Вход/Регистрация
Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Вялікімі святамі мы ішлі да каменя і маліліся там, а ў нядобрыя дні спяшылі да яго вастрыць косы і сякеры. Мы не ведалі, што ён думаў пра нас, але побач з ягонай трывушчай і нам было лягчэй адольваць жыццё.

Потым мы вярталіся да хаты, а ён заставаўся. І тады да яго туліліся буры ды завеі. А ціхімі зорнымі начамі побач збіраліся вякі і стагоддзі. Яны прыходзілі сюды з усімі зданямі і прывідамі былога. Тады ля каменя было не пратаўчыся…

Аднойчы падвячоркам тут запыніўся чалавек з далёкай стараны і пасля ўжо не схацеў вяртацца дадому. Ён збудаваў кузню ускрай вёскі і з тае пары мы мелі цвярдзейшыя за крэмень сярпы ды падковы.

– - Добры ў нас каваль,-- хвалілі мы.-- Толькі і ён не можа зрабіць жалеза мяккім.

– - Навошта вам мяккае жалеза?
– - дзівіўся каваль…

Не хутка, не адразу, аднак вырабіў ён кавалак жалеза, мякчэйшага за воск.

– - А цяпер выкуй з яго долата,-- прыдумалі мы.--І каб было вострае, як джала.

Каваль абурыўся з нашых вымудраў, але ён быў не абы якім майстрам. І аднойчы ў нядзелю мы сабраліся усім народам і рушылі да каменя. Каваль вынуў з кайстры долата і я мяккім жалеззем вылашчыў на камені два словы:

Уладзімір Караткевіч.

Тут ізноў наляцелі авадні, толькі джалы ў іх ужо былі даўно паабламаныя. .

Далей нам заставалася адно дачакацца, калі вызваліцца вецер і аслоніць аблокамі шалёнае сонца.

Каб у пару забуяла бульба

Былі мы і быў ён. Мы ведалі чаго хацелі, а ён хацеў проста жыць. Садзіць бульбу і слухаць цёплым адвячоркам, як у ліпах гудуць хрушчы…

Але не мы першыя прыдумалі, што ніхто не мусіць заставацца сам-насам. Да таго ж нас было многа, а ён быў адзін. І мы паабрывалі хрушчам крылы.

Зараз ён прыйдзе і стане слухаць наш рэй.

Ён, як мела быць, засумаваў, толькі зноў не пайшоў да нас. Цяпер ён слухаў свой сум і мы не ведалі, што нам рабіць далей?

Так, нас было шмат і мы былі разумныя, а ён быў адзін і дурны, як варона, але ўпотайкі кожны з нас здагадваўся, што ўсе мы разам толькі рэха ягонага суму.

– - Трэба пайсці да яго і запытацца, што яму ад нас патрэбна?—аднойчы сказаў нехта.

І мы пайшлі і запыталіся, а ён адказаў:

– - Каб у пару забуяла бульба.

– - Хіба ад нас залежыць, у які час радзіць бульбе?

– - Тады навошта вы?

– - Каб нас было шмат.

– - Дзён таксама шмат, але што з таго?

– - З дзён і людзей складаецца жыццё. Хіба та гэтага не ведаў?

– - Я ведаю адно. Зранку трэба ісці на поле, а вечарам да хаты, дзе ў ліпах гудзе сум.

І мы не знайшліся, як тут яшчэ запярэчыць чалавеку, у якога

ёсць свой сум і непазбыўны клопат, каб у пару забуяла бульба.

Першае каханне

Мы і жагнуцца не паспелі, а Богусь ужо сядзеў на чырвоным даху касцёла. Аднак гэтага яму падалося мала і ён усцягнуўся на самы крыж.

Першы анёл, які вяртаўся (мяркуючы па стомленых рухах) аднекуль здалёк, толькі прабуркатаў незадаволена: “Што, іншага месца не знайшлося?”, а другі, яшчэ зусім маладзенькі, аж аслупянеў, убачыўшы Богуся. Анёлак стаяў слупам у паветры і лыпаў вачыма.

– - Гэй, ты, лупавокі, -- закамандаваў Богусь,-- злётай ў вёску па Маню.

Маня хутка прыбегла і, нічога не пытаючыся, засакатала, як сячкарня:

– - Дурны ты, Богусь! Каб меней піў гарэлкі, а болей чытаў кніжак, дык ведаў бы, што першае каханне існуе не дзеля таго, каб закаханыя бралі шлюб, а каб потым усё жыццё з замілаваннем успамінаць тыя шчаслівыя хвіліны…

– - Хай сабе,-- толькі й адказаў Богусь.

– - Ну, калі ты гэткі дурны, дык і сядзі сабе тут, як варона,-- раззлавалася Маня і пашыбавала да хаты, адкуль хутка з’ехала вучыцца ў горад. Але замуж яна так ніколі і не выйшла, бо ў яе, як потым выявілася, былі надта валасатыя ногі, а на той час якраз прыспела мода на голыя лыткі. Калі тая мода скончылася, Маня была ўжо старой дзеўкай і ёй больш нічога не заставалася, як усё жыццё з замілаваннем успамінаць сваё першае каханне. А Богусь дасюль не злез з даху. Тырчыць там ці як укрыжаваны, ці як варона і мы ўсе (і анёлы, і людзі) даўно ўжо з гэтым звыкліся. Бо калі тое было – мода на голыя лыткі.

Джамалунгма

А цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. Вось каб я быў Джамалунгмай,-- разважаў гэты чалавек,-- дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы.

Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы чаго плявузгаць не будуць…

Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: