Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
А. Пысін праз вобраз лесу выяўляе сваё ўспрыняцце рэчаіснасці, свой унутраны свет, у якім празрыста адбіваецца аблічча нашага часу. Яго вершам уласцівы смелы ахоп рэчаіснасці, уменне за сціплым фактам бачыць патаемныя глыбіні быцця. «Аб чым гаворыць з берагам вада, — мне невядома; у яе свая любоў, і правата, і немата, і мова…» Б. Пастарнак некалі афарыстычна вызначыў: «Паэзія — у траве», гэта значыць у самым будзённым, «празаічным» жыцці. Можна здзівіцца і нават пазайздросціць тонкасці і нейкай, я б сказаў, першапачатковасці адчування прыроды: «Хітры карась затаіўся ў пастцы, мудрыя травы спяць у стагах». Паэту добра відаць, як вясновае адраджэнне прыроды ўплывае на чалавечыя душы: «прырода вучыць нас, яна ўмее заўсёды быць саўдзельнікам вясны». У яго пейзажных вершах мне чуецца той «водгук неспазнаных настальгій», які ўладна цягне на жывое ўлонне — у поле, на луг, у лясныя нетры. «І штосьці ад дрэва ў мяне, і штосьці ад птушкі журботнай», — прызнаецца ён у адным з вершаў. Гэты паэтычны пантэізм — натуральны, непрыдуманы — заўсёды глыбока ўражвае: «Сасна паклікала, як маці, працягла, глуха: „Аляксей“».
У адным з вершаў паэт гаворыць: «Пасля дажджу шумяць яшчэ нябёсы, яшчэ ў паветры пругкі цень вады». «Пругкі цень вады» — мяне літаральна паланіў гэты вобраз сваёй дакладнасцю і прыгажосцю. Вобразы прыроды напрамую звязаны з самасвядомасцю чалавека, яго духоўным светам, які несупынна пашыраўся ў паэзіі А. Пысіна. У якасці аб’екта ў яго ўсё часцей выступае не асобны факт, бытавая дэталь, здарэнне, а сукупнасць фактаў, важныя праблемы часу. Такі аб’ект патрабуе актывізацыі мастацкай думкі, падключэння ўсіх духоўных магчымасцей чалавека. Пысін разумеў, што для сучаснай паэзіі мала аднаго толькі багацця адчуванняў і абаяння непасрэднасці. Мудры вопыт і аналітычнае мысленне становіцца сёння адной з важнейшых, умоў паэтычнага засваення хуткаплыннага жыцця. Гэта ўласціва яму літаральна ўсюды: і там, дзе ён размаўляе з франтавымі сябрамі, і там, дзе вядзе размову з прыродай, з сучаснікам — у кожным душэўным жэсце… Гэта не магло не адбіцца на развіцці мастацкага мыслення — самой паэтыкі. Такія словы-вобразы, як жыта, корань, крыніца, вада, снег, вузел, споведзь, жыццё можна было сустрэць у яго вершах і раней, але цяпер яны напоўніліся больш значным асацыятыўным зместам. Слова паэта аказалася дастаткова ёмістым і гнуткім, каб адлюстраваць эмацыянальную напружанасць і драматызм перажытага. Яно паглыбляе традыцыйны верш. Старое слова, становячыся ў новую сістэму, само абнаўляецца, набывае свежыя фарбы. Адкрываюцца новыя перспектывы выразнасці. Здаровая суб’ектыўнасць знаходзіць выяўленне ў рэзкіх кантрастах (у тым ліку эмацыянальных), нечаканых супастаўленнях, імклівых пераходах, нават у эксцэнтрыцы. Яна значна актывізавала метафарычнае мысленне. Верш пераадольвае хранікальную фатаграфічнасць, эмпірычнасць, а таксама павярхоўную эмацыянальнасць. Факт становіцца грунтам для роздуму, ён стымулюе думку, што рухаецца па лабірынтах асацыяцый.
Звяртаўся Аляксей Пысін і да іншых жанраў, шукаючы сябе не толькі ў лірыцы, але і ў паэме.
У паэме «Белы камень» (1965) моцна адчуваецца лірычны пачатак: яна пабудавана ў форме расказа салдата, які пасля шпіталя адпачываў па пуцёўцы ваенкамата ў татарскім ауле. Герой паэмы ўсхваляваны выключна прыязнымі адносінамі да сябе з боку, здавалася б, чужых людзей, якія шчодра дораць яму сваё цяпло і чалавечнасць.
