Акудовіч Валянцін
Шрифт:
Стаміўшыся ад сваркі, мы прычыпіліся да Яўхіма.
– - Халера яго, хлопцы, ведае!? Што ні кажы, да гною мы з маленства звыклыя, а як яно ў іншым месцы будзе – не паспытаўшы не скажаш.
Быццам і слушна разважыў сусед. Толькі няма ў мяне да Яўхіма даверу. Яго і за гаспадара ніхто ніколі не лічыў. Сноўдаўся ўсё жыццё па вёсцы, абы дзень да вечара. А як ухопіцца за якую кніжку, дык і скаціну не дагледзіць. Можа ён з кніжак і навыдумляў усё тое, што тут нам чоўп. Бо хто ж цябе пусціць у пекле швэндацца, быццам гэта кірмаш. Пэўна, і вокам міргануць не паспеў, як далі яму такога выспятка, што куляй назад вярнуўся…
Ат, чаго там шмат казаць, калі нават на той свет чалавек не справіўся ў свой тэрмін патрапіць.
Мы сеялі жыта, гадавалі дзяцей, слухаліся Бога і нам было добра.
Але неяк прывалокся да нас адзін разумнік і кажа:
– - Знайшлі каго слухацца!
– - Хіба ёсць хто разумнейшы за Бога?—здзівіліся мы навіне.
– - Я,-- кажа,-- разумнейшы.
Ну, нам дык што… Нам абы было каго слухацца. Пахавалі мы абразы ў куфэркі і пацягнуліся за разумнікам да пушчы. Прывалаклі адтуль кожны па бярвяну і пытаемся:
– - Куды скідваць?
– - Трымайце на плячах,-- адказвае.-- Цяпер мы з бярвеннямі і есці будзем, і спаць.
– - А ці не занадта? – пацікавіліся мы.
– - Не занадта,-- запэўніў ён.--Інакш яснай будучыні нам ніколі не дачакацца.
Ну што тут паробіш, калі чалавек усё наперад ведае… Занядбалі мы гаспадарку і як тыя буслы шпацыруем з бярвеннямі ад рання да ночы. Усё будучыню выглядваем.
Праўда, часам хто абурыцца:
– - На халеру яна нам здалася? Неяк раней без яе абыходзіліся – і нічога.
– - А дзе дзецям жыць, калі будучыні не дачакаемся?—дзівіцца
тады з нашай дурноты разумнік…
* * *
Год мяняўся годам, ужо бярвенні павысыхалі і зрабіліся лёгкімі, што тыя трэскі, як прывалокся да нас яшчэ адзін разумнік. Між іншым, таксама не з маўклівых.
– - Ну, добра,-- кажа,-- адорыце вы дзетак будучыняй, а самім куды падзецца, калі Бог да сябе не прыбярэ?
– - Дык што, нам зноў адчыняць куфэркі?--пытаемся.
– - І абразы на покуць вешаць,-- падказвае.
– - А ці не занадта?
– - Інакш гора вам не абрацца.
Усяму свету вядома, што нават авечкі нам у паслухмянстве саступаюць. Але гэтым разам мы запярэчылі:
– - Няма разліку цябе слухаць. Бога і поп на свае вочы не бачыў. А тут ўсяго мо некалькі крокаў засталося…
І пайшлі ад яго -- далей ясную будычыню выглядваць.
Не, у нашым балоце чэрці не водзяцца, хаця ў нас як нідзе ціха. Мы нават казкі пра чарцей ды іншых нячысцікаў забаранілі. Навошта нам ведаць пра ўсялякае страхоцце. Хіба з гэтага да лепшага будзе?..
Ніхто яшчэ не прыдумаў нічога лепшага, як прыстаць цёплым адвячоркам да мяккай купіны і заспяваць лагодную песню. І хай там нехта кажа пра нашае балота: балота! Недабразычліўцы ніколі не звядуцца ў тых, хто ведае смак шчасця. А ў нас яго ведае кожны і нават штодня. І мы ні ад каго не хаваем сакрэт, як зрабіцца шчаслівым. Трэба і вам па зямлі хадзіць гэтак, быццам пад нагамі багна. І як мы лішне не вылузвацца, бо ў нас калі хто занадта выбрыкне, дык умомант пагразне ў твані па самыя вушы, і ўсе з яго смяюцца. А яшчэ добра было б вам замест дарог нарабіць купін і скакаць з адной на другую. Па дарозе, зразумела, хутчэй трапіш туды, куды патрэбна. Толькі хто ведае, куды яму патрэбна? Вы хіба ведаеце? А калі скакаць, як мы, дык чаго б там хто не выдумляў сабе, а няма ў яго іншага шляху, як з гэтай купіны на бліжэйшую. І нават калі з’явіцца ў каго недарэчнае жаданне трапіць вунь на тую выспу, то як пачне ён скакаць, дык нагэтулькі заблытаецца, што хутка ўвогуле не будзе ведаць, дзе цяпер апынуўся і чаго хацеў, плануючы дарогу. А сапраўды, навошта яму тая выспа? Можа там абаранкі з макам задарма даюць?.. Ага, дагоняць і яшчэ раз дадуць!
Гэта адно дурні лічыць, быццам там лепей, дзе іх няма. А мы не дурні і добра ведаем, што нічога лепшага за нашае балота ніхто яшчэ не прыдумаў. І калі гнявім Бога, дык адно за тое, што Ён неба зрабіў лішне вялікім. Каб яно паменела, дык буслам не ставала б дзе крыламі махаць. От жа шкоднае стварэнне!
Кожную вясну мы спадзяемся, што можа ўжо на гэты раз буслы з выраю не вернуцца. Толькі яны ўсё вяртаюцца!
Хіба папрасіць Бога, каб неба трохі абскуб? Усё роўна яно пустое…
Гэта было даўно, яшчэ за каралём. На выгане за нашай вёскай вячыўся дуб і ў ягоным дупле жыў зусім голы і невядома адкуль прыблуда.
Каралі, як вядома, любяць паляванне, а ў нас ад выгана адразу пачыналася пушча. Ну дык вось…
Едзе неяк кароль на паляванне і ля дуба бачыць прыблуду.
– - Як табе не сорамна,-- абураецца кароль.
– - А табе?—пытаецца прыблуда.
– - Чаго мне саромецца?—дзівіцца кароль.—На мне і нагавіцы, і ўсё астатняе, што чалавеку мець належыць.