчутая трывога, Як суцяшэнне і спакой…Канцэпцыя рэчаіснасці развівалася і ўзбагачалася. Але, думаецца, было ў яго нешта такое, што заставалася пастаянным. Гэта — дар здзіўляцца свежасці і прыгажосці жыцця, гатоўнасць падзяліцца незвычайным паэтычным адкрыццём.
Быццам вяртаюся ў тое былое, У дапатопны той век; Першае поле не ўздыбіў раллёю, Першае дрэва не ссек.Убачана гэта неяк вельмі ж адметна, па-пысінску.
Індывідуальнасць лірычнага перажывання падмацоўваецца нават падкрэсліваннем той мясціны, дзе нарадзіўся паэт, дзе ён жыў. Для Пысіна — гэта Магілёўшчына, Краснапольскі раён. Жалезніца, Касцягаўка, і Горна, і вёска маці — светлыя Мануйлы… Гэтая сардэчная, немітуслівая любоў да жыцця, да людзей вельмі ж кранае. Працэс індывідуалізацыі выяўлення пачуццяў, індывідуалізацыі ўспрыняцця вёў да больш глыбокага зліцця асабістага і сацыяльнага ў паэзіі, да напаўнення інтымнага шырокім маральна-этычным зместам.
Што яшчэ і яшчэ раз заўважаеш у характары паэта — гэта яго незвычайную дабрату ў сэнсе багацця чалавечнасці, шырыні кроўных сувязей са светам — з людзьмі, падзеямі, прыродай. «Добрай чалавечнасці галінка ў кожным слове хоча вырастаць», — гаворыць Пысін. Дабрата яго не паказная. Яна найбольш у самім стаўленні паэта да рэчаў, аб ёй можна меркаваць па тым, што трапляе ў поле зроку, як ён бачыць жыццё. Яго пошукі і знаходкі звязаны з псіхалагічна заглыбленым раскрыццём сацыяльнай і духоўнай сутнасці сучасніка.
Чым паўней мастак убірае ў свой унутраны свет вялікія грамадскія пытанні жыцця і чым арганічней сваё, інтымнае ўспрымае ў непадзельнай сувязі з вялікім светам народнага жыцця, тым большае ідэйна-мастацкае значэнне яго твораў. «Свая» тэма не звузіла светаўспрыняцце А. Пысіна. Наадварот, і паглыбіла, і пашырыла яго. Думка паэта багатая на чалавечнасць, на адчуванне сваёй далучанасці да ўсяго свету.
Ёсць на свеце мой алень, Ёсць і гэткае маленне: Будзь заўсёды у аленя, Цёмны мох і светлы дзень! Бы, разумныя браты — Я і сам страляць умею — Дайце жыць майму аленю Пад галінкай дабраты.Варта звярнуць увагу не толькі на сэнс радкоў, але і на іх гукавую арганізацыю і строфіку, тыя «званочкі», што сабраны ў канцы радкоў (алень — маленне — дзень…). Яны «вядуць» думку паэта, робяць яе чутнай і пластычнай. У гэтых радках з кнігі «Ёсць на свеце мой алень» шырока і поўна — і свабодна, нязмушана! — выяўляецца асоба паэта. Асабісты пачатак, як бачым, не вынік адлучэння паэта ад аб’ектыўна-гістарычных працэсаў, наадварот — ён вынікае з іх глыбокага ўсведамлення. Іменна пры гэтай умове асабістае ўзнімаецца і ўзбуйняецца да асабовага, агульназначнага. Для А. Пысіна гэта была звычайная з’ява: за ўсіх і кожнага ён хацеў заступіцца.
І чаму не стаў я лесніком, Лес мой, брат мой… Быў бы я тваім замком І тваёю брамай.Прыгажосць лесу безабаронная, нехта «з помстаю ідзе да дрэў і сячэ без жалю іх на дровы», а лес варты таго, каб яго ашчаджалі і бераглі.
У А. Пысіна кожнае дрэва поўнае вялікага сэнсу і значэння:
«Пад арэшынай — любімай быць, Пад вярбінаю — ліць слёзы, Пад рабінаю — чужых любіць, Удавой застацца — лёс бярозы». Гаварыла маці гэтак мне, Калі сад скідаў ліству сырую. Я глядзеў на дрэвы у акне, Я глядзеў на маці нестарую.Ізноў міжвольна ўзнікае паралель: зялёнае дрэва і жывы чалавек, прыроднае адлюстроўваецца ў чалавечым, а чалавечае — у прыродным. А. Пысін прадстае ў гэтым вершы глыбокім чалавеказнаўцам, чалавекам мудрым і добрым. У мудрасці, кажуць, шмат смутку, але смутак не зніжае жыццесцвярджальнасці верша, наадварот, ён робіць гэту рысу больш праўдзівай і пераканаўчай.
І чаго журылася яна: Можа, лісце тое шкадавала, Ці яе дзявочая вясна Белаю вярбою ашукала?Гэта — пра маці і разам з тым пра сябе.
Як бачым, у эмацыянальным вопыце А. Пысіна адлюстроўваўся вопыт іншых, вопыт яго пакалення, які паэт здолеў так дакладна і пранікнёна выразіць, тыпізаваць у цікавым чалавечым характары.
Ён шмат і ахвотна піша пра лес. Тут паэту добра думаецца, і сам душэўны стан нейкі незвычайны:
Я вучань, першакласнік я нясмелы, Вучуся ў мудрых дрэў, а не ў магіл. Хай упадзе мой дзень, як жолуд спелы, З тугім запасам жыццядзейных сіл. Аб вечным думаю, амаль цвярозы, На імянінах векавых дубоў. Ляпеча штось касцёр. Іскрынкі-восы Мільгаюць ля маіх маўклівых броў.