Вход/Регистрация
Разрушыцель
вернуться

Стурэйка Сцяпан

Шрифт:

— Людзей выкідалі на вуліцу?

— Не, наўзамен вылучаліся кватэры ў панэльных будынках у мікрараёнах. Жытло было новым, шмат хто радаваўся і пераязджаў. Але маіх бацькоў усё адно трэба было прымушаць.

— Чаму ж? Так любіце даўніну?

— Як я ўжо згадала, гэта наша старая сямейная кватэра, і бацька не хацеў яе пакідаць. Але нам сказалі, што дом падлягае разборцы. Бацька пачаў збіраць дакументы ў архіве і музеі, прапаноўваў абвесціць будынак помнікам ды стварыць у ім музей даўняга гарадскога побыту. Аднойчы ён са сваім сябрам-гісторыкам пайшоў у гарвыканкам, прыхапіўшы ўсе наяўныя паперы аб культурнай значнасці дома. Яны размаўлялі там з нейкімі начальнікамі, але бацька вярнуўся вельмі сумны ды стомлены, сказаў, што дом усё адно будзе знішчаны.

— Ці магу я з ім сустрэцца?

— У той самы вечар у яго здарыўся інсульт. Цяпер ён амаль не ходзіць і вельмі цяжка размаўляе. Мы ўрэшце пераехалі, а дом вось яшчэ стаіць. Праўда, жыхары ў яго падбіраюцца такім чынам, каб больш года не затрымлівацца. І так з усімі будынкамі на гэтай вуліцы.

— Вы яўна шкадуеце аб старых часах…

— Раней мы жылі як адна сям’я, ведалі адзін аднаго. Мае бацькі ведалі мясцовых старых, а яны ў сваю чаргу добра памяталі нашых бабулю з дзядуляй. Тут было прэстыжнае жытло. Ведаеце, высокая столь дапамагае будаваць высокія адносіны. У суседняй кватэры жыў рэжысёр нашага драматычнага тэатра, на першым паверсе – прафесар з медінстытута. У яго былі сябры-гісторыкі, якія кожны раз прыходзілі на дні народзін прафесара, дзе збіраліся мы ўсе разам, і распавядалі пра гэтыя дамы, пра старое жыццё, пра тое, якім быў Нёман да савецкай улады.

— Чаму ж цяпер не збіраецеся?

— Але нас усіх рассялілі! Прафесара адправілі на стажыроўку ў Свярдлоўск. Кажуць, не добраахвотна, а пад прымусам выключэння з партыі. Мама прасіла, каб нас перасялілі ў адзін новы шматпавярховік, але гэта таксама было марна. Цяпер маем зусім новых суседзяў – рабочых малаказавода, прыехалі сюды з-пад Гомеля. Кампаніі цёплай ужо няма. Іншая сутнасць людзей, разумееце? Ну вось аб чым з імі… – яна ўздыхнула.

— А што б вам хацелася?

— Нам бы, натуральна, хацелася вярнуць мінулае ў тым выглядзе, у якім яно было. Зараз вось пачалі разраўноўваць ды забудоўваць былыя могілкі. Больш за ўсіх дасталася лютэранскім ды габрэйскім. Пасля вайны не засталося ў нас ані лютэран, ані габрэяў. Апошнія з’язджаюць. Да гэтых могілак наогул аніякай павагі ніхто не выяўляў – проста прыехаў бульдозер і ўсё. Некаторыя мацэвы дасюль раскіданыя па горадзе – я потым пакажу вам.

— І ўсе жыхары абыякава глядзяць на гэта?

— Некаторыя надмагіллі ўначы паспелі ўратаваць нашы апошнія габрэі. Яны маюць патаемную суполку, ходзяць па серадах у сінагогу. Сапраўдная даўняя сінагога – гэта цяперака клуб ад кааператыўнага тэхнікума. Танцы там па пятніцах ды суботах. Дык вось, учацвярох начамі габрэі ціхенька выкопвалі пліты ды пераносілі за раку. Там існуюць яшчэ адны габрэйскія могілкі пасярод леса. Тых пакуль не кранаюць – што ў лесе рабіць?

