Мальдзіс Адам
Шрифт:
Гаворачы аб поглядах Чачота, трэба мець па ўвазе яшчэ адну акалічнасць. Не ўсе творы паэта апублікаваны, не ўсе знойдзены, і таму яшчэ, мабыць, рана ставіць апошнюю кропку над «і». Напрыклад, невядома, куды дзелася польская празаічная «аповесць з 1829 года» «Жмудзь і Літва ў карыкатуры». 69 старонак, якія захаваліся ад аповесці, дазваляюць меркаваць, што гэта быў востры сатырычны твор, што ў ім едка высмейвалася мясцовая арыстакратыя. Невядома, што сабой уяўляла беларуская п'еса Чачота, «напісаная ў чэсць Міцкевіча» для тэатра, аб якой гаворыцца ў адным з пісем Р. Зямкевіча (пісьмо захоўваецца ў бібліятэцы АН Літоўскай ССР). Зямкевіч збіраўся прывесці гэту п'есу ў сваёй манаграфіі, але так і не здзейсніў задуму. Урэшце, яшчэ не апублікаваны рукапісныя зборнікі паэта, якія захоўваюцца ў Польшчы ў складзе так званага «Малога архіва філаматаў». Многія рукапісы, відаць, загінулі ад рук царскіх цэнзараў і проста ад часу.
Памёр Ян Чачот 11 жніўня 1847 года ў Друскеніках у крайняй беднасці. Сябры пахавалі яго ў суседняй Ротніцы і над магілай паставілі помнік з вершам Антона Адынца:
Сваю маладосць прысвяціў ён навукам і цноце, Век сталы ён мужна пражыў у няспынных цярпеннях. Любоў да сяброў і да бога — істоты яго была зместам. Цяжкое жыццё яго ўсё — да збавення дарогай. Імя яго злучана будзе павекі ў айчыне З Адамам Міцкевічам і Томашам Занам. Хто ведае іх, перад каменем гэтым схіліся, Падумай, ўздыхні і за ўсіх іх, траіх, памаліся. (Пераклад М. Танка.)Адначасова з Чачотам, але зусім незалежна ад яго, скарбы беларускага фальклору пачаў збіраць і апрацоўваць Ян Баршчэўскі. Сучаснікі, мабыць, абапіраючыся на тое, што ім было вядома ў рукапісах, называлі гэтага пісьменніка «львом беларускай літаратуры». На жаль, большасць твораў Баршчэўскага знішчыў няўмольны час (хаця не выключана магчымасць, што камусьці пашчаслівіцца адшукаць іх сярод папераў графаў Ржэвускіх, у доме якіх пісьменнік знайшоў на старасць часовы і няпэўны прытулак). Пакуль што Баршчэўскі ўваходзіць у гісторыю літаратуры як аўтар трох беларускіх вершаў ды напаўфальклорнага зборніка «Шляхціц Завальня». Праўда, ёсць яшчэ вершы, балады і паэмы на польскай мове. Аднак большасць з іх — несамастойныя, напісаныя «пад Міцкевіча» і таму не маюць асаблівай мастацкай каштоўнасці.
Жыццёвы і творчы шлях Баршчэўскага поўны супярэчнасцей і загадак. Узяць хаця б год нараджэння. У прадмове да зборніка «Шляхціц Завальня» блізкі сябар пісьменніка Рамуальд Падбярэскі ўказвае 1794 год. Тая ж дата названа ў некалькіх некралогах. Аднак такія сур'ёзныя даследчыкі, як М. Гарэцкі і Р. Зямкевіч у нас, Т. С. Грабоўскі ў Польшчы, назвалі зусім іншую дату — 1790 год. Каму ж аддаць перавагу? Відаць, усё-такі Падбярэскаму: ён чэрпаў інфармацыю з першых вуснаў — ад самога пісьменніка. Апрача таго, ёсць і ўскосны доказ. Вядома, што ў 1809 годзе, будучы вучнем Полацкай езуіцкай калегіі, Баршчэўскі напісаў свой першы вершаваны твор — псеўдакласічную паэму на польскай мове «Пояс Венеры». А наўрад ці мог быць вучнем калегіі дзевятнаццацігадовы юнак...