Паэма «Кавылёк» (1964) адрасавана дзецям. А. Пысін з усмешкай расказвае пра займальныя франтавыя эпізоды з ваеннага жыцця. Аўтар праявіў майстэрства ў пабудове дасціпнага прыгодніцкага сюжэта.
Духоўны, маральны ідэал паэта заставаўся вельмі высокім. Пра гэта сведчыць яго паэма «Жураўліны бераг» (1964), якая малюе мірныя будні нашых людзей — сучасных калгаснікаў, іх барацьбу за высокае прызначэнне чалавека тварыць дабро, змагацца за новы побыт, за камуністычныя адносіны да працы. Магчыма, не ўсе героі выглядаюць пераканаўча, ёсць тут характары і супярэчлівыя, але паэма «Жураўліны бераг» — уся! — прасякнута верай у чалавека, у яго высокае прызначэнне на зямлі.
У сакавіку 1980 года грамадскасць рэспублікі адзначыла 60-годдзе з дня нараджэння паэта, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Аляксея Пысіна, які сустрэў свой юбілей у росквіце творчасці. Пра гэта сведчылі яго новыя публікацыі — вершы, нарысы. Смерць падкралася неўзаметку — сказаліся старыя раны, атрыманыя на вайне. 27 жніўся 1981 года Аляксея Пысіна не стала.
Зборнік вершаў «Палёт» выйшаў праз год пасля сумнай весткі.
Лёс паэта і яго пакалення, якое ў цяжкую часіну засланіла Радзіму сваімі грудзьмі, адлюстраваўся ў вершах.
Палім мы маршанскую махорку, Бачым мы Дняпроўскую граду. Будзе сёння бой. На тым узгорку, Можа, я таксама упаду. Будуць травы над курганам. Будуць Адлятаць у вырай жураўлі. Нас, напэўна, ў свеце не забудуць, Успомняць, што на свеце мы жылі.І апошняя, вельмі арганічная і натуральная для Аляксея Пысіна страфа:
Я гляджу на даўняе курганне, На траву, на рыжых мурашоў. Ведайце, калі мяне не стане — Я ў сваю дывізію пайшоў.Праўда перажытага
(Еўдакія Лось)
Гэтыя радкі Еўдакіі Лось чамусьці заўсёды выклікаюць у памяці першую сустрэчу з ёю.
Улетку 1962 года прыехаў я ў Мінск паступаць у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Сустрэў мяне, навічка, мой даўні старэйшы сябар, былы выкладчык Брэсцкага педінстытута, дзе я некалі, да прызыву ў армію, вучыўся, Іван Клімавіч Германовіч. Стаім мы з ім ля будынка Акадэміі, пад знакамітымі калонамі, размаўляем, раптам, бачу, падыходзіць да нас прыгожая светлавалосая маладая жанчына, вітаецца з Іванам. Аказваецца, яны даўнія прыяцелі, разам вучыліся — на пачатку 50-х гадоў — у Мінскім педагагічным інстытуце. Знаёмімся — Еўдакія Лось. «Дык вось яна якая, Еўдакія Лось!» Адразу ўспомнілася яе першая кніжка — «Сакавік», што выйшла ў 1958 годзе, якую мы, тады яшчэ студэнты, з захапленнем чыталі і абмяркоўвалі на сваіх семінарах і дыспутах.
Абуджаюцца зямныя сокі, Бродзяць хмелем п’яным, маладым. На палях з праталін чарнавокіх Ўецца туманоў бялявы дым.Дык вось яна — жывая паэтэса, вершы якой так своеасабліва адкрылі нам прыгажосць жыцця, хараство і непаўторнасць гэтага цудоўнага свету, у якім наканавана чалавеку жыць…
Звярнулі ўвагу тонкія, адухоўленыя рысы яе твару, прыгожая постаць. Падумалася: вось такой і павінна быць паэтэса.
Цікавая, таленавітая моладзь расце, — гаварыла яна пра сваіх равеснікаў, аднагодкаў, пра сваё пакаленне — Уладзіміра Караткевіча, Міколу Арочку, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Нядзведскага, Алега Дойку, Рыгора Барадуліна і іншых. — Добрыя яны і розныя, а, паглядзіце — крытыка іх не разумее!