Вход/Регистрация
Блізкае і далёкае
вернуться

Мележ Іван

Шрифт:

I праўда, ужо на павароце з сяла на калгасны двор яе дагнала Вольга.

— Ну вось, да двара пойдзем удваіх, — сказала яна, аддыхваючыся ад хуткай хады i стараючыся ісці ў нагу з Аленай.

— Хоць-бы дождж не нагнала. Хмары якія…

— Хмары разыйдуцца, — запэўніла Вольга.

Алена ішла маўкліва i задуменна. Вольга, зірнуўшы на яе яшчэ соннымі вачыма, узрушана загаварыла:

— Рана як, Алена! Цялят i кароў не чуваць нават… Мая Арынка спіць со-оладка! — яна шчасліва ўсміхнулася простай, адкрытай усмешкай. — Як ішла, накрыла яе, а яна нават не паварухнулася. Калі-б ты бачыла, Алена, як спіць! Ручкі раскінула, вось так… Ну, я на двор па жняярку.

Алена не адказала. Вольга здзіўлена зірнула на яе i толькі цяпер заўважыла, што Алена зусім не слухала яе, думала аб нечым сваім.

Над полем, над шырокім прасцягам нячутна плыў ранак. На прыдарожнай траве, у вясёлых пялёстках рамонкаў, на пляскатых лісцях трыпутніку, на белых галоўках дзьмухаўцу абапал дарогі густа туманіліся кроплі расы. Стаяла такая цішыня, што ў ёй было чуваць, як побач, устрывожаныя блізкімі крокамі Алены, з ясным шэлестам ападаюць расінкі.

«Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся, — думала Алена. Пухкія, падобныя да дзіцячых, вусны задрыжэлі ад крыўды. — Пазней за ўсіх…»

Першай пачала працаваць жняярка. Пры жняярцы была Вольга, якая нікому ў Аленінай брыгадзе не саступала гэтага месца — яна лічылася ў брыгадзіра за самага стараннага, спрактыкаванага жняяра. Усё, за што ні бралася Вольга, яна рабіла акуратна. Разам з Аленай яна шчыра перажывала ўсе брыгадныя непаладкі. Пры жняярцы ішлі калгасніцы з Вольчынага звяна.

Жанчыны збіраліся дружна i адразу браліся за працу. Неба спакваля яснела. Радуючыся, што надвор’е правіцца, Алена праверыла, ці ўсе прыйшлі. Было сорак чатыры чалавекі — больш, як у іншыя дні, бо прыйшло некалькі калгасніц, якія звычайна не хадзілі на жніво. Чацвёра падлеткаў-дзяўчат, што жалі ўпершыню, трымаліся між дарослых нясмела, нязвычна, як навічкі ў школе. Алена адвяла ім асобны ўчастак, назначыла старшую. Да ix далучылася бабка Прося, сухая, маўклівая, строгая жанчына: дзе ў яе гады раўняцца з маладымі жнеямі. У іншыя дні бабка сядзела сабе пры хаце ды глядзела ўнука, а сёння дзіця аддала ў яслі i таксама прыйшла на поле.

Мужчын i хлопцаў — ix было дзевяць — Алена накіравала вазіць снапы.

Потым, як ужо ўсе пачалі працаваць, прыйшоў Васіль Скорык, Вольчын чалавек. Каўнер яго даматканай ільняной сарочкі, старанна вышыты Вольгаю, быў шырока расхрыстаны. Пусты правы рукаў, каб не матляўся, Васіль засунуў з ніжняга краю за тонкі скураны паясок, што слабка перахопліваў сарочку. Пры наступленні на Мінск Васілю, які быў у той час мінамётчыкам гвардзейскай часці, асколкам з нямецкага снарада адарвала па плячо правую руку; вярнуўшыся ў калгас ён стаў працаваць агародным вартаўніком. Як агародны вартаўнік, Васіль не меў ніякага дачынення да Аленінай брыгады, але ён разам з Вольгаю перажываў брыгадныя нелады.

— Прымаеце ў памочнікі? — голас у Васіля басавіты, модны: яго ў сяле за гэта жартам называюць «трубою». Некалькі жанчын цікаўна зірнулі на яго. — Га, прымаеце? Чаго-ж маўчыце?

— Чаму-ж не прыняць? Калі ласка…

— Куды яго, такога нездаляшчага! — наўмысна запярэчыла Алена, хоць у душы радавалася прыходу Васіля.

— Хто нездаляшчы? — весела адгукнуўся Васіль, ён любіў жарты. — Я? Ты-б, мілая, лепей спытала маю Вольгу, яна вунь там на жняярцы сядзіць, яна табе сказала-б, які я нездаляшчы. — Ён схапіў Алену за стан i прыцягнуў да сябе. Алена ўперлася рукамі, паспрабавала вырвацца, але дзе там — Васілёва рука, як жалезны абруч.

— Ну што, нездаляшчы? — з пераможнай усмешкай сказаў Васіль, адпускаючы Алену. Тая, заружавеўшы ад супраціўлення, лагодна ўсміхаючыся пухкімі губамі, развязвала змятую хустку, каб паправіць ускалмачаныя валасы. Жанчыны весела падсмейваліся з Алены, кпілі.

— Дык то адно, з бабай управіцца, а гэта другое, рабіць… — не здавалася Алена.

— А як-жа-ж агарод! Там-жа свінні націнне вытаўкуць ці вераб’і выдзеўбуць каноплі без цябе, вераб’іны начальнік!..

— Не выдзеўбуць! Яны ў мяне свядомыя! — пажартаваў Васіль, потым, схаваўшы ўсмешку, сказаў сур’ёзна: — Там Лідка мая засталася…

Ён пайшоў зносіць снапы ў бабкі.

— Калекі хлеб зарабляюць, а мой гуляе! Чакай, абібок! Чакай, катаржнік, я табе ўжо не дарую, — цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў i парывіста, са злосцю, рэзнула сярпом. — Я табе не дарую…

У нейкі міг у лагоднай сінечы між разарваных воблакаў зазіхацела сонца, i поле адразу радасна заззяла. Зямля пачала прыкметна параваць i сохнуць. Дыхнула гарачынёй.

— Та-та-та! — далятае зводдалек прагавіты клёкат жняяркі. Ён нібы падганяе коней, жнеяра, вязальшчыц.

Жняярка ідзе спорна, кладзе за сабою шапаткія абярэмкі спелых сцяблін.

Жанкі, што працуюць там, спяшаюцца, стараюцца не адстаць. Гарачы едкі пот, сплываючы з ілба, засцілае вочы. Толькі-б паспець у час, толькі-б хутчэй звязаць снапы.

I раптам — клёкат адразу ціхне, нібы адсечаны адным махам, у вушах прыкра звініць, шалясціць непрывычная цішыня. Алена ўстрывожана выпростваецца, глядзіць туды — жняярка стаіць нерухома. З ускінутымі крыллямі, што паднімаюцца над аўсом, машына здалёк нагадвае нейкага вялізнага матыля. Алена бачыць — Вольга саскочыла з сядзення i бяжыць наперад, чамусьці прыглядаючыся да аўса. Прабегла метраў сто, спынілася, паглядзела наперад. «Што там такое? — не церпіцца хутчэй даведацца Алене. — Чаму спыніліся?»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: