Мальдзіс Адам
Шрифт:
Пераехаўшы пасля паражэння паўстання 1863 года ў Варшаву, Каратынскі амаль 30 год актыўна супрацоўнічаў у «Газэце варшавскей», многа пісаў для часопісаў «Тыгоднік ілюстрованы» і «Тыгоднік повшэхны». На іх старонках пісьменнік змясціў багата нарысаў і ўспамінаў аб грамадскім і культурным жыцці ў Літве і Беларусі напярэдадні паўстання 1863 года. Вялікую паслугу славянскім літаратурам аказаў Каратынскі, выдаючы ў 1872 годзе дзесяцітомны збор твораў свайго настаўніка Уладзіслава Сыракомлі, запаветам якога ён застаўся верны на ўсё жыццё.
Памёр Вінцэсь Каратынскі 7 лютага 1891 года. Польскі друк адгукнуўся на смерць шматлікімі некралогамі, у якіх адзначалася і роля нябожчыка ў развіцці беларускай літаратуры.
У адрозненне ад Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэся Каратынскага, пра беларускую спадчыну іх сучасніка і сябра Адама Плуга нельга сказаць амаль нічога пэўна га. Вядома толькі, што ён добра валодаў беларускай мовай, а ў 1849 годзе напісаў беларускае апавяданне «Кручаная баба». Па некаторых звестках, тэкст яго быццам бы друкаваўся ў віленскай перыёдыцы.
Але нават у тым выпадку, калі б Адам Плуг наогул не пісаў па-беларуску, яго імя ўсё роўна варта нашай памяці, бо ён нарадзіўся на беларускай зямлі, узнімаў у польскай літаратуры беларускую тэматыку, папулярызаваў здабыткі маладой беларускай літаратуры і сябраваў з яе вядучым прадстаўніком Дуніным-Марцінкевічам.
Упершыню Плуг і Дунін-Марцінкевіч сустрэліся, відаць, у 1856 годзе, калі першы з іх прыязджаў у Мінск і Слуцк з Украіны, дзе працаваў настаўнікам. Тады ж Плуг пабываў у гасцінным доме беларускага паэта. У выніку з'явіўся верш «Да В. Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы», дзе госць высока ацаніў імкненне гаспадара стварыць на «сялянскай» мове прафесіянальную літаратуру (верш цытуецца ва ўласным падрадковым перакладзе):
Зачараваны сардэчнасцю ў тваёй цнатлівай хаце, Я, літвін, падарожнік з падольскіх палёў, Сэрцам адплачваю табе, браце-літвіне, За добрае слова, за хлеб і соль. Я для цябе — Плуг нібы, ты ж — ратай правы, Ты сееш зерне па сялянскай мове, Дзе з цягам часу над травой і пустазеллем Узрастуць цудоўныя плады ўраджаю. У канцы верша аўтар жадае Дуніну-Марцінкевічу: Няхай твой пасеў збродзіць у сто разоў, Няхай накорміць народ духоўным хлебам.Цікава, што гэты верш упершыню ўбачыў свет тут жа, у Мінску, — у зборніку «Голас з Літвы», які выйшаў у кнігарні братоў Бейліных у 1859 годзе. У зборнік уключаны таксама адзін з першых перакладаў з беларускай на польскую мову — «Верш Вінцэнта Марцінкевіча да Апалінарыя Концкага, Манюшкі і Германа, перакладзены з беларускага дыялекту» (у арыгінале твор называецца крыху інакш: сярод гасцей замест Германа названы Сыракомля).
Аб паездцы ў Мінск Плуг расказаў па старонках варшаўскага часопіса «Крошка вядомосьці краёвых і загранічных» у карэспандэнцыі «Пісьмо Адама Плуга да Фелікса Пяткевіча», змешчанай пад рубрыкай «Рознае» ў № 265 і 267 за 1858 год. У гэтай карэспандэнцыі Плуг услед за Сыракомлем абараняе Дуніна-Марцінкевіча ад нападак сенатара Скібіцкага, які са старонак польскага выдання «Газэта варшавска» (№ 138 ад 19 мая 1856 года) папракаў аўтара «Гапона» за тое, што ён сваімі дыялектызмамі «псуе» польскую мову. «Шаноўны апанент забыў,— усклікае А. Плуг,— што, хоць і няўдзячнай з'яўляецца гаворка, на якой піша пан Марцінкевіч, яна ўсё ж перадае думкі шматтысячнага народа, значная частка якога сёння ўмее чытаць...» Аўтар карэспандэнцыі не сумняваецца, што творы Дуніна-Марцінкевіча спадабаюцца сялянам, акажуць уплыў на іх культурнае развіццё, на «паляпшэнне народных нораваў». Плуг дае свайму сябру парады, каб ён пісаў не толькі вершам, але і прозай, пазбягаў вульгарызмаў, больш клапаціўся пра рытміку радка.
Жыццёвы і творчы шлях Адама Плуга цесна звязаны з беларускай зямлёй і беларускім народам. Пісьменнік нарадзіўся ў 1823 (па іншых крыніцах — у 1824) годзе ў засценку Замосце ля Грэска. Сваё першае апавяданне «Пра тое, як людзі час марнуюць» («Падарожжа маёй думкі па вуліцах малога мястэчка») ён напісаў у 1842 годзе, будучы яшчэ вучнем Слуцкай гімназіі. Гэта — вострая сатыра на мяшчанства, на шляхту з навакольных засценкаў. Малады аўтар асудзіў п'янства і паразітызм местачковай «арыстакратыі», якая закрывала вочы на сялянскую галечу.
Пасля паўстання 1831 года бацька пісьменніка вымушаны быў прадаць Замосце і паехаць у фальварак Жукаў Барок над Нёманам, дзе служыў у Радзівілаў падлоўчым. З суседняга Залуча сюды часта прыязджаў У. Сыракомля. Яму ж Плуг прысвяціў свой першы верш «Гара Замчышча», дзе выкарыстаны матывы беларускіх народных казак. Наднёманскія мясціны хораша апаэтызаваны ў гутарцы «Жукаў Барок» (1848). «Усіх сялян з гэтай вёсачкі,— піша Плуг,— я ведаю як па сэрцах, так і з постаці, быццам усе яны належалі да маёй сям'і».
У сярэдзіне 40-х гадоў малады пісьменнік выехаў на Украіну, паступіў там у Кіеўскі універсітэт і наладзіў сувязь з перадавым кіеўскім часопісам «Гвязда». Пасля кароткага знаходжання на радзіме ў 1856 годзе Плуг надоўга асеў у Жытоміры, дзе выдаў першы том шасцітомнага збору сваіх твораў і ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што разам з жонкай быў пасаджаны ў турму. Апошнія сорак год жыцця наш зямляк жыў у Варшаве і рэдагаваў там часопісы «Клосы», «Вэндровнік», «Кур'ер варшавскі» і нават «Вялікую ўсеагульную энцыклапедыю» (1894-1899). За «пявучы» беларускі акцэнт варшавяне заўсёды лічылі яго «прышэльцам». Разам з А. Адынцом, В. Каратынскім і Ф. Вулей Плуг арганізаваў у Варшаве так званы «беларускі (па іншых крыніцах — «літоўскі») гурток». Памёр пісьменніку 1903 годзе.