Мележ Іван
Шрифт:
— Так, становішча!.. — філасофскі i мінорна сказаў міліцыянер. Ён задумаўся, адчуваючы сябе чалавекам, што трапіў у становішча, з якога няма выхаду. Невядома, што-б ён прыдумаў, але тут увайшла пажылая, ужо амаль зусім пасівелая жанчына ў чорным касцюме i сказала Загорскаму, што яна з гаркома, што яна па яго скарзе. Міліцыянер ахвотна ўстаў i, казырнуўшы, паспешліва выйшаў.
Пасля таго, як праз поўгадзіны развіталася з ім жанчына, Загорскі перажыў яшчэ адзін дзень у непакоі. Гэта быў апошні хмурны дзень, — больш ix не турбавалі…
Жыхары дома
I вось дом загаманіў.
Кватэр у ім лічылася толькі крыху больш за сотню, i кватэры гэтыя былі прасторныя, па два, а то i па тры i чатыры пакоі, але жылося людзям тады ў доме не вельмі раскошна. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям.
Асобныя кватэры дасталіся толькі некалькім віднейшым дзеячам горада, сярод якіх аказаўся i дырэктар не існуючага яшчэ тады цырка. Праворны цыркач (так яго іменавалі непрыхільныя суседзі) толькі месяц назад як прыехаў быў у горад з Сярэдняй Азіі i атрымаў кватэру таму, што прыгразіў адразу-ж пакінуць межы горада, калі яму не дадуць у бліжэйшыя дні кватэры з чатырох пакояў.
— Бач ты, пахаба які! — здзіўляліся i абураліся людзі.
Казалі, нібы «цыркача» спрабавалі ўгаварыць на меншую, але ён толькі адказваў: «Ці — чатыры пакоі, ці — бывайце здаровы».
I яму ўступілі. Бо як-жа, вялікі горад, хіба-ж можна без цырка?
Дом быў падобны на вялізны вулей.
Ужо тады ён пачаў тое жыццё, якое можна назіраць i цяпер. Раніцай, днём i ўвечары ў ім было неспакойна i шумліва, a ўночы наступала цішыня. То там, то тут на ўсіх чатырох жылых паверхах паступова гаслі асветленыя вясёлыя вокны, i ён маўклівым чорным гмахам акрэсліваўся ca змроку.
Даўжэй за ўсё свяцілася акенца ў кватэры на трэцім паверсе ў крайняй злева секцыі, дзе жыў паэт Дуброўскі. Яно гарэла заўсёды спакойна i роўна. Зусім не так гарэла сэрца паэта, які то радаваўся за свайго героя i за сябе, то, калі справа не клеілася, сядзеў пануры, учапіўшыся рукамi ў валасы, гатовы стагнаць ад крыўды.
Дуброўскі яшчэ быў малады чалавек, вельмі поўнацелы, з гладзенькай адвіслай складкай пад падбародкам. Ад таго, што ён быў не рослы i шырокі ў плячах, ён здаваўся проста-такі тоўстым i грузным. Трымаўся ён прама, выпяціўшы жывот, горда ўзняўшы прыгожую галаву, як-бы з пагардай прыплюшчыўшы блакітныя вочы, i гэта надавала яму важны, нават трохі ганарлівы выгляд. Але гэты знешні выгляд яго не пасаваў з характарам: паэт быў чалавекам добрадушным, нязлым, завабліва, чыста, па-дзіцячаму смяяўся i толькі хіба, калі часам выпіваў з сябрамі, станавіўся задзірыстым.
Каб дапоўніць яго партрэт, трэба сказаць, што ён быў чалавекам блізарукім, нават вельмі блізарукім, — ад чаго паэт i прыплюшчваў вочы (a зусім не ад пагарды да людзей, як маглі-б падумаць тыя, хто не ведаў яго.) Нягледзячы на блізарукасць, хадзіў паэт звычайна без акуляраў i чытаў на літаратурных вечарах свае творы таксама без акуляраў, як мага наблізіўшы твар да лістка з вершам.
Дома — у бяссонныя ночы — Дуброўскі сядзеў за сталом у рагавых акулярах. Але, напісаўшы некалькі слоў, нібы не давяраючы таму ўражанню, якое ёсць, калі глядзець праз шкельцы, паэт меў звычай здымаць ix i падносіў лісток да прыплюшчаных вачэй. Здавалася, што ён з падазронасцю нешта шукае. Не знайшоўшы, відаць, нічога такога, ён зноў надзяваў шкельцы, i тады на лістку паперы ўзнікалі новыя радкі…
Жыў ён у горадзе многа гадоў, але чамусьці амаль увесь час пісаў пра вёску. Можа, у гэтым вінаваты любыя сэрцу ўспаміны маленства, можа, яшчэ якія прычыны, аднак пісаў ён ахвотней за ўсё пра вёску. Паэт часта ездзіў у калгасы, многа бачыў i цікава расказваў, але ўчэпістыя крытыкі ўсё-ж знаходзілі, бывала, у яго творах быццам-бы нейкія сляды архаікі. Трэба сказаць, час ён не прамарнаваў i зрабіў шмат карыснага — хвала яму, бяссоннаму працаўніку, чый агеньчык у доўгія зімовыя i асеннія ночы амаль нязменна гарэў у акенцы на трэцім паверсе!
Не будзем шмат дакараць паэта, — ён чуў даволі дакораў ад крытыкаў. За адно папракнем яго — хай ён пачырванее — да гэтага часу наш паэт не напісаў ні аднаго верша пра гасцінны дом, які прытуліў яго i сагрэў.
Пра дом, у якім ён перажыў столькі шчаслівых гадзін!..
Яшчэ не гасла святло ў паэта, а дом пачынаў ужо абуджацца. Калі ночы былі доўгія, то агні зноў там i тут запальваліся; летам-жа ў гэтую пару ўсюды расчыняліся вокны, дзверы на балконы…
Праз гадзіну-дзве дом прыкметна пусцеў, i тады можна было бачыць, колькі працаўнікоў жыве тут. Першымі спяшаліся на працу жанчыны — прадаўшчыцы з прадуктовых магазінаў, пазней легка плылі какетлівыя сакратаршы-машыністкі з сумачкамі самай апошняй моды, строгімі гурткамі ішлі старанныя школьніцы i з крыкамі задзіры-хлапчукі.
Разыходзіліся на свае пасты рознастайныя загадчыкі i памочнікі — большыя ў той час звычайна выпраўляліся пазней i ехалі на машынах, што цярпліва чакалі каля пад’ездаў.
Арцём Іванавіч хадзіў заўсёды пеша. Машыны ў яго не было, але ён казаў, што хоць i была-б, то не стаў-бы ездзіць, каб не нажываць сабе інтэлігенцкіх хвароб. Амаль тады-ж, апіраючыся на кіёк, кульгаў да трамвайнага прыпынку Загорскі, які ўладзіўся працаваць у шавецкую майстэрню пры гасцініцы.
Неўзабаве ва ўсім доме, нібы вартавы, што здаў начную вахту, спаў, мусіць, толькі адзін паэт, задаволена пахрапваючы. Сон яго быў аднолькава моцны i пасля ўдачы i пасля няўдачы.