Але аднойчы габрэяў-ратавальнікаў заўважылі. Паспрабавалі дружыннікі затрымаць. Хлопцы збеглі. Назаўтра на былых могілках дзяжурылі міліцыянеры з ліхтарыкамі. Пакуль яшчэ не кранаюць праваслаўныя ды каталіцкія могілкі – усё ж такі вернікаў шмат у горадзе. Але затое там цяпер забараняюць хаваць. Да таго ж прынялі новы закон, згодна з якім праз трыццаць гадоў пасля апошняга пахавання могілкі ліквідуюцца. Зараз вось ужо некалькі гадоў хаваюць побач з хімзаводам.

— Хто вы думаеце за гэтым стаіць?

— Мы ўпэўнены, што замяшаныя людзі ў форме.

Яна яшчэ доўга распавядала пра зносы драўляных дамоў у раёне Новы свет, пра няўдалую рэстаўрацыю Старога замка, пра пагрозу павелічэння плыні аўтамабіляў у старым цэнтры. Роберт думаў, як жа ім тут, мабыць, цяжкавата прыходзіцца – людзям такога кшталту, якія настолькі тонка адчуваюць гарадскую матэрыю.

Тым часам справа кацілася да сур’ёзнага вечара. Па правілах этыкету трэба было развітвацца, хоць далёка не ўсё яшчэ і распаведзена. А яму сапраўды неабходна было пачуць усё да канца.

— Ці шмат у вас часу ў гэтыя дні? – перарвала сама сябе Таццяна ў момант, калі жанчына за бочкай квасу непадалёк ляснула крышкай па аддзяленні з кранікам, разганяючы апошніх аматараў халодненькага і даючы зразумець, што працоўны дзень завершаны.

— Канешне, увесь мой час – ваш. Дзе вы працуеце? Мо адцягваю ад важных спраў?

— Не, усё ў парадку. Я ў музеі працую. Сёння пасля абеду адпрасілася. Давайце прызначым сустрэчу на паслязаўтра – я запрашу свайго калегу, і мы разам пакажам усе іншыя адрасы, што выклікаюць найбольшы непакой. Паверце, тут ёсць што паказаць. Мне казалі, вы цікавіцеся дзейнасцю нашай групы. Калі не сакрэт, для чаго гэта вам? Вы замежны журналіст, ці так? – Вельмі дзіўна што Таццяна толькі зараз вырашылася ў яго запытацца.

“Значыць, адразу даверылася”, – адзначыў сам сабе Роберт.

— Сапраўды, у некаторым сэнсе я журналіст, – ён сумяўся. – Але не, я гісторык, займаюся пытаннямі сучаснай культуры. Пішу дысертацыю пра ахову помнікаў у Савецкім Саюзе. У гэтай краіне яшчэ ж і ахоўваецца нешта?

— Так, сапраўды, ахоўваюць. У газетах пра гэта шмат пішуць. Вось я альбом учора набыла пра Ленінград і Царскае Сяло. Але чамусьці ў Нёмане гэта ўсё інакш. Шчыра кажучы, нагадвае контррэвалюцыю – ці то яны нам чужыя, ці то мы ім… – яна яшчэ раз глыбока ўздыхнула.

Роберт з Таццянай падняліся ды моўчкі папляліся да выхаду з парка. Там і развіталіся. Значыць, на заўтра ён агледзіцца тут самастойна, сустрэнецца з іншымі сувязнымі, выведае некалькі неабходных рэчаў. Яго, відаць, чакаюць адкрыцці, і, каб максімальна дакладна прааналізаваць іх небяспеку, трэба быць добра падрыхтаваным.

6

Данііл прайшоўся па аблвыканкамаўскіх паверхах і сапраўды ў адным з кабінетаў шчасліва натрапіў на вялікую энцыклапедыю. У артыкуле пра Нёман і яго выбітныя мясціны коратка ўзгадваўся той самы чырвонацагляны касцёл.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: