Вход/Регистрация
Падарожжа ў XIX стагоддзе
вернуться

Мальдзіс Адам

Шрифт:

Паступова вакол Яна Баршчэўскага і яго «Незабудкі» аб'ядналася цэлая група літаратараў, якую некаторыя польскія даследчыкі потым гучна называлі «беларускай школай». Сюды ўваходзілі пераважна ўраджэнцы Беларусі — Рамуальд, Роза і Людвік Падбярэскія, студэнты універсітэта В. Давід і С. Ляховіч, мастакі К. і Р. Жукоўскія, кампазітар А. Абрамовіч. З гэтай групай былі цесна звязаны Вінцэнты Рэут, Геранім Марцінкевіч, Аляксандр Грот-Спасоўскі, Тадэвуш Лада-Заблоцкі, Аляксандр Гроза, якія ў сваіх польскіх творах выкарыстоўвалі матывы беларускіх казак і паданняў, даследчык беларускага фальклору Ігнат Храпавіцкі, урэшце, паляшук Леапольд Штырмер, які друкаваў свае аповесці ў «Незабудцы» пад іменем жонкі Элеаноры Штырмер. Пасля таго як выданне «Незабудкі» спынілася, фактычным органам групы стаў «Рочнік літэрацкі» на чале з Р. Падбярэскім.

Апошнія гады жыцця Баршчэўскага таксама ахутаны таямніцай. Выдаўшы (часткова на ўласныя сродкі) «Шляхціца Завальшо», ён нейкім чынам апынуўся на Украіне — пабываў у Адэсе, у 1849 годзе выдаў у Кіеве першую частку свайго польскага зборніка «Проза і вершы». Памёр пісьменнік 11 сакавіка 1851 года ў Цуднове на Валыні, у доме графаў Ржэвускіх. Адзін з іх — Генрык Ржэвускі — быў даволі вядомым польскім раманістам, пісаў пра мінулае Беларусі, чым, відаць, і тлумачыцца яго ўвага да збяднелага беларускага шляхціца.

Як ужо гаварылася вышэй, да нас дайшлі ўсяго тры беларускія вершы Баршчэўскага — «Дзеванька», «Гарэліца» і (ва ўрыўках) «Рабункі мужыкоў». Напісаныя на невысокім мастацкім узроўні, сёння яны маюць толькі гісторыка-літаратурнае значэнне. Аднак у свой час яны карысталіся значнай папулярнасцю, былі часткова пакладзены на музыку, пайшлі, як кажуць, у народ. Урыўкі з «Рабункаў мужыкоў» знайшлі (пад назвай «Размова хлопаў») пры вобыску ў Паўлюка Багрыма. З народных вуснаў трапілі яны ў фальклорныя запісы П. Шэйна. Як бачым, сяляне знаходзілі ў Баршчэўскага нешта сваё, нешта сугучнае сваім думам і пачуццям!

А як жа тады пагадзіць указаныя вышэй факты з тым, што ў 30-40-х гадах нашага стагоддзя, даказваючы рэакцыйнасць поглядаў Баршчэўскага, звычайна спасылаліся на тыя ж «Рабункі мужыкоў»? Як пагадзіць, напрыклад, са словамі Л. Бэндэ, што творчасць Баршчэўскага накіравана на тое, каб «зганьбіць сялянскія паўстанні, спробы беларускага сялянства рэвалюцыйным шляхам вызваліцца з-пад прыгонніцкага прыгнёту»? Няўжо народ памыляўся, распаўсюджваючы тыя ж «Рабункі мужыкоў»?

Не, народ не памыляўся. Памыляліся вульгарныя сацыёлагі. Сёння настаў час па-новаму, з канкрэтна-гістарычных пазіцый, прааналізаваць беларускія творы Баршчэўскага. Для пачатку звернемся да ўрыўка з «Рабункаў мужыкоў», які прыведзены Р. Падбярэскім у прадмове да «Шляхціца Завальні». Паколькі гэты тэкст па традыцыі не ўключаецца ні ў хрэстаматыі, ні ў анталогіі і таму амаль недаступны неспецыялістам, непазбежнымі будуць пераказ і вялікія цытаты:

Як пранцузская сіла Із-за Дзвіны наступіла, Нам стала карціць, Чтоб парадак прыўраціць. Аднака ж сядзелі ціха, Аж тут прыносіць ліха Пранцузаў у паш двор, І нутка дзелаць здор (мабыць, збор.— А. М). Клеці паразбівалі, Паноў нашых загналі, Нас казалі пазбіраць І гарэлку піць і браць. Пранцузы нас пахвалялі, Аб нашым краю ўпаміналі І на мігі нас прасілі, Каб мы з імі двор лупілі. І мы доўга там гулялі, Что хацелі — пілі, бралі.

У гэты час пачынаецца наступленне рускай арміі. Французы пакідаюць двор. Нашы войскі разбіваюць іх у вядомай бітве пад Калясціцамі. А між тым у двары:

Як пранцузы выйшлі самі, Мужыкі былі панамі І, калі так пагулялі, Раду сабе укладалі. Першый Мінка сеў за стол, У куты глядзіць, як сакол, На крэсле, і дзе сядзеў пан, Пуза, як барабан. А ногі як разапнець, Хоць з калёсамі праедзь.

Усеўшыся за стол, Мінка пачынае хваліць старых паноў, якія мелі вусы «на ўвесь свет» і два запасныя рукавы, і лаяць новых, што «і самі ўжо згалелі». На гэтым тэкст абрываецца: ідуць шматлікія шматкроп'і, відаць абумоўленыя цэнзурай. Але ў канцы ўсё ж прарываецца, наколькі было мага, і сялянская крыўда на прыгонніцкі лёс. Цяжка сказаць, каму належаць гэтыя словы, але напэўна не пузатаму Мінку:

Прыйдзеш у двор, баішся, Пакуль к пану зблізішся, Доўга галаву скрабеш... Яшчэ ж гэта не канец, Паложыш на стол яец, І тут ешчэ страх бярэць Ждаць, што пан запяець... Пусць мне хоць паб'юць штаны, Да ўжо ж не будуць паны!

Звернем увагу на апошнія два радкі. Як бачым, герой-апавядальнік (а разам з ім і аўтар) абураецца бяспраўем прыгонных сялян. Ён поўны рашучасці знішчыць панства, хаця за гэта пагражаюць цялесныя пакаранні («паб'юць штаны»). Яшчэ выразней «бунтарскі» настрой сялян выказаны ў фрагменце, які ў прадмове Падбярэскага, відаць, па цэнзурных меркаваннях быў заменены шматкроп'ем, аднак шчасліва захаваўся ў спісе, знойдзеным у час вобыску ў П. Багрыма (сам Багрым наўрад ці ўносіў бы змены ў тэкст):

Дзецюкі! Худа нам жыць, Пакіньмо прыгон служыць, Зробім вольнасць, і урэч Нас ўраднік не будзе сеч. Ці мы людзі не такія, Што нам. угрозы ўсякія?

Такім чынам, у «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі даволі пераканаўча паказаў пакутлівасць жыцця прыгонных сялян, іх неадольнае жаданне зрабіць урэшце «вольнасць». Больш таго, аўтар сімпатызуе гэтаму жаданню, гэтым бунтарскім настроям. Сімпатызуе? А як жа тады быць з антыпатычным Мінкам, які кіруе «рабункамі»? А як быць з асуджэннем «рабункаў», якое прыкметна ў першых радках верша?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: