Мележ Іван
Шрифт:
Ён ішоў так доўга. Абапал у сухім духмені жнівеньскага дня млелі палі — то голая пожня, першы знак развітання з летам, то бялявыя разлівы нязжатага ячменю, то зялёныя, прыпыленыя абсягі бульбы. Жыта ўжо не было відаць, a пшаніца i ячмень яшчэ дзе-ні-дзе стаялі. Марцін разы тры збочваў з дарогі, шоргаючы зношанымі кірзавымі ботамі, ішоў па пожні, гаспадарскім вокам звыкла прыглядаючыся да прысадзістых бабак, да ўмятых калёсных дарожак. На адным полі, то там, то сям на памятым іржышчы, дзе стаялі раней бабкі, Марцін знайшоў каласы.
«Нацерушылі i не падабралі, абібокі! Гаспадары называецца! Чыё гэта поле? Здаецца, „Чырвонага шляху“… Ну, так, „Чырвонага шляху“… Трэба пазваніць старшыні — навучыць, як трэба рабіць…»
Яго зноў крануў непакой. Марцін збочыў з поля на шлях, кульгаючы, уподбег дагнаў калёсы i сеў.
— Я ў райкоме даў слова, — сказаў ён, беручы ад Насці лейцы, — што мы заўтра ўвечары скончым уборку.
Ен паглядзеў на Насцю, у позірку прыплюшчаных вострых вачэй было запытанне: скончым ці не? Насця сказала:
— Мая брыгада сёння скончыць. За мяне табе хвалявацца не прыйдзецца. Я, можаш быць спакойны, не падвяду.
— A іншыя?
— A іншыя? Што-ж мне галаву лішне ламаць? Кожны хай сам за сябе дбае… У кожнага ёсць свая галава, свой розум… Да чужога цела няма каму дзела…
У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі. Ен згарача памкнуўся сказаць штосьці, відаць, едкае, але перадумаў, змаўчаў. Потым, супакоіўшыся, суха выціснуў:
— Пашлі сягоння на ноч чалавек трыццаць сціртаваць.
Болей яны да самага калгаса не прамовілі ні слова.
Увесь дзень Ігнат сланяўся па дварэ, не знаходзячы сабе прытулку. Koнi пасвіў цяпер іншы калгаснік. Ісці працаваць у поле Ігнат не хацеў, бо гэта азначала уступку яго «крыўдзіцелям» — Насці i Марціну. («Не пайду я да ix кланяцца!»)
Але працаваць карцела. Ен любіў працаваць. Два гады з таго часу, як у вызваленай Каранеўцы зноў стаў жыць калгас, Ігнат з дня ў дзень спяшаўся на працу, яго галава была напоўнена рознымі думкамі пра коней.
I раптам сёння Ігнату не трэба ні аб чым рупіцца, ні пра што дбаць. Спі, колькі зажадаецца, гуляй, як табе хочацца. Раней часамі ён думаў, што не мець клопатаў прыемна, а цяпер выяўляецца, што такое становішча вельмі дакучае. Асабліва, калі вакол гарачая жніўная пара i ўсе людзі, нават горкія падлеткі, з рання да позняга вечара не сыходзяць з поля…
Учора, перадаўшы коней другому конюху, у сваяка-суседа Ігнат выпрасіў пляшку гарэлкі. Цяпер даводзілася пакутаваць ад няўтольнай смагі, аднак, пахмяліцца не было чым. Малання, у якой ён прасіў «хоць кроплю» гарэлкі, сярдзіта накінулася на яго: «Трасцы табе, а не гарэлкі, абібок!.. I ёсць, а не дам», — дадала яна напаследак, каб болей дапякчы. I праўда, Ігнат ведаў, яна мае гарэлку, але болей не прасіў, ведаючы Маланніну ўпартасць. Хоць памірай, калі сказала: не дам, — не дасць. Вылаяўся ціха i паплёўся ляніва з хаты ў агародчык. Там каля хлява стаяла некалькі вішанек; пад вішнямі была густая аксамітная траўка, цень, прахалода. Ён разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон неішоў. Ігнат некалькі разоў перавярнуўся з боку на бок, — дарэмна, смага не давала спакою.
Вось ужо Малання пайшла на работу: Ігнат чуў, як заскрыпелі вароты. «Праклятая баба, шкода ёй гарэлкі!» Нейкі час увага былога конюха была занята мураўём, што рупліва поўз па травінцы, несучы паклажу. Потым пачуў ён дзіцячы плач, дзіця плакала недзе непадалёк, нехта яго супакойваў. Хутка яно сціхла, i над сялом запанавала непарушная цішыня.
Ігнат падняўся i паклыпаў у хату. Толькі знайшоў у сенцах пляшку з гарэлкай, — пачуліся на ганку крокі. Ен борзда схаваў бутэльку i ўскочыў:
— Хто там?
У сенцы ўвайшла Вольга. Са святла яна некаторы час нічога ў змроку не бачыла, як сляпая, пазірала не на Ігната, а ў бок ад яго. Потым вочы спакваля звыкліся з прыцемкам.
— Дзядзька Ігнат, — яна парывіста дыхала, напэўна, хутка ішла. — Дзядзька Ігнат, вам трэба ісці на работу У нас не хапае возчыка… — Вы-ж цяпер не працуеце, — цішэй дадала яна.
«А-а, прыйшлі прасіцца! — з непрыязнасцю i радасцю падумаў Ігнат. — Патрэбны стаў! Учора скінулі з работы, а сёння клічаце… думаеце, Ігнат не помніць крыўды…»
— Ну i што, калі не працую, — цвёрда i цяжка выціснуў Ігнат i сціх. — Не працую… i не пайду працаваць!
Жанчына ад такога адказу збянтэжылася.
— Дзядзька, там не хапае возчыка… Паўлік захварэў, ліхаманка яго трасе.
— А табе што за клопат да гэтага?
— Мяне жанкі паслалі сказаць…
— Жанкі!.. Не пайду!
Ён павярнуўся i, не спяшаючыся, ляніва паплёўся ў хату. Як толькі жанчына выйшла, Ігнат вярнуўся да пляшкі.
Толькі Ігнат сабраўся быў пацягнуцца да вішанек, зноў бразнула клямка. «Каго гэта нячыстая носіць?» — нездаволена варухнулася ў яго галаве. Прынесла Гардзея Шкробата.