Затое даследчыкі аднадушны ў тым, што Баршчэўскі нарадзіўся ў фальварку Марогі ля возера Нешчарда, што на поўначы былой Віцебскай губерні. Паходзіў ён з той часткі беларускай шляхты, якая, па словах Падбярэскага, амаль злівалася з сялянскай масай. У дзяцінстве хлопчык любіў бавіць час у свайго дзядзькі, які жыў на самым беразе возера і затым быў выведзены ў зборніку пад уяўным ці, можа, нават сапраўдным прозвішчам шляхціца Завальні. Зімой, калі лютавала завіруха і збіваліся са шляху падарожныя, дзядзька заўсёды выстаўляў на акне свечку. Агеньчык прывабліваў сялян, шляхту, купцоў. Паміж імі і дзядзькам адбываўся наступны дыялог (у «Шляхціцу Завальні» ён дадзены па-беларуску):
— Ах, паночак, пусці нас пераначаваць, ноч цёмная, нічога не відна, і дарогу так замяло, што і найці няможна.
— А ці ўмееце сказкі ды прыказкі?
— Да ўжо ж як-небудзь скажам, калі толька будзе ласка панская.
Падарожныя распраналі доўгія кажухі. На стале з'яўляўся самавар, а то і бутэлька з медавухай. І пачынаўся нетаропкі расказ аб розных дзівах дзівосных, сапраўдных здарэннях і выдуманых: пра багацея Карпа, які запрадаў душу чорту; пра змяю, што вылупілася з летуценнага яйка; пра валасы, што крычалі на галаве віцебскага нягодніка Генрыка; пра славутага чарнакніжніка Твардоўскага, які нібы аб'явіўся ў Полацку. І заўсёды ў гэтых казках сілы зла былі на баку багатых, а сілы дабра — на баку бедных. І заўсёды селянін быў вышэй, высакародней і кемлівей свайго пана. Наслухаўшыся казак, дзядзька прыходзіў да вываду, што яны лепш, чым «не па-нашаму» напісаная «Адысея». І не ведалі прысутныя, што да кожнага іх слова з затоеным дыханнем прыслухоўваецца з печы малы Ясь. Прыслухоўваецца, а затым, вяртаючыся ў думках да свайго дзяцінства і юнацтва, напіша «Адысею беларускую» — чатырохтомнага «Шляхціца Завальню».
Вельмі мала звестак захавалася пра школьныя гады Баршчэўскага. Вядома толькі, што ў Полацкай калегіі ён добра вывучыў старажытнагрэчаскую і лацінскую мовы і што езуіцкія настаўленні не дужа запаланілі яго сэрца. Але вось закопчана вучоба. Што рабіць далей? На якой ніве прыкласці свае сілы і веды? Як прыгадвае Баршчэўскі ў «Нарысе паўночнай Беларусі», нейкі час ён бязмэтна блукаў па дрымучых барах і берагах Нешчарды з кнігамі антычных аўтараў пад пахай. Потым пачаліся вандроўкі па навакольных засценках. За скромны пачастунак паэт адплачваў гаспадарам панегірычнымі вершамі, а то і — гледзячы па абставінах — дасціпнай сатырай. Зразумела, такі лад жыцця не задавальняў юнака. І вось нейкім чынам, відаць з дапамогай сваяка Гаўдэнція Шапялевіча, ён трапляе ў Пецярбург. На жыццё прыходзіцца зарабляць прыватнымі ўрокамі — вось дзе спатрэбілася веданне моў! — ды нейкімі «падрадамі» ў Марскім ведамстве. Магчыма (зноў гэтае непазбежнае «магчыма»), сувяззю з Марскім ведамствам тлумачацца і таямнічыя падарожжы Баршчэўскага ў Францыю, Англію і Фінляндыю. На свой кошт скромны гувернёр наўрад ці адправіўся б у такую далёкую дарогу...
У Пецярбурзе Баршчэўскі ўстанавіў цесныя сувязі з польскімі, рускімі і ўкраінскімі літаратурнымі коламі, з універсітэцкай моладдзю. У розны час адбыліся сустрэчы з Адамам Міцкевічам, Тарасам Шаўчэнкам. Сучасны польскі даследчык Ежы Енджэевіч аўтарытэтна сцвярджае, што Міцкевіч правіў раннія вершы Баршчэўскага і прадракаў яму вялікую будучыню. Плённым было ўздзеянне на беларускага пісьменніка ўкраінскага Кабзара. Як паведамляецца ў пісьме польскага паэта В. Рэута да мінчаніна І. Легатовіча, Шаўчэнка і Баршчэўскі пазнаёміліся ў 1839 годзе. Кабзар добра ведаў вершы свайго новага знаёмага і выказваў адносна іх некаторыя крытычныя заўвагі. Апрача таго, піша той жа Енджэевіч, з твораў Шаўчэнкі бачна, што ён чытаў польскі альманах «Незабудка», які выдаваўся Баршчэўскім і яго сябрамі з Пецярбургскага універсітэта ў 1840-1844 гадах. У гэтым альманаху друкаваліся пераважна маладыя аўтары, якія паходзілі з Беларусі.