Мележ Іван
Шрифт:
— Ну i што-ж, доўга не верылі вы? — запытаўся я.
— Паверыла я толькі на другі год. Уступілі мы ў калгас… Ды позна паверыла! Прыйшлі ў нашы Вербавічы немцы, не адны прыйшлі, a прывялі яшчэ — каб яму немач! — графа Хвастовіча, які ўцёк у верасні.
А яшчэ праз год паліцаі схапілі Кандрата. Уламаліся ў хату ўвечары, перакапалі ўсё ў сенцах, на гары, на дварэ. Збілі яго — страх успомніць — i павалаклі. Дапытваліся, куды прыходзяць партызаны, толькі нічога не дапыталіся. Потым Кандрата перагналі ў Броды, а там — i след яго прапаў…
— I што — нічога невядома пра яго?
— Як i не было чалавека…
— Эх, гады. Колькі людзей перавялі! У нас у сяле семнаццаць чалавек расстралялі ў сорак другім, — сказаў лейтэнант да мяне. — Нейкая падлюга выдала…
— Гаравала я дужа па ім. Доўга ўбівалася. Толькі горам бядзе не паможаш. А трэба жыць — за дзяцьмі глядзець, на мне-ж яны засталіся. Добра хоць, што пачалі патроху падрастаць, з большымі — i клопат іншы…
Паразумнела, праўду сказаць, за вайну. I, калі фашыстаў прагналі i ў нас зноў калгас арганізаваўся, я адразу пайшла. Здавалася мне ўжо, што без калгаса i жыцця не будзе.
Пазалетась — от так на прадвесні — выбралі мяне на сходзе за брыгадзіра. Жартачкі сказаць: брыгадзір! Вы — людзі бывалыя і, мусіць, да ўвагі прызвычаеныя, вам, можа, i смешна: брыгадзір, падумаеш, начальства!
— А што-ж, на ўсякай пасадзе знойдзецца клопату.
— Я дык чаго тады перажыла — расказаць не раскажаш. I радасна: от i мне, учарашняй «хамцы», вераць, даручаюць такую справу. Радасна было, i — страшна: божа, як я спраўлюся з ёю, я-ж ніколі не ведала нічога, акрамя сваёй хаты ды поля свайго. «Не, — кажу я, — за ласку дзякую, але не згодна. Дарэмна выбіраеце мяне. Не спраўлюся». «Справішся. Дзе адна не здолееш, дапаможам», — зашумелі людзі. «Гэта i добра, што ты сумняваешся, — крыкнула аднекуль з кутка Адар’я, суседка мая, — значыцца, да справы сур’ёзна будзеш брацца!»
Угаварылі. Дамоў я ішла ў клопаце. У галаве назолаю розныя трывожныя думкі. Як прыйшла дадому, бачу, — не засну, дый годзе.
Прыбрала ўсё ca стала пасля вячэры, паслала настольнік. Надзейку, дачку, адправіла спаць, а сама прыкруціла кнот у лямпе i села каля стала. А на сэрцы, як i раней, — і сонца i хмары. У хаце ціха, толькі ходзікі на сцяне — цік-так, цік-так, а я сяджу i думаю, думаю, што буду рабіць. Можа, да поўначы прасядзела так… От як я прыняла сваё брыгадзірства.
Пра тое, як я працавала, не буду казаць. Пра гэта ў газетах пісалі, ды i сама я не на адной нарадзе колькі разоў гаварыла. Можа, чулі? Асабліва багата клопату было летась — з тым аўсом, што на «Мокрым», на тарфяніку. I славы i клопату. Пустазелля — адкуль яно толькі бралася? Ну, проста, забівала поле! Зноў-жа, колькі турботы, каб авёс не палёг. Жартачкі… На балоце глеба далікатная — ёй трэба асобы догляд…
— Далікатная… Гэта точна! — пацвердзіў тонам знаўцы лейтэнант.
— Бывала, з галавы тое «Мокрае» не выкінеш. Іншы раз i няма чаго ісці ў поле, а цябе цягне, — проста так, як да дзіцяці, каб праведаць: «як ты, маўляў, тут без мяне?»
Часта прыязджаў таварыш Хмялеўскі, сакратар наш. Ці то едзе з райкома ў нашы Вербавічы, ці то проста па тракту куды-небудзь едзе, у які калгас ці сельсовет, абавязкова спыніць сваю «Пабеду» i зойдзе на «Мокрае». Не праміне… цікавіўся вельмі.
Многаму мне давялося павучыцца з тым «Мокрым». Ляжала балота век перад вачыма, мазоліла вочы, — а як прыйшлося да справы, то аказалася, што я нічога пра яго не ведаю. У балотнай глебы свае капрызы. Тут-бы мне i ўзяцца за навуку пра балота, а я паспадзявалася на практыку сваю ранейшую, надумала старой дарожкай ісці.
Цераз гэтую навуку далася я ў знакі аграному спачатку. На нажах, проста сказаць, былі. Ох, i злаваў тады на мяне Сцяпан Ігнатавіч, аграном наш!.. Аднойчы нават «сляпой» абазваў, ей-богу, так i сказаў — «сляпая»…
— A ў вас, аказваецца, характар востры!
— Я часта спрачаюся больш цераз гонар, абы не паступіцца. Такая прывычка: вось i ведаю, што не мая праўда, a ўсё роўна не здаюся! Бы сябе зганьбіць баюся, ці што… Так i з Сцяпанам Ігнатавічам — спрачаюся, а пасля падумаю, падумаю, ды i раблю, як ён кажа…
Кніжкі пра балота сама пачала чытаць. Хай не думае, што я неразумная баба! Заўважылі мае жанкі, што я гэта чытаю, i нават жартам празвалі — «балотны прафесар». Так мяне цяпер часта завуць, асабліва Адар’я, насмешніца, тая ледзь што — «балотны прафесар»!
— Так i называе? Балотны прафесар? — лейтэнант засмяяўся. — Прыдумала-ж!
— Яна прыдумае. Язык у яе — лёгкі на выдумку ўсякую!.. От-жа разгаварылася, — схамянулася Васіліна Карпаўна. — Другі раз слова не выцягнеш, а тут, як само льецца. Ну, ды ўжо, калі пачала, давяду да канца… I жыта было добрае, i ячмень удаўся, а авёс, што на «Мокрым», на спрадвечным балоце, дык на дзіва людзям.
У мяне яшчэ i цяпер снапок таго аўса хаваецца для гасцей: часта прыходзяць з навакольных сёл, ды i здалёку прыязджаюць, — паказваю, бо ёсць такія, што на слова не вераць. А чаго тут не верыць! Быццам ужо рэдкасць гэтакая?.. На Бабруйшчыне, чытала я, яшчэ лепшы авёс вырасцілі… Будзеце ненарокам у Вербавічах, — звярнулася яна раптам да лейтэнанта, потым да мяне, — i вас таксама запрашаю: калі ёсць цікавасць, заходзьце паглядзець… Наш авёс цяпер ёсць i ў Мінску, у інстытуце…
У гэты час з-за пясчанага, з крутым берагам, мыска паволі выплыў невялікі светла афарбаваны параход, які шумна біў пліцамі па вадзе. Лейтэнант, адзеўшы шынель i зашпільваючы яго, стаў разважаць, ці ўдасца яму да вечара дабрацца да вёскі, да якой ад ракі было яшчэ не менш за чатырнаццаць кілометраў. Ен з неспакоем паглядзеў на чамадан, перавязаны двума плеценымі рамянямі, i салдацкі рэчавы мяшок. З такім багажом ісці пехатой будзе нялёгка!