Мележ Іван
Шрифт:
Было відаць па тым, як Загорскія хутка аснавалі сваё простае, немудрашчае жытло, як адалелі бяду, што людзі гэтыя цярплівыя, прывыклыя да ўсяго, у тым ліку да руін. Да вайны Загорскі жыў недалёка адсюль у драўляным доміку, на месцы якога, вярнуўшыся, убачыў нечы агарод.
У пакоі, які ён цяпер абсталяваў, было трое: Загорскі, жонка яго i сын. Жонка Загорскага працавала ў трамвайным парку, а сам ён першы час тупаў паціху дома, калоў абрэзкі дошак, паліў у печцы, гатаваў у задымленым кацялку кашу ці суп, адным словам, рабіў тое, што ў іншых сем’ях робяць жонкі.
З заржавелай трубы, што выходзіла на двор у акенца i нечым нагадвала гармату, уранку i ўвечары віўся дым.
Нярэдка, прысунуўшыся бліжэй да святла, Загорскі сукаў дратву ці, дробна пастукваючы малаточкам, прыбіваў падмёткі, — абуваў сям’ю. Занятак гэты быў яму прывычны — Загорскі калісьці рабіў у шавецкай арцелі на Камароўцы.
Сын лазіў па руінах дома, усё нешта капаў, вышукваў, неахвотна выконваў бацькаў загад прынесці з бліжняй будоўлі трэсак. Ён быў падобны на маці, чарнявы, рухавы i быстры, яўная процілегласць маўкліваму, павольнаму i лагоднаму бацьку.
Малы даваў шмат турбот бацькам. То яго бачылі высока на лесвіцы, i маці, млеючы ад страху, прасіла, каб Загорскі сказаў яму сыйсці ўніз. Калі гэта гаварыла малому сама маці, Жорка звычайна не слухаўся. Ён ведаў, што строгая маці будзе лаяцца, а то яшчэ, чаго добрага, i па адным месцы напляскае.
Найбольш-жа любіў Жорка корпацца ў каменні, у зямлі. Тут ён не раз знаходзіў розныя рэчы: прыгожыя, праўда, паржавелыя, шары (бацька казаў, што яны з ложкаў), розныя металічныя пруткі, бліскучыя пліткі кафлі, пагнутыя лыжкі. У зямлі трапляліся пазелянелыя патроны. Бацька да ўсіх гэтых пошукаў адносіўся спакойна, пакуль аднойчы Жорка ледзь не падарваўся на нямецкай гранаце.
Загорскі, заўважыўшы, якую рэч трымае ў руках Жорка, пабялеў. Ён зразумеў, што ледзь толькі крыкне на малога, той кіне сваю страшную знаходку i… аб далейшым бацька не мог думаць. Ён, стараючыся не паказваць трывогі, падышоў да сына i папрасіў:
— Дай, сынок.
Жорка неахвотна перадаў гранату ў руку бацькі, якая дробна дрыжэла. Загорскі хутка агледзеў гранату: з запалам!
Загадаўшы малому адысці, ён асцярожна разрадзіў яе, разабраў на дробныя часткі, а запал закапаў у зямлю.
— Сынок, не гуляй тут. Ідзі на двор лепш.
— Чаму не гуляць тут?
— Тут — нельга. Тут — смерць, — бацька хмурна кіўнуў на руіны. — Не будзеш?
— Не буду.
Дом ажывае…
Увосень i ўвесь першы год кульгавы чалавек i яго сям’я былі адзінымі жыхарамі гэтага дома.
Зімою ўпарты вецер свістаў у праломах сцен, ляскаў недзе наверсе бляхаю, невядома як уцалелаю. У доўгія i неспакойныя студзеньскія ці лютаўскія ночы сцепы вялізнага дома гулі, як дрэвы ў лесе. Летам унутры на замшэлых каменнях раслі непераборлівая i ўчэпістая трава, высокія жытныя каласы, тырчэў калючы дзядоўнік.
Дом быў амаль пусты i здаваўся мёртвым. Адзіным, што ажыўляла гэтую амярцвеласць, было жыллё Загорскага i яго неспакойны сын, які ўвесь час бегаў ці корпаўся на дварэ.
Поблізу паступова ўбіралася ў сілу жыццё. Заклапочана спяшаліся на працу людзі, ішлі гарэзнымі чародкамі школьнікі… На другі год — за тры месяцы — поруч узнялася будыніна школы, пераліўна зазіхацела шклом квадратных вокнаў; непадалёк за пустырамі i гарбамі руін задыміла жалезная заводская труба, а тут, у гэтым доме, на Совецкай, было ўсё па-ранейшаму.
Пра яго нібы забыліся.
Прайшоў год, i яшчэ амаль цэлы год — лета, зіма. Настала вясна…
Аднойчы, ясным вясновым днём, прыехалі да дома тры чалавекі. Яны доўга хадзілі вакол дома, разглядаючы яго з усіх бакоў ад нізу да верху, __ зайшоўшы ў пустэчу былых дзвярэй, падымаліся па ўцалелых цэментовых ступеньках угару, прычым адзін з ix вышэй другога паверху не наважыўся ісці, а два другія пайшлі далей, аглядваючы сцены, шукаючы трэшчын.
— Я ўсё-ткі лічу, што дом можа жыць, — сказаў адзін, з папкай у руцэ, зняўшы кепку i паціраючы далонню паголеную галаву. Тоўсты, у пенснэ, ён нечым нагадваў доктара. — Я яшчэ раз у гэтым пераканаўся, можа жыць i жыць доўга. I я за тое, каб ажыўляць… Мне здаецца, асцярога Карпенкі тут лішняя.
Праз месяцы паўтара сюды прыйшоў гаманлівы нагоўп з рыдлёўкамі i ламамі. Некалькі дзяўчат адразу акружылі малога Жорку i сталі песціць яго i распытваць, як яго зваць, хто яго бацька, дзе маці. Жора не бянтэжыўся ў гэтым шумлівым акружэнні, аглядваючы дзяўчат чорнымі цікаўнымі вачыма, малы адказваў спакойна.
— Ты што, адзін дома?
— Угу.
— А дзе-ж маці, Жорка?
— Маці на трамваі. А тата, — далажыў падумаўшы Жорка, — у магазіне, хлеб купляе…
Тут дзяўчат паклікалі, i яны пакінулі малога.