Мальдзіс Адам
Шрифт:
На нейкі час шумныя віншаванні ды тосты прыглушылі голас паэта. Але Міцкевіч рукой даў загад сцішыцца, і Чачот закончыў дэкламацыю:
Не так нам сонка ясна Блішчыць, як цябе нет. Радасці ішчэм напрасна; Увесь нам не міл свет. Салавей не так нам пее, Рожы не пахне цвет, Не так нам бела лілея. Калі цябе тут нет. Без цябе ўсё тут смутна, Па табе плача гай, І рэчкі плывуць мутна, У жалобе ўвесь край. Наш ты міленькі Адам, Насмуціў жа ты нас досць, Нагарадзі смутак нам І будзь у нас доўга госць.Побач з беларускімі вершамі і драматычнымі сцэнкамі ў філамацкі перыяд Ян Чачот многа і плённа пісаў па-польску. Лібрэта яго аперэты «Малгажата з Зембаціна» атрымала высокую ацэнку Міцкевіча. Пад уплывам спрэчак аб гістарызме з'явіўся цыкл твораў аб мінулым роднага краю. Абапіраючыся на хроніку Стрыйкоўскага, Чачот давёў вершаваную гісторыю Літвы і Беларусі да 1434 года. Але найбольшы поспех маладому паэту прынеслі яго рамантычныя балады — «Навагрудскі замак», «Свіцязь-возера», «Калдычэўскі шчупак», «Мышанка», рэзка антыпрыгонніцкія «Узногі». У іх упершыню ў польскай рамантычнай паэзіі выкарыстаны народныя паданні. І тым больш прыемна, што паданні гэтыя — беларускія па паходжанню. Праўда, Чачот слепа і дакладна трымаўся фальклорных першаўзораў, што перашкодзіла яму ўзняцца да значных мастацкіх абагульненняў. Але яго балады аказалі добры ўплыў на творчасць Міцкевіча. Зацікавіўшыся імі ў канцы 1819 года, вялікі польскі паэт і сам неўзабаве перайшоў ад класіцызму на рамантычныя пазіцыі. Геніяльны «вучань» хутка пераўзышоў свайго часовага «настаўніка», бо, у адрозненне ад яго, творча выкарыстоўваў фальклорныя матывы. І ўсё ж удзячнасць, прызнанне заслуг свайго сябра засталіся назаўжды. Часам гэтыя заслугі нават гіпербалізаваліся. «Пішу табе, як адчуваю,— чытаем мы ў пісьме Міцкевіча да Чачота, датаваным 1 студзеня 1820 года,— можа быць, няправільна, але адчуваю менавіта так. Не бачу ў сабе ні незвычайных талентаў, ні больш высокіх, чым твае. Пішу, як адчуваю».
У гісторыі славянскіх літаратур цяжка знайсці прыклад больш трывалай, высакароднай і бескарыслівай дружбы, чым дружба Міцкевіча і Чачота. І справа тут не ў колькасці ўзаемна прысвечаных вершаў («Ямбаў»), а ў адзінстве поглядаў і пачуццяў. «Што датычыцца дружбы,— пісаў Чачоту Міцкевіч 6 лістапада 1819 года,— то, клянуся яе святым імем і ўсім, што мне было і што цяпер найбольш дорага, я лічу цябе такім сябрам, якога толькі можна пажадаць; я не хачу і не магу мець большага, я ні да кога не быў так прывязаны і нікога не любіў у такой жа меры». Імя Чачота першым названа ў прысвячэнні міцкевічаўскага зборніка «Балады і рамансы». У сваю чаргу Чачот чытаў карэктуру «Дзядоў», арганізоўваў падпіску на зборнікі свайго сябра. Такія ж шчырыя адносіны звязвалі Чачота з іншымі філаматамі. «Жывы, чуллівы, вясёлы,— пісаў аб ім Ігнат Дамейка,— ён братаўся з усімі; просты і даверлівы, нават да самых маладых і найменш адукаваных, пявучы, уражлівы, ён меў сапраўды сялянскую натуру...»
У 1821 годзе Таварыства філаматаў ператварылася ў больш складанае па сваёй структуры Таварыства філарэтаў. Узмацніўся напал патрыятычных прамоў, стражэй стала канспірацыя. Аднак у 1823 годзе царскім уладам удалося натрапіць на след тайных згуртаванняў. Пачаліся масавыя арышты і рэпрэсіі. У Вільню прыехаў сенатар Навасільцаў, які павёў следства, не грэбуючы бруднымі прыёмамі. Міцкевіча, Чачота, Зана і іх сяброў заключылі ў камеры ператворанага на турму базыльянскага кляштара. Вязні дэкламавалі патрыятычныя вершы, спявалі народныя песні. Аднойчы, прыгадвае філамат Антон Слізень, Чачот заспяваў уласную беларускую песню, якая пачыналася словамі:
Да лятуць, лятуць да дзікія гусі, Да нас павязуць да далёкай Русі.Словы паэта аказаліся прарочымі. За чытанне «нахабных» вершаў, за прамовы, накіраваныя супраць царскага трона, суд прыгаварыў Чачота і яго сяброў да высылкі ў аддаленыя губерні Расіі. На радзіме засталіся старыя і збяднелыя бацькі, засталася родная па сэрцу і духу Зося Малеўская, якая ўзялася зберагаць рукапісныя зборнікі паэта. Пацягнуліся доўгія гады выгнання — спачатку ва Уфе, потым — у Цверы. Толькі ў 1833 годзе Чачоту дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Нейкі час ён працаваў сакратаром кіраўніцтва Бярэзінскім каналам у Лепелі. Затым пацягнула на родную Наваградчыну, дзе шчорсаўскі граф Храптовіч прапанаваў пасаду бібліятэкара. Землякі, успамінае Эдвард Паўловіч, сустракалі паэта як сапраўднага героя, ды сам ён, хворы і надломлены, ужо не вярнуўся да палітычнай дзейнасці. Ён па-ранейшаму страсна жадаў, каб здзейснілася яго колішняя мара — убачыць свой народ свабодным і шчаслівым, аднак не ведаў рэальных шляхоў здзяйснення гэтай мары.
У 30-я гады Чачот цалкам аддаўся сваёй улюбёнай справе — збіранню і перакладу беларускіх народных песень. У 1837 годзе ў віленскім выдавецтве Завадснага ўбачыла свет сціплая кніжачка пад назвай «Вясковыя песенькі з-над Нёмана». У ёй было змешчана 100 беларускіх песень у больш або менш дакладным перакладзе на польскую мову.
Услед за першым зборнікам выйшла яшчэ пяць аналагічных зборнікаў — у 1839, 1840, 1844, 1845 і 1846 гадах. Разам у іх апублікавана каля тысячы народных песень, запісаных Чачотам і яго добраахвотнымі карэспандэнтамі над берагамі Нёмана, Дзвіны і Дняпра. За выключэннем апошняга зборніка, дзе песні прыводзяцца ў арыгінальным беларускім гучанні, усюды падаецца толькі польскі пераклад. Побач з бяскрыўднымі абрадавымі ды сямейнымі песнямі ў выданні Чачота трапілі і фальклорныя творы з яўна антыпрыгонніцкім зместам. Ну, хаця б вось гэтая жніўная песня:
Да ў нашага пана Да нядобрая слава: Па месяцу жыта жалі, Па зорам копы клалі. Цёмна ў полі, цёмна. Бадай таму цямней было, Хто да хаты не пушчае Да на полю нас трымае. Да мы позна з поля йдзём Да прыганятага клянём.Выключную цікавасць маюць для нас вершаваныя і празаічныя прадмовы і каментарыі да зборнікаў. У іх Чачот выказвае свае думкі аб жыцці беларускага народа, аб беларускай мове і фальклоры. Паэт спачувае нядолі прыгоннага селяніна, з абурэннем піша аб бязрадасным існаванні яго дзяцей. У каментарыях да зборніка 1840 года гаворыцца: «Як жа сумна звычайна выглядаюць у вёсках сялянскія дзеці, якія гуляюць каля хат, пазіраюць праз маленькія аконцы і ахвотна выбягаюць адчыніць вароты праезджаму!.. Нямытыя, нечасаныя, часта ў вельмі брудных і пашкуматаных кашульках! Калі выйдзеш з панскага двара, дзе вабіць і захапляе вочы белізна і жывасць колераў,— які ж кантраст, які нечаканы і непатрэбны пераход!» «Баліць сэрца,— піша Чачот у прадмове да таго ж зборніка,— калі бачыш самы шматлікі і самы працавіты клас насельніцтва даведзеным да такой беднасці...» Аднак тут жа асноўнай прычынай гэтай беднасці аўтар лічыць не прыгонніцкі лад, а карчомнае п'янства.
У прадмове да зборніка 1846 года, да якога прыкладзены невялічкі беларускі слоўнік і звыш ста беларускіх прыказак, Чачот дзеліцца сваімі «назіраннямі» над «крывіцкай» (беларускай) мовай. Ён прызнае, што яму яшчэ нестае ведаў, каб даць «нейкі граматычна-гістарычны нарыс гэтай мовы». «Належнае даследаванне мовы, на якой пры нашай памяці любілі паміж сабой гаварыць жывыя яшчэ тады старыя паны, на якой цяпер гавораць з сялянамі паны і аканомы, на якой некалі пісалі ў нас дзяржаўныя акты, цалкам ляжа на плечы нейкага здольнага чалавека, можа селяніна, які, атрымаўшы веды, больш глыбока разгледзіць добра вядомую сабе мову». Затым Чачот вызначае месца «крывіцкай» мовы сярод іншых славянскіх моў — яна знаходзіцца пасярэдзіне паміж рускай, украінскай і польскай мовамі, аднак бліжэй да рускай, чым да польскай. У іншым месцы аўтар падкрэслівае, што хаця «крывіцкі дыялект» маларазвіты і нераспрацаваны, хаця ў кожнай вёсцы бытуюць адметныя словы, аднак на ім «вельмі любяць размаўляць нашы сяляне».