Лынькоў Міхась
Шрифт:
— Кінуў бы ты, стары, свае турэцкія байкі. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзіць, і медалі веку ў цябе ўварвалі… Аддаў бы лепш малому на цацкі, чымся вешаць гэтыя бразджолкі на грудзі…
Маўчаў дзед, не адказваў нічога. Але, відаць, згаджаўся з сынам. І, відаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскіх арлах, што павыбівалі жандары на Міколкавым целе.
Так пазнаёміўся Міколка з царом.
Так пазнаў яго.
Цяжкія гадзіны
Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна: то ракаў ён ловіць, то з дзедам на паляванне ходзіць, то ласуецца «зайцавым хлебам», то ўрэшце з «імператарскім вялічаствам» знаёміцца, самога Мікалая Другога хоча за руку паціснуць. Але гэта толькі так здаецца.
Мала было вясёлага ў Міколкавым жыцці. Усю зіму мерзлі ў халодным і цесным вагоне, марачы аб цёплых летніх днях. У дадатак да холаду даймаў і голад, асабліва калі пачалася вайна. А тут і бяда насцігла Міколкаву сям’ю. Неяк аднае ночы ўвалілася ў вагон цэлая група жандараў. Пабудзілі ўсіх. Шукалі нечага, нават дзеда паднялі з падлогі і ператрэслі мяшок з саломай, на якім спаў дзед.
Дзед стаяў пануры, злосны, з жандарамі лаяўся:
— Што вы шукаеце тут, чаго не палажылі?
Адзін з іх, той самы, якога пабіў некалі дзед на станцыі, штурхануў яго ў грудзі:
— Адыдзі, стары пёс!
Дзед не мог сцярпець такой знявагі і адразу захадзіўся ля свае скрынкі, усё мармычучы сабе пад нос:
— Я табе пакажу, хто пёс… Я стары царскі служака, я царскія ўзнагароды маю… я…
— Кінь, стары, свае штукі… Ведаю, хочаш ты свае медалі паказаць ім… — спыніў дзеда бацька. — Непатрэбны ім твае царскія бляшанкі… у іх вунь у саміх поўныя грудзі бляшанак гэтых. Адна толькі розніца, што ты сваёй крывёй медалі набыў, а яны набываюць медалі нашай крывёй… Глядзі вось за ўнукам добра, дзед, гадуй яго.
Нічога не знайшлі жандары, але бацьку забралі, не спыталі Міколку. А за што? Ці бацька ўкраў што, ці забіў каго? Здаецца ж, нічога такога з бацькам не здарылася. А вось узялі і ў турму пасадзілі, як апошняга злодзея.
А на другі дзень раніцай з’явіўся той самы станцыённы жандар і, раскрыўшы дзверы, закамандаваў:
— Ану, выкідвайцеся з вагона, каб і паху вашага тут не было!
Маці спачатку нічога не зразумела, запытала толькі:
— Як гэта выкідвайцеся?
— А так! — сказаў абыякава жандар і, ухапіўшы вісеўшае на сцяне дзедава паліто, выкінуў яго з вагона.
— А як жа жыць? — спытала яшчэ раз маці, нічога не разумеючы з таго, што гаварыў жандар. Той нічога не адказваў, а толькі выкідваў па чарзе невялікія набыткі Міколкавай сям’і. Дзед узяўся быў за адломленую ножку тапчана, каб кінуцца на жандара, але Міколка заўважыў, як адсцёгвае жандар кабуру рэвальвера, і кінуўся к дзеду, павіс у яго на руцэ, крычучы на ўвесь вагон:
— Не трэба, дзеду, не трэба… Гэты сабака і забіць можа цябе…
— Вон, шчанюк! — і жандар, схапіўшы Міколку за плечы, адштурхнуў яго за дзверы.
Маці сядзела ў вагоне, безуважная да ўсяго. Толькі слёзы каціліся адна за адной ды словы адны і тыя чуліся з яе вуснаў:
— Як жа нам далей жыць? Што ж гэта за бяда такая…
— А гэта ўжо не мая справа… Мне-то што! — пасмейваўся жандар і не кідаў сваёй работы.
Да вагона пазбіраліся людзі: жанчыны з вагоннага пасёлка, некаторыя рабочыя з дэпо. Спачатку гаварылі ціха паміж сабой, сумна ківалі галовамі, спачувалі Міколкавай сям’і. Потым пачалі гаварыць гучней і гучней, і хутка каля вагона чуліся ўжо крыкі, пагрозы, гучная лаянка, некаторыя спрабавалі ўгаворваць жандара:
— Што ты робіш, чалавеча, на зіму людзей выганяючы на холад? Сягоння іх, а заўтра нас выганяць будзеш?
— Адыдзі, а то ўраз і цябе арыштую… — агрызаўся жандар, накладаючы пячатку на дзверы пустога вагона.
— Знайшлі ў кім совесць шукаць! Ці была яна калі ў сабакі… — гаварылі адны. А другія ўжо грозна наступалі на жандара. Яны былі гатовы ўзяць яго, разарваць на кавалкі, умяшаць у брудную прамазучаную зямлю.
Тады падняўся дзед, які сядзеў увесь час на разбітым тапчане і сумна пазіраў на народ. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў:
— Кіньце, людцы, гэтага сабаку… Не ў ім жа справа… Не выганіць ён мяне сягоння, дык заўтра іх дваццаць знойдзецца, усё роўна выкураць. А вы толькі непрыемнасці можаце набыць сабе. Ёсць вышэй за іх людзі, яны разумеюць чалавечую справядлівасць. Калі сына забралі гэтыя сабакі, дык гэта ж непаразуменне. Тыя, што вышэй, тыя ўсё разбяруць, тыя ўбачаць, хто правы і хто вінаваты… А вы разыходзьцеся, людцы, па хатах.
Дзед верыў яшчэ ў нейкую вышэйшую справядлівасць, верыў крыху ў цара.
— Не можа быць, каб ён дапускаў такія непарадкі, калі чалавека за нівошта садзяць у турму.