Мальдзіс Адам
Шрифт:
Каб адказаць на гэтыя пытанні, звернемся да тлумачэнняў Р. Падбярэскага. Ён піша, што памеры прадмовы (наўрад ці толькі памеры) не дазвалялі яму цалкам прывесці твор, напісаны ў адпаведнасці «з вядомым у ваколіцы выпадкам у маёнтку п. Маліноўскага ў Шнітаўках, 50 вёрст ад Полацка, у 1812 годзе». Значыць, Баршчэўскі апісаў канкрэтны выпадак. Значыць, і да самога твора трэба падысці вельмі канкрэтна.
Прыгадаем, што адбывалася ў 1812 годзе. Калі французы акупіравалі беларускую зямлю, сімпатыі мясцовай шляхты падзяліліся. Прапольская яе частка стала на бок французаў. Але не менш аказалася патрыётаў, якія не здрадзілі свайму краю. Відаць, да іх ліку належаў і гаспадар Шнітавак Маліноўскі. Бо інакш чым вытлумачыць той факт, што рабаваць двор загадалі французы і што гаспадар хаваўся (магчыма, з партызанскім атрадам) у лесе (у віцебскай публікацыі 1864 года прама гаворыцца: французы «паноў нашых у лес загналі»)? Са сваім прыхільнікам акупанты абышліся б зусім інакш...
Са сказанага вышэй лёгка напрошваецца вывад: у «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі асуджае не сялянскае паўстанне наогул (апошнія два радкі публікацыі Падбярэскага і варыянт, знойдзены ў Багрыма, сведчаць, хутчэй, аб адваротным), а звычайны грабеж, інспіраваныя чужаземцамі «рабункі». Менавіта французы «казалі пазбіраць» сялян, каб тыя нішчылі дабро іх праціўніка. Менавіта яны абуджалі ў «мужыкоў» самыя нізкія інстынкты, «пахваляючы» за грабеж. І хто ж узначальвае ўвесь так званы «бунт»? Антыпатычны Мінка, пра якога ў каментарыях Р. Падбярэскага сказана, што гэта —таксама рэальная асоба, лакей пана Маліноўскага. Наўрад ці было такому «худа» жыць на панскім хлебе («пуза, як барабан»!)... Як бачна з тэксту, Мінкава «крытыка» існуючага ладу мае чыста вонкавы характар. «Новыя» паны не падабаюцца Мінку толькі таму, што яны
Палы сабе паабразалі, Хвасты ззаду падзякалі (мабыць, паадсякалі.—А. М.). І цяпер ужо ўсякі Кусай ззаду...У «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі не «ганьбіць» рэвалюцыйныя выступленні сялянства. Якая ж тут рэвалюцыйнасць быць сляпымі выканаўцамі волі акупантаў?! Аўтар асуджае толькі сялянскія рабункі, якія ў спецыфічных умовах 1812 года ператвараліся ў звычайнае марадзёрства. Рабункі ёсць рабункі і не болей!
Побач з тым нельга таксама, зыходзячы з апошніх радкоў верша, сцвярджаць, як гэта рабіў у свой час А. Хлябцэвіч, што ў «Рабунках мужыкоў» паказана «класавая вайна мужыкоў з панамі». У сваім вершы Баршчэўскі апісаў адзін канкрэтны выпадак, які адбыўся ў 1812 годзе. З-за абмежаванасці свайго таленту апісаў даволі павярхоўна, не ўзняўся да мастацкага абагульнення, але ўвогуле ў адпаведнасці з гістарычнай праўдай і сапраўднай расстаноўкай сіл. У 1812 годзе лінія барацьбы пралягала зусім не там, дзе яе бачыў А. Хлябцэвіч. «Вайна мужыкоў з панамі» была тады толькі на руку акупантам, і яны імкнуліся яе пашырыць на захопленай рускай тэрыторыі.
І ўжо зусім іншая справа, што потым, калі прызабылася рэальная першааснова верша, «Рабункі мужыкоў», асабліва іх заключная частка з заклікам «пакіньмо прыгон служыць», маглі рэвалюцыйна ўздзейнічаць на сялянства. Калі «мужыкі» маглі напасці на панскі двор па чужой волі, то чаму б гэта не паўтарыць ім па сваёй, паўтарыць актыўна і пры больш зручных для айчыны абставінах?! Мне здаецца, што (хацеў таго аўтар ці не) менавіта такі вывад рабілі чытачы верша ў 20-40-я гады мінулага стагоддзя. Інакш нельга вытлумачыць тую папулярнасць, якую заваявалі «Рабункі мужыкоў» у тагачасным сялянскім асяроддзі. Інакш застанецца незразумелым, чаму Р. Падбярэскі, чалавек перадавых поглядаў, сцвярджаў з усёй катэгарычнасцю, што менавіта «Рабункі мужыкоў» паставілі іх аўтара «на чале сапраўды нацыянальнага беларускага пісьменства».
А цяпер звернемся да двух беларускіх вершаў Баршчэўскага, змешчаных у кніжцы альманаха «Рочнік літэрацкі» за 1843 год. У свой час сцвярджалася, што ў іх таксама высмейваецца беларускае сялянства, яго непісьменнасць і маральныя заганы, яго імкненне выбрацца з галечы. Ці так гэта? Для пачатку працытуем першы з вершаў — «Дзеваньку»:
Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята; Ці табе не напрыкрылася чужая хата. На каго ж ты павяраеш, Сваё сэрца прымяняеш; Не будзе тут пуці. Прыўчыла ж ты двух хлопцаў, як пташак у сеці, Яны к табе дзень і ўночы рады прыляцець І ты к нім лятаеш, Панскій двор пабуджаеш На вялікі смех. Прыўчыла ж ты лоўчага, ён жа і стралец, І дудар быў некалі, і рускай пявец; А стралец і дудар Не вялікай гаспадар, Будзеш бяз хлеба. Палюбіла садоўніка, і гэта ня ў пуць, Да ён жа слуга гаспоцькі, асцярожна будзь; Мадамай табе ня быць, Дзяцей табе ня ўчыць, Віць ты ня ўмееш.Як сведчыць Р. Падбярэскі, Баршчэўскі прысвяціў гэты верш зноў жа канкрэтным падзеям і канкрэтнай асобе — дзяўчыне Максімовічаўне з Марогаў. Высмейвае аўтар учынкі сваёй гераіні? Безумоўна. Але высмейвае за тое, што яна вядзе немаральнае жыццё, дзеліць свае пачуцці паміж панскімі паслугачамі («да ён жа слуга гаспоцькі»). «Галоўка» дзеванькі занята яўна не тым, чым трэба. Яна хоча выбіцца ў людзі цаной уласнага сумлення. І аўтар слушна раіць ёй не губляць чалавечай годнасці, не смяшыць людзей і застацца самой сабою («мадамай табе ня быць»).
На першы погляд здаецца зусім бяскрыўдным верш Баршчэўскага «Гарэліца». Ну што ж у тым «крамольнага», калі паэт высмейвае селяніна, якому ў галаве не хатка, не дзеткі, не жонка, а гарэліца-«весялуха»?! Аднак варта ўспомніць, што ў першай палове XIX стагоддзя п'янства мела глыбокія сацыяльныя карэнні, з'яўлялася адным з праяўленняў прыгонніцкага ладу. Сялян сілай прымушалі купляць гарэлку, якая пастаўлялася ў карчму з панскіх бровараў. Прыгоннікі заахвочвалі п'янства (у «Гарэліцы»: пан «яшчэ хлопцу чарку водкі мне прынесць прыкажэць»). Вось чаму ў 40-50-я гады ў Расійскай імперыі шырока разгарнуўся рух цвярозасці. Яго гарачымі прыхільнікамі сталі Чарнышэўскі і Дабралюбаў, якія заклікалі народ актыўна супрацьдзейнічаць п'янству. Рух цвярозасці варожа сустрэлі як афіцыйныя ўлады, так і прыгоннікі. І таму «Гарэліца» Баршчэўскага, напісаная значна раней, чым пачаўся гэты рух, аб'ектыўна мела прагрэсіўнае гучанне.
Разгледзеўшы ўсе тры беларускія вершы Баршчэўскага, якія дайшлі да нашага часу (а напісана іх было, без сумнення, значна больш), мы прыходзім да вываду, што ў іх няма нічога антынароднага, рэакцыйнага, ёсць толькі абмежаванасць, абумоўленая абмежаванасцю дробнашляхецкага асяроддзя, з якога паходзіў сам аўтар. Але гэта ўжо не столькі віна яго, колькі бяда.
У другім томе польскай «Энцыклёпэдыі повшэхнэй», выдадзеным у 1860 годзе, гаворыцца, што беларускія песенькі Баршчэўскага з вялікай хуткасцю распаўсюдзіліся «сярод народа Белай Русі», прынеслі іх аўтару немалую папулярнасць. Але сапраўдную вядомасць пісьменніку ўсё ж заваявалі чатыры томікі «Шляхціца Завальні». Яны выйшлі ў пецярбургскіх друкарнях Кароля Края і Эдварда Пратца на працягу 1844-1846 гадоў.