Вход/Регистрация
Блізкае і далёкае
вернуться

Мележ Іван

Шрифт:

На дварэ часта кіпелі трэніроўкі юных футбалістаў, i ў наваколлі разносіліся ваяўнічыя воклічы:

— Пас, пас, давай! Не адзін гуляеш!

— Ты чаго ўсё падстаўляеш нагу?! Суддзя — «падножка».

— Рука была! Штрафны! Рука!

— Не было рукі!

— Суддзю — на мыла!

— Жорка, бі!

— Гол!..

Прызнаным усімі на дварэ каралём футбола быў сын інваліда Жорка Загорскі. Ен так біў па мячу, што ніхто з малых варатароў, як яны ні стараліся, не мог аберагчы свае вароты ад гола. У Жоркі ніхто не мог адабраць мяч, так умела ганяў яго па вытаптаным дварэ ўвішны малады Загорскі. Жору паважалі, як самы высокі аўтарытэт, Жору стараліся спадабацца, перад Жорам ліслівілі.

Толькі худая, вечна бурклівая дворнічыха, якая цэлымі днямі цягалася каля сваіх парасят, што рухкалі ў закутку дрывянога хлеўчыка, не прызнавала таленту Жоркі, гаварыла, што ён разбіў акно ў канторы магазіна, што ён ганяе яе парасят i што, наогул, ён псуе дзяцей.

— Вось-жа, скажы ты, урадзілася дзяціна! Бегае, круціцца, галёкае, як ашалелы: вечны вэрхал з-за яго на дварэ. Вачэй з яго не зводзь!..

Жора спадылба глядзеў на яе, спакойна i мужна, выклікаючы адабрэнне ў шматлікіх сваіх прыхільнікаў, якія стаялі тут-жа.

— Што вы да мяне чэпіцеся!.. Што я вам, сонца засціў?! Выдумляюць усё — акно разбіў, парасяты. Трэба мне акно разбіваць.

— Значыцца, не ты?..

— Не я.

— А хто-ж?! — падступала старая.

— Не ведаю. Я вам не даносчык…

Дворнічыха на ўвесь двор скардзілася:

— Няма на цябе бацькі добрага, каб правучыў!

Бацька Жорку ніколі не лаяў i не папракаў яго.

У юнакоў i пяць год назад, як i цяпер, заняткі былі іншыя. Вечарамі ў пад’ездах i каля ix можна было ўбачыць ціхія парачкі, якія звычайна стараюцца быць далей ад шуму гарадскога i ад лішніх людскіх вачэй.

Любоў не абыходзіла гэтага дома!

Тут многія недасыпалі цераз яе начэй, многія снілі любыя сэрцу вобразы, гарэлі, нібы ў агні, ад самых гарачых пяшчот, уздымаліся на крыллях шчасця, а нярэдка — было i такое! — горка плакалі. Не аднаму з мінчан запомніліся пад’езды, лесвіцы i пакоі гэтага дома — маўклівыя, дарагія на ўсё жыццё сведкі кахання!

Яшчэ ў першы год, пераехаўшы сюды, сын Арцёма Іванавіча Саша пачаў прыкмячаць дзяўчыну з суседняга пад’езду. Яны часта стаялі на трамвайным прыпынку, i Саша — рослы, нязграбны ў рухах, з упартым позіркам — адчуваў у душы нейкі прыгожы i незнаемы неспакой, гледзячы на гэтую тоненькую, зграбную смуглявую дзяўчынку ў чырвоным берэце. Ён яшчэ не сказаў ёй ні слова, a ўжо быў нібы знаёмы.

Яму вельмі хацелася запытацца, хто яна, як яе завуць, — у яе, напэўна, асаблівае імя! — хацелася ехаць з ёю, ісці з ёю, але яны звычайна моўчкі раз’язджаліся ў розных трамваях. Саша да сябе, у школу, а яна невядома куды. З акна сваёй кватэры Саша часта пазіраў на вуліцу, спадзеючыся ўбачыць яе, часта хадзіў каля дома, каб спаткаць яе.

Хлопец хутка заўважыў, што яна ходзіць пасля поўдня з чамаданчыкам i вяртаецца ўвечары, a неўзабаве Саша ўжо ведаў, што дзяўчына «з берэцікам» ходзіць на нейкія вячэрнія заняткі, i стаў чакаць яе на рагу вуліцы, па якой яна вярталася. Саша думаў, як падыдзе да яе, што скажа, але, калі дзяўчына паявілася, у яго першы час не хапіла сілы крануцца з месца. Ён анямеў! Ах, як часам цяжка сказаць самыя звычайныя словы!

Як заварожаны, Саша падаўся ўслед за ёй, папракаючы сябе за нясмеласць. Толькі амаль каля дома хлопец падышоў да дзяўчыны i выціснуў:

— Нам, здаецца, разам ісці?..

— Вы хіба з нашага дома?..

— З гэтага.

— Тады — разам!..

Саша памаўчаў, а потым наважыўся запытацца, адкуль яна ідзе.

— Гімнастыкай займалася…

Легка здагадацца, што ў наступны вечар Саша зноў «выпадкова» спаткаў яе i зноў правёў дадому. У трэці вечар ён так пасмялеў, што ўжо даведаўся яе імя, — яе звалі Люба. Саша адчуў, што лепш за гэтае імя няма на свеце!

Нарэшце, Саша запрасіў яе ў кіно, i яна згадзілася, не адмовіла. Саша быў бязмежна шчаслівы: i ці дзіўна — хіба ёсць большае шчасце за тое, калі самы любы чалавек ківае галавой у знак згоды!

Яны потым многа разоў хадзілі ў кіно, i многа вечароў стаялі ў неасветленым кутку лесвіцы. I ўсё была між ix згода, аж пакуль Саша не наважыўся пайсці на вельмі сур’ёзны ўчынак — пацалаваў яе! Дзяўчына гнеўна ўскінула галаву з чырвоным берэтам i сказала, што калі гэта яшчэ раз паўторыцца, то яна ніколі нікуды з ім не пойдзе, што яна не думала, што Сашка такі! На гэта Саша адказаў пакрыўджана, што ён не такі.

— A калі я так… Ну, адным словам… пацалаваў, то я таму, што люблю цябе.

— Любіш? — не паверыла дзяўчына.

— Яшчэ як люблю!.. Як Ізольду!..

Дзяўчына засмяялася i нечакана пацалавала хмурнага i пакрыўджанага Сашку сама!..

Але над шчасцем Сашкі хутка навісла хмара. Заняты будоўлямі Арцём Іванавіч не хутка дазнаўся, чаму сын стаў позна прыходзіць дамоў, a калі дазнаўся, то пачырванеў сярдзіта. Яго сын, аказваецца, упадабаў дачку «цыркача!» З тых дзён, калі «цыркач» захапіў цэлых чатыры пакоі, калі ён так нахабна дабіваўся — або чатыры пакоі, або — бывайце здаровы! Арцём Іванавіч вельмі знелюбіў гэтага чалавека. Ён не любіў не толькі старога «цыркача», a i ўсіх, хто да яго меў блізкія адносіны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: