Вход/Регистрация
Разрушыцель
вернуться

Стурэйка Сцяпан

Шрифт:

Вось што пра яго пісалі: “Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Маці Божай – адзін з першых гарадскіх каменных касцёлаў, першапачаткова пабудаваны ў канцы XVI ст. Вядомы таксама як Сафійскі сабор. Старажытныя рэшткі канструкцый да сённяшняга часу фактычна не захаваліся. Большая частка корпусу была адноўленая пасля пажару 1892 г. у псеўдарускім стылі. Пасля заключэння Рыжскага міру польскія буржуазныя ўлады перадалі будынак каталіцкай царкве. У 1924-1934 гг. адбылася апошняя перабудова, не меўшая пад сабой навуковага і мастацтвазнаўчага грунту, у выніку чаго будынак набыў рысы пераходнай гатычна-рэнесанснай архітэктуры. У час апошняй вайны моцна пацярпеў, захоўваецца савецкай дзяржавай як помнік культурнага жыцця эпохі феадалізму. Разглядаецца магчымасць перадачы Нёманскаму музею атэізму”.

Як высветлілася з даведкі, нічога асабліва неверагоднага аб’ект не ўяўляў, тым больш у параўнанні з суседнім белым касцёлам, які захаваўся нашмат лепш. Больш за тое – пры асвячэнні белага храма прысутнічаў сам Пётр Першы. Пра гэты цікавы факт паведамлялася на той самай старонцы энцыклапедыі. Выдаленне аднаго з двух касцёлаў не мусіць нанесці вялікай шкоды гораду. Хіба толькі звыклы выгляд плошчы зменіцца, але гэта справа густу. Напэўна ж шмат каму і па-новаму спадабаецца – выдатнае месца для парадаў! Савецкія архітэктары здолеюць потым запраектаваць на вольным месцы штосьці сучаснае і больш карыснае.

Мабыць, трэба схадзіць туды ды ацаніць сітуацыю на месцы.

Данііл выбег з аблвыканкама і па самым кароткім маршруце рушыў да цэнтральнай плошчы. У гэтым горадзе большасць адлегласцяў была пешая. Трэба было прайсці ўздоўж трох кароткіх і крывых вуліц, забудаваных тымі самымі старымі дамкамі, канцэнтрацыя якіх так выразна вызначала Нёманскае аблічча.

Спачатку ён збочыў на вуліцу Урыцкага. Данііл яшчэ са школьных гадоў помніў, што Маісей Саламонавіч Урыцкі з’яўляўся выбітным рэвалюцыянерам, старшынёй Петраградскай надзвычайнай камісіі, адным з аўтараў “чырвонага тэрору”. Контррэвалюцыянеры забілі яго ў 1918 годзе. Імя такога чалавека без сумніву заслугоўвала быць увекавечаным у Нёмане.

Час плыў па абедзе. Рэдкія мінакі спяшаліся па справах. Купка старых за вялікім сталом на вуліцы шумна рэзалася ў нейкую гульню. Раптам з аркі выскачыла дзяўчынка ды ледзь не паваліла яго.

— Гэй, Янка, вэзь сандалі, – данёсся крык аднекуль зверху. Голас быў напоўнены выразным польскім акцэнтам. З мансарднага акна, упрыгожанага вазонам, выглядала жанчына з невялічкай зялёнай палівачкай. Акно ў старой фігурнай раме было быццам мастацкая карціна на фоне чырвонай дахоўкі. Жанчына звярталася менавіта да дзяўчынкі.

— Жуць мне! – аглушальна піскнула малая. – Тэ, ктурэ вуек Вацлаў выслаў!

Ужо за спіною Данііл пачуў, як малая злавіла сандалі, засмяялася і пабегла праз вуліцу. Машын тут амаль не было.

