Лынькоў Міхась
Шрифт:
«Эх! хаця б ды супакоілася, а то яшчэ ўчуе немец…» — думае Міколка ды праз шчыліну між каменнямі сочыць за часавым. Той ужо супакоіўся, нейкую песеньку пачаў ціха напяваць. Папоўз Міколка далей. Вось і ганак пакгаўза. Пад ганкам можна пралезці пад насціл, на які выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. І праз якую хвіліну быў ужо Міколка пад ганкам і прабіраўся праз дзірку ў цаглінах пад самую падлогу пакгаўза. Ледзь не крыкнуў ён з перапуду, трапіўшы рукой у нешта слізкае і халоднае. Але ўспомніў, што і днём тут хаваюцца часам жабы, супакоіўся. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў як свае пяць пальцаў, бо не раз рабіў ён налёты сюды са сваімі таварышамі. Вось і гэтая дошка, якая падымаецца ўгору разам з цвіком.
Міколку здаецца, што праходзіць цэлая гадзіна, пакуль удаецца яму падняць адзін канец гэтай дошкі і прасунуць у дзірку галаву. Спачатку нічога не бачыць Міколка, і толькі прыгледзеўшыся, ён заўважае групу людзей, якія згрудзіліся ў кутку на ахапках гнілой саломы. Недалёка на сценцы мігае закапцелы чыгуначны ліхтар. Пад ім ляжыць чалавек і, як відаць, не спіць, бо часта варушыцца і ўздыхае. Прыгледзеўся да яго Міколка і пазнаў — гэта найлепшы бацькаў прыяцель, стары машыніст Арлоў. Разам з бацькам колькі пачысцілі яны на сходах эсэраў ды меншавікоў, тыя прымушаны былі заўсёды ледзь не ўцякаць ад рабочых пад гучны свіст, вострыя жарты і кепікі.
Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Міколка хуценька перадаў аб усім, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго і глядзі, развіднее.
Доўга не збіраліся. Адзін за адным з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу, па аднаму выбіраліся з-пад ганка і адтуль Міколкавым спосабам паўзлі да дроў. Міколка сядзеў пад ганкам і скрозь ранішні змрок сачыў за Паўлавымі сігналамі. Апусціць той руку за штабелем дроў — значыць можна паўзці чалавеку. Падыме руку — значыць нельга, няйначай часавы ходзіць па насцілу, над ганкам. Так і выпусціў усіх восем чалавек, арыштаваных немцамі.
А сам затое ледзь не папаўся. Толькі высунуў ён галаву з-пад ганка, як бачыць паднятую руку Паўла. Падаўся назад Міколка, як рак у пячору, сядзіць там сагнуўшыся, чакае і бачыць: над самым над ім сядзіць нямецкі часавы, ногі на прыступку ганка паставіў, вінтоўку да калена прыціснуў. Відаць, надакучыла яму стаяць, і, не бачачы поблізу начальства ў такі час, рашыў ён прысесці. Выбраў жа месца! Хоць ты бяры гэтага часавога за ногі і цягні пад ганак. Але дзе ты пацягнеш! Сядзіць Міколка хвіліну, сядзіць другую, трэцюю. А далей ужо і нясцерп бярэ — калі ж гэты часавы на другое месца падасца. А тут і кашлянуць хочацца, наглытаўшыся пад падлогай усякага пылу. Засунуў Міколка канец рукава ў рот, сядзіць ды чхнуць баіцца.
І, магчыма, доўга б прасядзеў так Міколка, каб не выручылі рабочыя. Павел загадаў двум рабочым перайсці на другі бок пакгаўза і там чым-небудзь адцягнуць увагу часавога, прымусіць яго перайсці на другі бок. Так і зрабілі. Рабочыя адышліся на добрую адлегласць і пачалі гучную гутарку, нібы ў сварку ўкінуліся адзін з адным. Услухаўся часавы, падняўся з месца, падаўся ў другі бок пакгаўза. Не то праверыць хацеў, што там робіцца, не то проста пабаяўся начальства, каб не заспела яго часам седзячым на пасту.
А Міколка толькі і чакаў гэтай хвіліны і, як маланка, сігануў пад дровы. Там ціха і моўчкі паціскалі яму руку, а стары машыніст Арлоў расцалаваў яго і, жартам пацягнуўшы за нос, ціха сказаў:
— І які ж ты яшчэ малы, мой хлопец! Але справы можаш рабіць вялікія… Ну, расці, ды немцам не пападайся. Яны, брат, такіх бальшавікоў, як ты, не паважаюць…
«Такіх бальшавікоў, як ты…» — ад такога гонару можна было падскочыць, прайсціся калясом на руках сярод дроў. «Бальшавікоў! Гэта не дзедавы турэцкія крэпасці, а куды важней…» — думаў і радаваўся Міколка. Але трэба было хутка і непрыкметна разыходзіцца ад дроў ды хавацца, каб не папасціся на нямецкае вока.
Так вызваліў Міколка арыштаваных прыяцеляў свайго бацькі, якому пашанцавала яшчэ раней пазбавіцца ад нямецкага арышту.
Яшчэ не выспаўся Міколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся і падумаў: «А што ж будзе там, ля пакгаўза?» І тут успомніў: «А дзе ж дзед?» Учора, як разыходзіліся ад пакгаўза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш.
Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Выйшаў за дзверы — і там няма. Запытаў у маці. Тая адказала, што з самае ночы не бачыла дзеда і не ведае, дзе ён цяпер.
«Няйначай, там…» — мільганула думка, і Міколка хуценька падаўся з вагона, дабраўся да дэпо і, каб не быць заўважаным нямецкімі часавымі, разам з рабочымі перабраўся праз пуці пад штабелі дроў. Даволі высока забралася ўжо сонца і мякка прыгравала зямлю. Над пакгаўзам кружыліся галубы, усё вышэй і вышэй узнімаючыся над страхой, пабліскваючы на сонцы беласнежнымі крыллямі.
«Відаць, нехта папужаў іх…» — падумаў Міколка.
І сапраўды, на пуцях каля пакгаўза варушыліся людзі. Манеўровы паравоз падганяў пад пакгаўз арыштанцкі вагон, які сурова пазіраў на Міколку сваімі грознымі вокнамі з тоўстымі жалезнымі кратамі. На падножках вагона стаялі нямецкія часавыя. Ля вагона і паравоза завіхаліся стрэлачнік і счэпшчыкі, машыніст курыў цыгарку і злосна пляваў праз сваё акенца. Заўважыўшы Міколку, ён сярдзіта замахаў на яго рукой з паравознай будкі і крыкнуў ціха: