Мальдзіс Адам
Шрифт:
Ва «Урыўку І» Сыракомля выкрыў ліберальнае пустаслоўе буйной шляхты, якая імкнулася прыкрыць сваю рэакцыйнасць гучнымі словамі аб прагрэсе. Перад выбарамі на высокую пасаду адзін з герояў твора, багаты граф, не супраць запрасіць на баль нават селяніна, нават дачку пераплётчыка, бо гэта павінна забяспечыць яму галасы выбаршчыкаў. Але што варты разважанні графа аб гуманізме, калі за гучнымі фразамі не стаяць канкрэтныя справы! Удзельнікам балю паказваюць будыніну з шыльдай «Вясковая школа». Усе хваляць дабрачыннасць графа, усе віншуюць яго. І ніхто не здагадваецца заглянуць у будынак, які з'яўляецца... звычайным пустым гумном. Або другі выпадак. Калі на кухні прыгарэла смажаніна, граф тут жа загадаў «гуманна высеч кухара». Астаўшыся без лішніх сведкаў, гэты вяльможа цынічна прызнае: «Без корчмаў і прыгону ўласнік загіне». На шчасце, народ даўно зразумеў, што тоіцца за шматслоўем «ліберальнага» графа, і трапна ахрысціў яго «ліберальнай жывёлінай».
Зразумела, што ў легальным друку дэмакратызм Сыракомлі не мог праявіцца ў такой ступені, як гэтага жадалі і сам аўтар, і шматлікія чытачы. Прыходзілася лічыцца з «нядрэмным вокам» цэнзуры. «У нас у Літве,— скардзіўся паэт у пісьме да Паўліны Вільконскай, — страшэнная глухата ў літаратурным свеце. І не таму, што мы не здольны праявіць нейкія прыкметы жыцця. Цэнзура, страшэнная, пякельная цэнзура душыць сваёй цяжкай лапай кожнае, нават самае нявіннае дыханне грудзей». І таму найбольш радыкальныя творы Сыракомлі («Сахар-мароз», «Мазурка» і інш.) распаўсюджваліся нелегальна, у рукапісных спісах. Напярэдадні і ў час паўстання 1863 года жандары знаходзілі іх у Віцебску, Мінску і нават глухой Смаргоні.
У падрыхтоўцы да паўстання 1863 года актыўна ўдзельнічала не толькі паэзія Сыракомлі. Ён сам таксама быў цесна звязаны з патрыятычным падполлем. У віленскім доме паэта збіраліся тыя, хто потым стаў на чале паўстання. Магчыма, тут бываў нават Кастусь Каліноўскі. Невыпадкова ж у снежні 1863 года, праз год пасля смерці Сыракомля менавіта на кватэры яго ўдавы быў арыштаваны Нітуе Далеўскі, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Каліноўскага! Абмежаваная і палахлівая жанчына наўрад ці змагла б самастойна наладзіць кантакты з рэвалюцыянерамі. Значыць, такія кантакты былі ўстаноўлены яшчэ да смерці яе мужа.
Як сведчаць апошнія польскія публікацыі, з нелегальным заданнем была таксама звязана першая загранічная паездка Сыракомлі ў маі. 1857 года. Шлях пралягаў праз Вроцлаў, Познань, Кракаў, якія тады знаходзіліся пад уладай Аўстрыі і Прусіі. І ўсюды паэта з энтузіязмам сустракала дэмакратычная інтэлігенцыя, разначынная моладзь. Прадстаўленні п'есы Сыракомлі ў Познані, на якіх прысутнічаў аўтар, ператвараліся ў сапраўдную дэманстрацыю патрыятычных сіл і нязменна заканчваліся выкананнем забароненых песень.
Праўда, многія польскія літаратуразнаўцы схільны тлумачыць прабыванне Сыракомлі за граніцай толькі яго каханнем да віленскай артысткі Алены Маеўскай. І на першы погляд, яны маюць рацыю. Сапраўды, у 35 год у паэта з'явілася запозненае і пакутлівае пачуццё да жонкі віленскага кнігавыдаўца, вядомага беларуска-польскага вучонага-асветніка Адама Кіркора. Гэта была незвычайна прыгожая, разумная і смелая жанчына. Пазней, у 1863 годзе, Маеўская перавозіла праз граніцу пошту паўстанцаў, ратавала жыццё аднаго з кіраўнікоў паўстанцкага ўрада Рамуальда Траўгута, за што была саслана ў Сібір. І бачна, пачуццё гэта было ўзаемным, бо, іграючы ў Познані, артыстка наўмысна параніла сябе на сцэне, усадзіўшы кінжал глыбей, чым «патрабавалася» роллю, каб не ехаць у Кракаў і пабольш прабыць з каханым. Ханжаскае мяшчанства не даруе ім гэтага ўчынку. Потым, у дзень пахавання паэта, ксёндз Ліпінскі з амбону касцёла святога Яна ўспомніць пра «грахоўны ўчынак» нябожчыка, чым выкліча абурэнне дэмакратычнай грамадскасці. А пакуль што, каб неяк апраўдацца, вярнуўшыся з Познані, Сыракомля піша паэму «Стэла Фарнарына» — пра светлае каханне Рафаэля да дачкі рымскага пекара Стэлы, якая натхніла мастака на стварэнне славутай «Сіксцінскай мадонны». У шляхецкіх дварах сустрэлі гэту паэму варожа, як параджэнне «д'ябальскага духу». Набожныя маці катэгарычна забаранялі дочкам браць яе ў рукі і тым больш чытаць.
І ўсё ж Сыракомлю прывабіла ў Познань не толькі Алена Маеўская. Вышэй асабістага «вясковы лірнік» ставіў грамадскае. Ён паехаў за граніцу, каб адчуць атмасферу ў Еўропе, каб весці перагаворы з патрыятычнымі коламі ў Прусіі і Аўстрыі дзеля агульнай кансалідацыі сіл. Аб гэтым сведчаць сакрэтныя данясенні познанскай паліцыі, якая сачыла літаральна за кожным крокам паэта.
І яшчэ адна паездка Сыракомлі была абумоўлена сувяззю з вызваленчым рухам. Вясной 1861 года да Вільні дайшла вестка, што ў Варшаве жандарамі забіты пяць дэманстрантаў. Пачуўшы пра гэта, Сыракомля разам з Дуніным-Марцінкевічам выехаў пад чужым пашпартам у Варшаву. Па дарозе ён рабіў усё магчымае, каб узмацніць нянавісць да царскай улады. Як даносілі шэфу жандараў і начальніку славутага НІ аддзялення В. Далгарукаву, «у ковенскім клубе Сыракомля дэкламаваў складзеныя ім абураючыя вершы». Такія ж выступленні адбыліся ў Сувалках, Ломжы. І таму не дзіўна, што на зваротным шляху з Варшавы Сыракомлю арыштавалі і перавезлі ў віленскую цытадэль, прыгадаўшы яму заадно і тое, што ў 1858 годзе ён не падпісаўся ў альбоме, уручаным цару. Праўда, доктару Тыцюсу ўдалося пераканаць генерал-губернатара Назімава, што хворага на сухоты паэта нельга трымаць у турэмным зняволенні. Сыракомлю дазволілі часова выехаць у Барэйкаўшчыну. Аднак следства працягвалася. У перспектыве пагражала тая ж турма або ссылка.
Арышт, матэрыяльныя цяжкасці, клопаты з друкаваннем, сямейны канфлікт, хвароба, злоўжыванне спіртнымі напіткамі — усё гэта адмоўна адбілася па творчым настроі і псіхіцы Сыракомлі. Ён адчуваў, што наступаюць доўгачаканыя рэвалюцыйныя падзеі, але не ведаў, ці зможа прыняць у іх належны ўдзел. Адсюль — матывы разгубленасці, песімізму, нават адчаю. Такая разгубленасць адчуваецца, напрыклад, у беларускай лірычнай мініяцюры, напісанай паэтам у 1861 годзе:
Ужо птушкі пяюць ўсюды, Ужо кветкі зацвілі... «Вясна прыйдзе»,— кажуць людзі... Но скуль прыйдзе і калі? І нашто ж вясна нам, божа? Мы адвыклі ад вясны... Ёлкі ў лесе, мох на стрэсе Зелянеюць заўсягды......У вершы «Пахавальны картэж» Сыракомля з маркотай пісаў, што на яго магілу прыйдуць толькі трое тых, хто кахаў яго, трое ворагаў ды яшчэ ветрык з роднае нівы і дожджык са свойскага неба. Аднак, калі ў 9 гадзін вечара 15 верасня 1862 года смерць раптам выбавіла паэта ад следства і ссылкі, аказалася, што сяброў у яго куды больш. За труной ішлі тысячы і тысячы гараджан — інтэлігенцыя, студэнты, рамеснікі з харугвямі сваіх брацтваў. Парадак ахоўвалі юнакі ў беларускай нацыянальнай вопратцы. Калі пад звон званоў картэж выходзіў з дома, у якім памёр Сыракомля, на поўдзень якраз з курлыканнем ляцеў жураўліны ключ, — і ўсе прысутныя міжвольна звярнулі позірк у бок далёкага выраю. На могілках Роса, ля помніка, на якім было напісана «Сканаў, граючы на ліры», нібы сімвалізуючы брацтва трох суседніх народаў, выступілі з прамовамі беларус Вінцэсь Каратынскі, паляк Тамаш Снарскі, літовец Эдвард-Якуб Даукша. «Сэнс жыцця нябожчыка, — гаварыў В. Каратынскі, — можна выказаць коратка: усю душу аддаваў ён дабру суайчыннікаў; думаючы пра іх, забываў аб іншым». Цяжка было больш дакладна ахарактарызаваць дзейнасць Сыракомлі пры ўмове, што да кожнага слова прамоўцаў прыслухоўваліся дзесяткі шпікоў.