“Вось так, – падумаў Данііл. – Нейкі дзядзя Вацлаў даслаў сандалі. Мусіць прыемна было б мець такі вясновы дзіцячы ўспамін”. На хвіліну Данііл паёжыўся, зразумеўшы, што цяпер гэты ўспамін будзе не столькі ў дзяўчынкі, колькі ў яго самога – выпадковага сведкі чужога жыцця.

Рознакаляровыя двух-трохпавярховыя дамы са строгімі карнізамі і надваконнымі замкамі ўтваралі дзве роўныя лініі па абодвух баках вуліцы. Гэта была своеасаблівая варонка, вадаварот іншага, адрознага, несавецкага старога жыцця, што засмоктваў пешаходаў. Калідор на некалькі хвілін пагружаў мінакоў у сваё ўласнае жыццё, выпускаючы ўжо на іншым канцы з новымі думкамі ды клопатамі. Абапал вуліцы праз кожныя дзесяць-пятнаццаць метраў былі аркі, у якія можна было на нейкі час даць нырца. Аркі аказваліся проста пасткамі, якія пераносілі цябе… а чорт іх ведае, кудя яны там пераносілі. Але гэта быў дакладна не Савецкі Саюз.

Данііл ведаў, што ўваход у некаторыя кватэры быў проста з вуліцы. Таксама яго цікавілі каменныя дамы, у якіх верхні паверх быў драўляны… Усё гэта замілавала і настроіла на рамантычны лад. На імгненне ён нават забыўся, куды і з якой мэтай ідзе.

Тым больш, па вуліцы, нібыта ў якасці прынады, параскідаліся забаўкі ды розныя займальныя штучкі. Вось бочка з квасам, вакол якой купкаваліся дзеці ды няпэўнага выгляду мужчыны з бідонамі. Каваныя шыльды “Кавярня”, “Піва”, “Пяльмені”, “Кветкі”, “Кнігі”. Ляпніна, свежазялёныя дрэвы і кветкі. Брукаваная маставая, чугунныя балконы і каналізацыйныя люкі з надпісам “Magistrat”. Фігурныя вокны з маленькімі-маленькімі форткамі. З-за кожнай аркі даносіліся самыя розныя пахі – дзе кавы і булкі, а дзе смажанай рыбы. Такое сапраўднае жыццё.

Ён абмінуў мініяцюрную краму з несувымернай аграмаднай вывескай “Гастраном № 16”, збочыў з Урыцкага на Тэльмана і не ў першы раз утаропіўся, упёршыся ў шкляны лядзяш універмага. Гэты, як казалі знаёмыя ў аблвыканкаме, “звышсучасны” будынак відавочна вылучаўся сваім памерам сярод навакольных казачных камяніц, падмінаў іх, вылучаўся як хуліган сярод месцічаў. Не… Хутчэй маленькія старасвецкія халупкі разгубяцца ды разбягуцца, паступова растварацца, знікнуць нібыта самі сабою, саступіўшы месца новаму, актуальнаму і лепшаму жыццю.

З кароткай пешаходнай Тэльмана ён апошні раз збочыў на Савецкую. Ужо гэтая вуліца была нашмат больш ажыўленая. Рытм жыцця задаваўся тут аўтамабілямі. Праз вузкія ходнікі мінакі фізічна адчувалі кожнае аўто. Аўтобусы дык наогул ледзь не здзмувалі. Тут ажурныя балкончыкі не маглі адцягнуць увагу ад усведамлення сапраўднай мэты.

Вуліца Савецкая ўпадала ў аграмадную цэнтральную плошчу. Пасярод яе была пустая забетанаваная прастора, дзе стаялі два аўтобусы. Відаць экскурсійныя. Справа і злева ад вусця Савецкай месціліся касцёльная грамады. Данііл накіраваўся да адной з іх, той, якая выглядала горай. Будынак з чырвонай цэглы. Высокія стрэльчатыя вокны, узнёслы дах, які бачыў і лепшыя часы. Большая частка дахоўкі даўно абсыпалася. У адным месцы на сцяне зеўрала даволі заўважная расколіна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: