Вход/Регистрация
Міколка-паравоз
вернуться

Лынькоў Міхась

Шрифт:

— Уцякай, падшывалец, а то дадуць табе немцы пытлю, што ходзіш ты дзе не трэба…

«Відаць, падаюць вагон пад арыштаваных, што ў пакгаўзе…» — падумаў Міколка. Але ўспомніў ноч і пусціўся ў рогат. Цяпер будзе камедыя… Вось заскачуць немцы, калі даведаюцца!

Міколка хацеў яшчэ бліжэй падысці да паравоза, каб разам з машыністам пасмяяцца над дарэмнымі клопатамі немцаў. Машыніст жа свой, бацькаў знаёмы. Але той рашуча замахаў на Міколку рукой, нібы хацеў сказаць: «Знаю, усё знаю… Не лезь на ражон дарэмна…»

Зразумеў Міколка яго знак, падаўся далей ад вагона. Толькі зірнуў на пакгаўз. Той стаяў, як і раней. Той жа цяжкі замок вісеў на дзвярах. Тая ж самая пячатка нямецкая вісела на замку. І толькі часавы быў не той, што ноччу.

У гэты час паравоз, бразнуўшы буферамі, ціха падаўся ад вагона на стрэлкі. І тут успомніў Міколка пра дзеда: «Дзе ж ён падзеўся, аднак?»

І толькі падумаў, як учуў моцны храп са штабеляў дроў. Насцеражыўся адразу Міколка і паціху падаўся ў дровы. Храп быў такі моцны, што станцыённыя вераб’і, прыляцеўшыя на дровы, палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Яны скоса пазіралі на зямлю і палахліва падымаліся цэлаю стайкаю далей ад небяспечнага месца, дзе чуюцца такія страшэнныя, незразумелыя для іх гукі. Нават часавы ля пакгаўза пазіраў часам на штабелі дроў, але, добра прыслухаўшыся, пачынаў так пазяхаць, што чутно было, як патрэскваюць яго сківіцы. Відаць, зайздрасць брала чалавека да такога важнецкага сну.

На храп і дабраўся Міколка да дзеда. Той, палажыўшы пад галаву бярозавы цюльпак, спаў як пшаніцу прадаўшы.

«З такім гучным носам можна лёгка і ў турму патрапіць…» — падумаў Міколка і пачаў асцярожна будзіць дзеда, торгаючы за руку.

Дзед нечакана раскрыў рот ды як грымне:

— Другая арудзія па бастыёну карцеччу, агонь!

Аж прысеў тут Міколка, ды пакгаўзныя галубы зноў узвіліся спалоханай стайкай, ды крыкнуў часавы па-нямецку:

— Эй! Хто там?

Аднак не ісці ж Міколку да часавога і растлумачваць яму, што ў дровах нічога страшнага няма, што дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Міколка хуценька прыкрыў дзеду рот далоняй і лёгка таргануў яго за бок. Адкрыў дзед вочы, схамянуўшыся, нешта гаварыць захацеў.

Але Міколка рашуча замахаў яму рукой пад самым носам і ціха шапнуў:

— Нішкні, дзед!

Часавы паслухаў, паслухаў — не чуваць нічога — і паклыпаў на другі канец пакгаўза.

— Ну, цяпер выбірайся, дзеду, з дроў і блізка сюды не падыходзь. Аднак і падкачаў ты, дзед, можна сказаць, на баявым пасту… — хацеў Міколка сказаць «заснуў», але не хацелася крыўдзіць дзеда.

— Што падкачаў, то падкачаў… — вінавата прамовіў дзед. — Гады бяруць сваё, унучак мой… Сядзеў я тут ноччу, сядзеў, пакуль ты пад пакгаўз лазіў, ды неяк і задрамаў… А тут і сняцца мне ўсякія туркі ды крэпасці. Усё наступаю ды наступаю. І вось-вось ужо ў атаку павінен быў кінуцца, а ты разбудзіў…

— А дарэмна ты, дзед, у атаку хадзіў!

— Як так дарэмна?

— А для чаго ты турэцкія дывізіі лажыў, людзей біў? За цара ваяваў? А ты ж вось уведаў пасля, што гэта за птушка твой цар?

— Дык вось у тым-та і справа, што пасля… А цар? Які ён мой?

— Ну, вось! — пераможна сказаў Міколка і, захапіўшыся, яшчэ колькі хвілін ушчуваў дзеда за яго турэцкія прыгоды. Дзед спачатку ўсё аднекваўся, апраўдваўся сваёй мінулай цемнатой, але потым у спрэчкі ўкінуўся:

— Добра табе так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў, а пражыў бы з мае гады…

Слова за слова, спрэчкі набылі такі гарачы характар, што нашы субяседнікі і не заўважылі, як апынуліся пасярод нямецкіх салдат, якія акружылі іх і чакалі далейшай каманды рыжавусага і надзвычай злоснага на від нямецкага каменданта.

— Ну, вось і прыехалі… — сказаў з перапуду дзед і змоўк.

Маўчаў і Міколка, праклінаючы ў думках дзедавы арудзіі і турэцкія бастыёны, праз якія так нечакана трапілі ў нямецкія лапы. «Гэта ж трэба, надумаліся дзе спрачацца з дзедам!»

Па загаду каменданта іх прывялі да пакгаўза.

А справа ўся адбылася такім чынам. Нямецкі камендант, які прыйшоў з атрадам салдат, каб пераправіць арыштаваных з пакгаўза ў арыштанцкі вагон, учуяў гучныя спрэчкі Міколкі з дзедам. Наяўнасць лішніх людзей ля пакгаўза паказалася яму падазронай, ды і хто наогул мае права блізка хадзіць ля такога месца… Так натрапіў ён на Міколку з дзедам і, каб высветліць, што яны за людзі, затрымаў іх да пары да часу. Нельга сказаць, каб Міколка з дзедам адчувалі сябе зручна пад нямецкімі штыкамі, але далейшыя падзеі намнога ўзнагародзілі іх за якія паўгадзіны нечаканага палону.

Паставіўшы дзеда і Міколку каля пакгаўза, камендант важна рушыў да дзвярэй, сарваў пячатку на замку, адамкнуў замок і пацягнуў дзверы. Дзверы не паддаваліся.

Міколка сачыў за камендантам, за яго работай і хітра падміргваў дзеду. Але дзед Астап быў не ў гуморы і ў адказ на Міколкавы падміргванні так сурова зірнуў на яго і так рашуча ўзяўся парадкаваць пяцярнёй сваю бараду, што Міколка палічыў за лепшае «не падсыпаць дзеду солі на раны», як казала часам маці. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: