Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
Салдат прарос кветкай. Пачатак узнаўлення дабрыні, маральных каштоўнасцей закладзены ў самой прыродзе. Такім чынам, гэты верш — «Іван-чай» — не толькі пра вайну. «Салдацкая правата — правата сучаснасці,— гаварыў паэт. — Правата дружбы і кахання, трывог і летуценняў, высокіх ідэалаў. Правата роздуму аб вечных катэгорыях. Кожная з’ява ў жыцці мае тры вымярэнні: мінулае, сучаснае, будучае…» Сэрца паэта ахоплена трывогай за стан свету: ён баіцца, каб не распалася сувязь часаў, каб не паўтарылася трагедыя веку — вайна, бо гэта азначала б смерць, канец свету. Такую думку прачытваем у вершы пра Раберціна Ларэці, чый дзіўны голас скалануў і прымусіў здзівіцца ўсю планету. Каб перадаць напружанасць сітуацыі, аўтар звяртаецца да парадаксальнасці:
Маці-планета войкнула,— Што нарабіла? Маці-планету палохае Уласнае дзіва. Боязна ёй становіцца: Так звонка спявае хлапчук італьянскі, Што могуць атамныя бомбы Узарвацца ад дэтанацыі.Адказнасць за сучаснасць, якая сінтэзавана ў сабе, і мінулае («Мінулае належыць нам так, як і будучыня», — заўважыў неяк паэт), — арганічная для характару лірычнага героя, які не аддзяляе сябе ад народа, жыве з ім адным жыццём. Такое разуменне адказнасці шырока раскрывае творчыя магчымасці паэта, узнімае яго гуманізм на ступень сацыялістычнага гуманізму, аптымістычнага па сваёй сутнасці. Свет убачанага і перажытага, тое, што стала аўтарскім вопытам, цікава і своеасабліва пераламляецца ў вершах паэта. І калі мы гаворым, што Пысін з цягам часу ўсё больш пераносіць сваю ўвагу на асобу, на індывідуальную псіхалогію, то гэта зусім не значыць, што яна ў нейкай ступені абыходзіць гістарычныя паняцці і грамадскія рамкі. Наадварот, большая ўвага яго да чалавечай асобы, да індывідуальных лёсаў (у тым ліку да свайго) мае гістарычную падсветку. У свой час, працуючы над новымі раманамі «Палескай хронікі», І. Мележ дамагаўся «паказаць праз асабістае страсць эпохі». Менавіта так асвойвае складанае пачуццё гісторыі паэзія Пысіна: мінулае гаворыць голасам лірычнага героя, чый лёс блізкі лёсу самога паэта. І сябе самога ён адчувае не інакш, як сувязным паміж былым і наступным. Адсюль і вострая памяць на пражытае, і ўпэўненасць, што лепш за яго аб перажытым ніхто не раскажа. Паэзія Пысіна, уласна кажучы, і ёсць мастацкае ўвасабленне гэтай адказнасці. У яго шмат вершаў, якія хочацца запомніць, зрабіць сваім душэўным набыткам. Вось як, напрыклад, гэты шырокавядомы шэдэўр яго лірыкі:
Забыта многа ў жыцці, З дарог змецена і змыта. Мне ў жыта хочацца ўвайсці, Мне вечнасцю здаецца жыта. Вазьму шурпаты каласок На чуйным провадзе саломы — І адзавецца мне здалёк Мой продак — сейбіт незнаёмы; Жней невядомых галасы Ўсплывуць над постаццю сухою. Раскалыханы каласы Густой паўдзённаю смугою. Тут даспявае пад смугой Зліццё надзей, жаданняў сумесь. Гудзе жытнёвы провад мой — Часоў былых і новых сувязь. І даспявае далягляд У трапяткім мембранным гуле. Шукаюць рукі тых зярнят, Каб нас таксама дзесь пачулі.Залатая нітка гісторыі — той провад, які аб’ядноўвае, родніць нас з продкамі нашымі, каму мы больш абавязаны, чым часам думаем. Бацькам, продкам мы абавязаны і тым, што карыстаемся створанай імі мовай. Паэт перапоўнены сыноўняй удзячнасці «маці — словатворчы». Ён цесна звязаны са сваім, родным. Вось радкі пра сад:
Быў я нягодамі сечаны — Яблыкі шрамамі мечаны. Усё, з чым душа сутыкнулася, У садзе, напэўна, адчулася.Так можна сказаць і пра сад, і пра радзіму — вялікую і малую. І гэтую сувязь паэт, у сваю чаргу, завяшчае нашчадкам: «яблык ад яблыні коціцца ў руку таму, хто народзіцца». Асоба змяшчае ў сабе гісторыю як працэс, як пераемнасць эпох, як сувязь часоў. «З-пад пліт, з-пад дрэў гусцей сышліся цені; даўно не грэліся каля кастра». На гэтым будуецца канцэпцыя паэта (не так часта даводзіцца гаварыць пра канцэпцыю ў дачыненні да лірыкі). Яго погляд разгорнуты ў мінулае і ў будучыню: «Дальнія нашчадкі! Я гляджу — вашых прадзедаў нясуць у яслі». Пра дзіцёнка ён гаворыць, што гэта нітачка, якая вядзе ў будучыню.
З гэтым, нам здаецца, і звязана тое новае, чым ён узбагаціў сучасную беларускую паэзію.
Імкненне да дакладнасці пачуцця адбіваецца ў мове. Слова паэта становіцца «плынным» (выраз Л. М. Талстога): «цені неданесеных штыхоў», «густая медзь з галін сцякае», «бярозавае святло» ці, яшчэ больш нечакана, — «сухое святло». У яго з’яўляецца такое, скажам, параўнанне: «Ідуць наўпрост мінуты і секунды, як сотні радавых на маршы дня». У другім выпадку: «Куды спяшаюцца дажджоў калоны, не зведаўшы дарог і перапраў?» Засяроджанасць на былым не азначае ні тэматычнай вузкасці, ні адсутнасці, як мы ўжо казалі, сувязі з сучаснасцю. Наадварот, яго паэзія актыўна фарміруе светапогляд сучасніка:
І даспела песня, і праліта На зямлю, на маладое жыта. І душа адчула: лёс нас песціць, Пакуль песня — ў хлебе, хлеб — у песні.Асацыятыўны свет паэта шырокі, ён глыбока карэніцца ў роднай зямлі і звязаны з сённяшнім днём. Але мерка ваеннага часу — калі справа ідзе пра чалавечае сумленне — застаецца. Вайна са сваім трагізмам і героікай, драматызмам і самаахвярнасцю фармавала жыццеўспрыняцце паэта і шмат у чым вызначыла яго погляд на рэчы. Яго лірычны характар — характар гераічны, бескампрамісны, гатовы на самаахвяраванне ў імя людзей і ясыцця. А. Пысін быў вельмі патрабавальны да тых, хто піша пра вайну. Вайна, заўважае ён, увайшла ў беларускую паэзію «палатамі мінёраў», «бязбацькавічамі», спляценнем жахлівых, трагічных сітуацый. Пра яе нельга пісаць «з лёгкасцю», як гэта робяць некаторыя. Яго вершы даносяць да нас франтоў «няроўнае дыханне», драматызм і героіку салдацкіх лёсаў, як, напрыклад, у вершы пра лётчыка, які не дацягнуў да сваіх і згарэў у сорак першым «на жалезным кастры самалёта». Згарэў, загінуў, застаўся, можна сказаць, невядомым… І паэт намаганнем душы і памяці ўваскрашае ягоны подзвіг, перадае нашчадкам грамадзянскую самаахвярнасць і боль страты…
А. Пысін, як, мабыць, ніхто з яго калег — сучасных паэтаў, умеў выключна праўдзіва і дакладна маляваць ваенныя будні. Адзін з лепшых на гэту тэму — верш «Асвейскія ручнікі». Пярэдні край, ірвуцца варожыя снарады…
І выбухі ўстаюць бязліста, Як марсіянскія кусты. На тых кустах — кара зямная, Цагліны, трэскі, сашнікі. На тых кустах — бель ільняная: У чырвоных пеўнях ручнікі.Адкуль тут вышытыя ручнікі? Мо гэта толькі паэтычная метафара? Не, так было ў жыцці:
Байцоў на фронт паслалі сёлы, І — закапалі сундукі: Свой добры хлеб, гасціннасць солі І вышытыя ручнікі.І далей:
Таму чужынец азвярэлы Снарады ўвінчвае ў пласты, І выбухі ўстаюць, як дрэвы, Як марсіянскія кусты.Вайна — супраць прыгажосці, гасціннасці, хлеба і працы. Вайна — трагедыя чалавецтва — і пра гэта нельга забываць.
Паэзія А. Пысіна вызначаецца пільнай увагай да чалавека, да яго боляў, клопатаў, трывог. У адным з вершаў ён прыгадвае, як байцы, вярнуўшыся з вайны, аддавалі маткам бушлаты: «У зялёным, нібыта салдаты, і касілі, і жалі яны». Але не ўсе дачакаліся сваіх бушлатаў: